Выйшла з друку кніга Лявона Валасюка “Знакі на валуне”
У ёй найбольш выразна і паслядоўна прасочваецца аўтарам тэма дзяцінства. У некаторай ступені ён працягвае з чытачом гутарку, якую пачаў у нядаўняй кнізе прозы “Сцежкі да сялібы”, але ў цяперашнім верлібры – на тое яна і паэзія! – больш заглыбленыя, роздумныя творы. Гэта можна заўважыць ужо ў вершы “Раўнавага”, якім адкрываецца зборнік. Хто з равеснікаў аўтара не катаўся ў дзяцінстве на крыгах, упіраючыся ў мёрзлае дно сукаватым дручком! А якая рызыка па крыгах дабрацца да берага, бо, калі не пашанцуе, не ўтрымаеш раўнавагу, – можаш і па пояс сабарснуць. І чакай тады, пакуль валёнкі ды нагавіцы высахнуць, а яшчэ ж і прачуханца ад маці атрымаеш. Менавіта раўнавага, сцвярджае аўтар “Дзірвана”, ад самага маленства трымае нас на жыццёвым шляху.
Новыя вершы (яны сабраны ў асобны раздзел “А да вясны так далёка…”) – гэта ў значнай меры і новыя па форме творы. “Старэйшы брат”, “Дзед”, “Хвядора”, “Народзіны”… Напэўна, так і трэба гаварыць пра родных людзей: разважліва, няспешна ўбіраючы паветра, каб на выдыху яшчэ і яшчэ раз прызнацца ім у пашане і любові. Таму і верлібр – разбіты на асобныя строфы своеасаблівым “філасафічным” падрахункам верш.
Ды толькі ўжо ніколі
Я не стану такім,
Якім быў старэйшы брат:
У мяне не было і не будзе
Малодшага брата.
Быць “даўно старэйшым за старэйшага брата” – вялікая адказнасць перад яго памяццю і перад памяццю бацькоў. Трэба сказаць, што і “кароткія” вершы Лявона Валасюка нясуць важкі падтэкст.
У яблыні адной
Дзве душы:
Да роднай
Прышчэплена суседская.
Дзве душы ў яблыні… Як ужываюцца? Ніколі раней не задумваўся над гэтым. А яны ж, яблыні, кажуць знаўцы, абавязкова павінны быць прышчэпленыя.
Як і папярэднія, зборнік “Знакі на валуне” атрымаўся “колерным”. Тут уладараць колер-успамін, колер-настрой, колер-пачуццё…
Ад палітры старой
Каляровыя пахі.
Зранку дзіўныя птахі
Заляцелі ў пакой.
“Дзіўным птахам” добра ў суседстве з “яблыкам, мытым у дажджы”, які раніцай прынесла любая жанчына. Каляровыя пахі палітры, водар – напэўна, таксама каляровы – крамянага яблыка… А ўсё разам – “святочны”, запамінальны верш пра светлае пачуццё кахання.
Урэшце, нельга сказаць, што колераў у Валасюка-паэта зашмат. У іншага немастака “блакіту”, “барваў” ды “золата” куды болей. Аднак прафесійна спалучыць фарбы не толькі на палатне, але і ў вершы здольны, у першую чаргу, паэт-мастак. Заўважым, што асноўных колераў усяго некалькі: белы, жоўты, у меншай ступені чорны і зялёны – колеры снегу, сонца, раллі і травы. Белы – у першую чаргу. Ён супакойвае, настройвае на роздум, прыцягвае, як некрануты ліст добрай паперы: “белы-белы, асляпляльна белы ранішні снег”, ”белае наваколле кліча да сябе”, “немагчымая цішыня белага снегу на могілках”, “белы вулей чаромхі”, “вітаюць белізной снягоў рамонкі”, спыняе ўвагу льняная фіранка на акне, якая “адхілена белай хмаркай”…
У добрым суладдзі з гэтай чысцінёй – колер сонца: “жоўтыя кветкі маленства”, “жоўтыя мары вясны”, “жоўта-залатая восеньская паляна”, “маленькія жоўтыя сонейкі лотаці”… І нават кошка на стале – жоўта-рыжае сонца.
Але не ўсё так святочна на белым свеце: “чорныя гусі ляцяць і ляцяць над намі ў вырай” – гэта пра чарнобыльскую бяду. Схіляюць да суперажывання “чорныя” радкі верша, прысвечанага памяці сябра. Чытаю пра тое, як “цячэ ручэй змярцвелае вады” – і робіцца вусцішна: затхлае, нежывое рухаецца.
З кожным чарговым зборнікам набывае вагу паэтычная метафара Леаніда Валасюка, усё больш звяртае на сябе ўвагу незацёртае параўнанне.
Праляцела лета –
Бліскавічны стрыж.
Ціха легла восень
Ручніком на крыж.
Часам намаляваць запамінальны вобраз дапамагае Лявону гукапіс. “Аббіты абцасам бацькоўскі парог” – і чуецца, як у сенцах нехта абівае снег, перш чым прынесці з сабой у хату пах марознага паветра. Ці вось яшчэ – скрыгат па даху пакарабачанага мокрага ліста бляхі ў абязлюдзелай вёсцы: “Вада // Іржавая ліецца, //Трава // Іржавая дрыжыць…”
Удалай бачыцца назва зборніка – “Знакі на валуне”. Замшэлы валун, плячо волата – адзін з тых вобразаў, да якіх аўтар звяртаецца найбольш часта. Шэра-сіні камень – вартаўнік поля, жыта, суразмоўца калосся, якое да яго нахілілася (верш “Калоссе”). Яго, “цярплівага і летуценнага”, і ў той жа час крылатага – “Сярод дамоў // Цень ходзіць, маўчыць… // Сярод лістоты // Камень // Крылом тырчыць…” – добра згадаць у самоце, калі за акном нудлівы вецер ды непагадзь.
Жадаю новай кнізе Лявона Валасюка ўдумлівых і ўдзячных чытачоў.
Мікола СЯНКЕВІЧ,
старшы выкладчык БрДУ імя А.С.Пушкіна, пісьменнік
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.