Выбраны лепшыя спецыялісты булачнай вытворчасці

Выбраны лепшыя спецыялісты булачнай вытворчасці

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

15 хлебапёкаў прынялі ўдзел у абласной школе перадавога вопыту і конкурсе прафесійнага майстэрства сярод спецыялістаў булачнай вытворчасці прадпрыемстваў РУВП “Брэстхлебпрам”.
Рыхтуючыся да надыходзячага Вялікадня, пекары, кандытары, глазуроўшчыкі, майстры прадэманстравалі новыя распрацоўкі смачнай прадукцыі ў Брэсце. Паспрачацца за званне лепшых і абмяняцца вопытам з калегамі ў абласны цэнтр прыехалі 15 хлебапёкаў з 8 прадпрыемстваў РУВП “Брэстхлебпрам”. Пераможцы заводскіх конкурсаў цудоўна падрыхтаваліся да фіналу. Быццам мастакі на пленэры, жанчыны чаравалі над сваімі шэдэўрамі. А інакш вырабы з цеста, упрыгожаныя складанымі ўзорамі і рознакаляровымі фарбамі глазуры, не назавеш.
– Абласная школа прафмайстэрства – рэпетыцыя перад традыцыйным рэспубліканскім конкурсам, – расказаў генеральны дырэктар РУВП “Брэстхлебпрам” Леанід Брыч. – Асноўная задача такіх мерапрыемстваў – даць магчымасць хлебапёкам расказаць пра свае навінкі і пазнаёміцца з працай калег. Набліжаецца любімае беларусамі свята – Вялікдзень, і ўжо цяпер хлебазаводы пачалі актыўную падрыхтоўку. На магазінных паліцах хутка з’явяцца новыя віды прадукцыі, але, вядома ж, ідэй мала не бывае. Для таго, каб абнавіць і дапоўніць асартымент, і праводзім такое мерапрыемства.
Карпатліва і з душой удзельніцы конкурсу стваралі дзіўнай прыгажосці прысмакі. Усе яны былі прысвечаны тэме Вялікадня і любові да роднага краю. Царква, беларускі герб, бусел і зубр – фантазія хлебных майстроў не ведала межаў. Не адну гадзіну жанчыны правялі ў цэху, даводзячы да ладу дамашнія загатоўкі. Канкурсанткі вельмі хваляваліся, у некага не атрымалася ажыццявіць задуманае, але ўсе работы прыемна парадавалі вока і падражнілі смакавыя рэцэптары прысутных. Строгае журы прыдзірліва ацэньвала рэцэптуру, знешні выгляд, ажыццяўленне ідэі конкурсу і нават арыгінальнасць упакоўкі.
Асаблівую ўвагу выклікалі назвы ласункаў. Какетліва прэзентавалі булачкі “Ладушка” і “Шакаладушка”. Нікога не пакінуў абыякавым спакуслівы водар кекса “Красавічок”. А пірагі “Фрукцішка” і “Велікодны” бралі ў палон прыгожым афармленнем. Зыходзячы з тэматычнай накіраванасці конкурсу, члены журы шмат увагі ўдзялялі кулічам. Сёлета хлебапёкі зрабілі акцэнт на смак, а не на афармленне. Сапраўды, водар, які панаваў у зале, быццам вяртаў у дзяцінства, калі мама пякла дамашнія святочныя кулічы.
Сярод конкурсных работ адразу ж выдзялілася баранавіцкая “Царква”.   І атрымалася гэта настолькі неардынарна, што журы аднагалосна прысудзіла ёй Гран-пры конкурсу. Першае месца заняла Святлана Саковіч з Брэста. Другое і трэцяе – Таццяна Калюта з Баранавіч і Іна Качалоўская з Брэста.
Пераможцы атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі, а ўсе ўдзельнікі – лісты падзякі і задавальненне ад таго, што іх кулінарныя работы дораць людзям радасць не толькі смакавымі якасцямі, але і знешнім выглядам. Прысутныя ж, у ліку якіх была і аўтар публікацыі, змаглі першымі паспрабаваць ласункі, якія толькі чакаюць магчымасці трапіць у продаж. Забыўшы пра дыеты і абмежаванні, з задавальненнем паспрабавала здобныя вырабы. Смачна! Кандытар Вераніка Абдулаева стварыла салодкую копію храма.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Хутка пачнецца веснавы рух соку

Следующая запись

Стартаваў рэспубліканскі маладзёжны марафон