Беларусь

Вялікдзень


Светлае свята Вялікадня прыходзіць да нас вясной, калі абуджаецца прырода, вяртаецца да жыцця ўсё тое, што заснула з восені…
Напярэдадні гэтага свята мне чамусьці заўсёды ўспамінаецца адзін эпізод з дзяцінства: раніцай, калі ўсе мы яшчэ даглядаем апошнія сны, у пакой уваходзіць маці. Яна толькі што прыйшла з царквы. Уся светлая і радасная, гаворыць: “Хрыстос уваскрэс!”, і мы расплюшчваем вочы. Устаём і пачынаем апранацца. Абавязкова – у святочную вопратку.
Пасля ўсёй сям’ёй сядаем за стол. Перад пачаткам велікоднай трапезы маці дае ўсім па кавалачку асвячонай пасхі. Пасля спрабуем асвячонае яйка. Свята наступіла. Якім радасным яно было для нас, дзяцей! Мы выходзілі на вуліцу. І надвор’е, звычайна выдавалася цёплае, сонечнае. Кожны з нас мог пахваліцца абноўкамі, якія былі куплены бацькамі з нагоды свята.
І ў хаце ўсё было прыгожа прыбрана. Ложкі засланы новымі коўдрамі, на стале – прыгожы абрус, на абразках – выпрасаваныя, ручной работы, ручнікі. А яшчэ – мноства нафарбаваных яек. Чырвоныя, зялёныя, сінія, ружовыя – яны ляжалі ў вялікай місцы на самым відным месцы. К вечару іх станавілася напалавіну менш. Частку бацькі адносілі сваім хрэснікам у якасці валачобнаў, а нам прыносілі нашы хросныя. Свята працягвалася тры дні. Але ў панядзелак ужо неабходна было ісці ў школу. Гэта засмучала…
Светлае свята Вялікадня заўтра зноў прыйдзе ў кожны дом. Як і ў былыя гады, праваслаўныя (сёлета ў адзін дзень з католікамі) адзначаць яго. На сталах абавязкова будзе асвячоная пасха, пафарбаваныя яйкі – усё, як у дзяцінстве…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля