За тыдзень у вобласці зарэгістравана 5 няшчасных выпадкаў гібелі людзей на вадзе
Спякота. Людзі шукаюць паратунку ад гарачыні каля вады. На жаль, далёка не заўсёды паход на рэчку заканчваецца добра.
На мінулым тыдні ў Столінскім раёне не вярнуўся з рыбалкі на возеры Гусліва каля вёскі Хорск 52-гадовы працаўнік СВК “Прыгарынскі”, а ў Камянецкім пасля падзення патануў у Лясной паблізу вёскі Чарнакі 63-гадовы мясцовы жыхар. На сажалцы на вул. Лісовіча ў Лунінцы трагічна загінуў 63-гадовы пенсіянер. На Століншчыне 14 чэрвеня ў небяспечным для купання возеры паблізу вёскі Варані, дзе ёсць вялікія перапады глыбіні, загінуў 12-гадовы падлетак. У Пінскім раёне ў непрыдатным для купання месцы на рацэ Піна загінуў 54-гадовы жыхар Пінска, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
У зонах дзеяння выратавальных станцый і пастоў абласнога савета Таварыства выратавання на вадзе за мінулы тыдзень выратавана 5 чалавек, з іх двое – непаўнагадовых.
Вада забірае і дарослых, і дзяцей. Абласны савет ТВВАД нагадвае: захоўвайце асцярожнасць каля вады! Памятайце, што нават невялікая колькасць спіртнога можа прывесці да бяды! Беражыце жыццё дзяцей!
Рамуальд САДОЎСКІ,
старшыня абласнога савета ТВВАД.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.