Беларусь

Берасцейшчына: ад суботы да суботы


Брэст
Што актуальна для нефролагаў?
У суботу ў авальнай зале гарвыканкама адбыўся IV Рэспубліканскі  семінар “Актуальныя пытанні нефралогіі і ныркава-замяшчальнай тэрапіі”, у якім, акрамя беларускіх медыкаў, прынялі ўдзел госці з Літвы, Бельгіі, Расіі, Велікабрытаніі. Сярод шэрага праблем сучаснай нефралогіі прысутныя таксама абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў межах міжнароднага праекта “Брэст-Каўнас-Гент”.

Брэсцкі раён
Развівацца творча і інтэлектуальна
У перадапошні дзень сакавіка на базе сярэдняй агульнаадукацыйнай школы в. Тэльмы-1 прайшла штогадовая раённая навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў “Адкрыццё”. У ёй удзельнічалі больш за 60 вучняў, у тым ліку 12 – з пачатковых класаў. Пераможцы прымуць удзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “З навукай у будучае”, якая адбудзецца ў красавіку.

Баранавічы
Шахматы “international”
У райцэнтры праведзены адкрыты гарадскі шахматны турнір “Усе мы – адна сям’я!”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з Баранавіч, Мінска, Мыцішчаў (Расія), Гдыні і Сарнакі (Польшча). Абсалютным пераможцам стаў расійскі сямейны дуэт Вахламавых – бацька і сын перамаглі ва ўсіх партыях. У бліц-турніры шахматыстаў сярод дарослых лепшым прызнаны Сяргей Свянтыцкі (г.Баранавічы). Першае месца сярод юнакоў заняў Ігар Вахламаў (Расія), сярод дзяўчат мацнейшая – Вераніка Кузмук (г.Баранавічы).

Баранавіцкі раён
Назаўсёды ў памяці
У 61-ю знішчальную авіябазу днямі прыйшло паведамленне з Польшчы. Кіраўніцтва горада Радам паабяцала ўзвесці помнік загінуўшым лётчыкам Аляксандру Марфіцкаму і Аляксандру Жураўлевічу. Манумент ужо зроблены і будзе ўсталяваны ў сярэдзіне красавіка. А ў мясцовым гарнізонным храме адкрыта мемарыяльная дошка з прозвішчамі герояў.

Бяроза
Экзамен на прафесіяналізм
У Кабакоўскай СШ адбыўся цікавы эксперымент – месячнік педагагічнага майстэрства. Настаўнікі адмовіліся ад звычных і сумных форм працы, а дзеці падхапілі неардынарную ідэю. Дакладныя і гуманітарныя навукі, а таксама творчыя дысцыпліны яны вывучалі ў гульнявой форме, самі прапаноўвалі тэмы ўрокаў, а складаныя заданні выконвалі калектыўна.

Ганцавічы
“Мяняю цыгарэту на цукерку!”
Так называлася валанцёрская піянерская акцыя, якая прайшла 1 красавіка на вуліцах райцэнтра. 30 хлопчыкаў і дзяўчынак у чырвоных куртках, з яркімі шарамі ў руках спынялі ганцаўчан-курцоў і пераканаўча прапаноўвалі абмяняць цыгарэты на ледзянцы. Як расказала Лілія Кнурэнка, старшыня раённага Савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, назад дзеці вярнуліся з пакетамі, поўнымі цыгарэт. А ўчора яны выступілі ў райбальніцы з канцэртнай гульнявой праграмай. 5 красавіка правядуць яшчэ адну акцыю – “Маладыя супраць алкаголю, наркотыкаў і курэння”.

Драгічын
Дыялог з прадпрымальнікамі
У аўторак старшыня райвыканкама Васіль Хвацік сустрэўся ў гарадскім Доме культуры з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнэсу. Былі абмеркаваны пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, добраўпарадкавання населеных пунктаў, развіцця прадпрымальніцтва. Кіраўнік раёна пацікавіўся праблемамі бізнэсменаў, якіх на Драгічыншчыне больш за паўтысячы, адказаў на іх пытанні. У фае ДК была арганізавана выстава прадукцыі прадпрыемстваў вобласці.

Жабінка
Будзе помнік землякам
Распачаліся работы па ўзвядзенні ў вёсцы Азяты помніка землякам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта будзе насыпны курган з манументальнай стэлай-званіцай. Аўтар праекта – галоўны архітэктар раёна Сцяпан Кандрацюк. Генпадрадчык – аграпрадпрыемства «Азяты». Помнік плануецца адкрыць напярэдадні 65-й гадавіны Вялікай Перамогі.

Іванава
Спартыўныя сельсаветы
Больш за 150 чалавек з 15 сельсаветаў сталі ўдзельнікамі спартакіяды, якая прайшла на базе ДЮСШ г.Іванава напрыканцы сакавіка. У спаборніцтвах па 6 відах спорту выяўлены лепшыя: Адрыжынскі (1 месца), Рудскі (2 месца), Сачыўкаўскі сельсаветы (3 месца). Пераможцы ў асабістым і камандным заліках узнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі.

