Навічкам давяраюць

Навічкам давяраюць

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Брэсцкае РУП “Фармацыя” сёлета прыняло 30 маладых спецыялістаў
Што і казаць, да маладых спецыялістаў найчасцей ставяцца насцярожана. Маўляў, сядзець у аўдыторыі і слухаць лекцыі – гэта адно, а практычная работа – справа зусім іншая. Але ёсць арганізацыі, дзе навічкам давяраюць, узяўшы на працу – падтрымліваюць, каб яны паверылі ў сябе.
У гэтым годзе Брэсцкае РУП “Фармацыя” прыняло на працу 30 маладых спецыялістаў, з іх – 14 правізараў, якія скончылі Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, а 16 фармацэўтаў навучаліся ў Магілёўскім медыцынскім каледжы. Усе яны на сённяшні дзень працуюць у аптэках вобласці.
У Маларыцкі раён прыйшлі адразу пяць маладых спецыялістаў. Юлія Дораш, Кацярына Юкімовіч, Вераніка Стрыбулевіч і маладая сямейная пара Уладзімір і Марына Чукавы паспелі ўжо асвоіцца на новым месцы. Першыя крокі часам даюцца нялёгка, але ў Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэцы № 14 паклапаціліся, каб маладыя кадры адчувалі сябе камфортна.
Загадчыца ЦРА Наталля Ганчарэнка расказала:
– Маладым спецыялістам мы заўсёды рады, таму што маладыя – гэта наша будучыня, наша заўтра. Усім ім па прыбыцці далі інтэрнат, выплацілі матэрыяльную дапамогу. Мы любім працаваць з маладымі, бо з імі вельмі цікава, ад іх нібы набіраешся новых сіл, пазітыўных эмоцый. Калегі адзначаюць, што папаўненне добра і сур’ёзна падрыхтаванае. Новыя кадры могуць упэўнена працаваць і даваць карысныя парады лю-дзям, якія да іх звяртаюцца.
А як ацэньвае свае першыя крокі моладзь? Марына Чукава ахвотна падзялілася ўражаннямі ад першага месца працы:
– Я сама тутэйшая, і калі прапанавалі пасля ўніверсітэта работу ў Маларыце, згадзілася. Многім хочацца быць бліжэй да родных мясцін, але не ўсім такі шанс на размеркаванні выпадае. Муж таксама са мной пагадзіўся – і вось працуем разам. Шчыра кажучы, не думалі, што нас так зычліва прымуць. Працаваць падабаецца. Як і ў кожнай прафесіі, у фармацэўтаў ёсць свае цяжкасці, але калі ты любіш сваю справу, дык яны зусім не палохаюць. У нас добры калектыў, прыемныя наведвальнікі і не так даўно быў зроблены рамонт. Чаму ж не працаваць?!
Пагутарыўшы з наведвальнікамі цэнтральнай раённай аптэкі, упэўнілася: людзям падабаецца, што абслугоўваюць іх маладыя спецыялісты, кваліфікацыі якіх яны давяраюць.
Згадзіцеся, спецыялістам, якія пачынаюць сваю працоўную дзейнасць, патрэбна падтрымка, каб не губляць сілу духу і веру ў сябе. А гэта – самае галоўнае для паспяховай працы.
Анастасія МАКСІМУК,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ,
г. Маларыта.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Аперацыя «БОМЖ»

Следующая запись

Ордэн для маці