Камянец
Ушанаваць памяць загінуўшых
Напрыканцы мінулага тыдня па Камянеччыне прайшоў II Усебеларускі хрэсны ход “Царква і Армія”. Сваё шэсце ён пачаў ад Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора Брэсцкай крэпасці і пройдзе па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Удзельнікі хрэснага ходу наведалі брацкія магілы ў Камянцы і ў Прускаўскім лесе, дзе айцец Сергій правёў памінальныя службы. У спецыяльна вырабленую капсулу з магіл была ўзята зямля, пасля чаго хрэсны ход прадоўжыў свой шлях.

Кобрын
Падарыць дзецям радасць
Дабрачынная акцыя «Падары дзецям радасць Вялікадня» праходзіць у гэтыя дні ў горадзе. Дзеці з 60 шматдзетных і няпоўных сем’яў атрымаюць падарункі і прысмакі. Арганізатарамі акцыі сталі Свята-Аляксандра-Неўскі праваслаўны сабор і Кобрынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 6 красавіка ў Цэнтры адбудзецца сацыяльная акцыя «Добры кулічык да Вялікадня», у межах якой маладыя інваліды падрыхтуюць сувеніры для пажылых людзей, а ўдзельнікі клуба «Залаты ўзрост» прыгатуюць кулічы і пасхі.

Лунінец
“Моладзь – за садружнасць”
Такую назву мела канцэртная праграма, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Мерапрыемства, падрыхтаванае актывістамі райкама БРСМ, адбылося ў чацвер у сельскім Доме культуры вёскі Велута.

Ляхавічы
Дастойнае папаўненне “Белай Русі”
1 красавіка адбылася раённая навукова-практычная канферэнцыя “Беларусь, якую мы будуем”. Яе арганізатары – члены грамадскай арганізацыі “Белая Русь” – абмеркавалі прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, ролю грамадскіх аб’яднанняў у палітычнай сістэме краіны. Акрамя гэтага, прынялі ў свае рады яшчэ 8 чалавек, сярод іх – Дзмітрый Лобан, бронзавы прызёр паралімпійскіх гульняў у Ванкуверы. Ушаноўваючы земляка, кіраўнік раёна Дзмітрый Бурдук падарыў яму пральную машыну-аўтамат. Не хавала свайго гонару і былы класны кіраўнік паралімпійца – Людміла Салагуб з Мядзведзіцкай СШ.

Маларыта
Сяўба набірае размах
Прыступіўшы ў ліку першых у вобласці да веснавой пасяўной, земляробы Маларытчыны з кожным днём нарошчваюць тэмпы палявых работ. Па стане на ўчарашні дзень раннія каласавыя ва ўсіх гаспадарках пасеяны на плошчы 2500 гектараў з 6882 запланаваных. Лідзіруюць на сяўбе збожжавых ПУП “Савушкіна” і СВК “Рыта”. Усяго працаўнікам раёна ў сціслыя тэрміны неабходна засеяць 14239 гектараў яравога кліна і перасеяць паўтары тысячы гектараў загінуўшых азімых. Адначасова з сяўбой механізатары вядуць падкормку азімых збожжавых і рапсу, шматгадовых траў, уносяць арганіку.

Пінск
“Свеціць” да 15 год…
Супрацоўнікі аддзялення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі гарадскога аддзела ўнутраных спраў правялі спецаперацыю па спыненні дзейнасці канала пастаўкі ў горад з Расійскай Федэрацыі небяспечнага псіхатропнага рэчыва – амфітаміну. Адначасова па сямі адрасах праведзены вобыскі. Затрыманы тры ўдзельнікі злачыннай групы, якія займаліся рэалізацыяй наркотыка. Ім пагражае да 15 год пазбаўлення волі.

Пінскі раён
Прыклад сапраўдных мужчын
Аддзел адукацыі правёў чарговае пасяджэнне клуба “Згода”, у які ўваходзяць падлеткі групы рызыкі і іх бацькі. На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі Пінскага казацкага гарнізона і клуба ваенных маракоў. Размова сапраўдных мужчын з падлеткамі, на думку арганізатараў сустрэчы, дапаможа цяжкім падлеткам пераасэнсаваць адносіны да свайго лёсу. Мерапрыемства закончылася канцэртам, які падрыхтавалі вучні Купяціцкай і Чухаўскай СШ, выхаванцы гуртка “Авацыя” і танцавальнага калектыву “Сланечнікі” раённага цэнтра пазашкольнай работы.

Пружаны
Лядовыя баталіі прадаўжаюцца
Сезон у юных хакеістаў у поўным разгары. На лядовай арэне ў мінулую нядзелю закончыўся Міжнародны дзіцячы турнір па хакеі “Белавежская пушча-2010”, у якім перамаглі юныя расійскія хакеісты з горада Дзімітраў. А сёння на пружанскай пляцоўцы – фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі “Каласок” сярод дзяцей і падлеткаў аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў, які з 31 сакавіка праходзіць у райцэнтры. Нашу вобласць прадстаўляе каманда ААТ “Жураўлінае” Пружанскага раёна.

Столін
Тэктанічныя рытмы
У выхадныя ў гарадскім Доме культуры прайшоў першы тур конкурсу танца “Тэктонік”. У аглядзе прынялі ўдзел маладыя людзі, якія захапляюцца сучаснай харэаграфіяй. Самыя мацнейшыя працягнуць спаборнічаць у фінале.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля