Беларусь

  • Главная
  • Рэха падзеі
  • Генадзь МАСЬКО, старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў: “Любоў да горада – гэта рэальныя справы…”

Генадзь МАСЬКО, старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў: “Любоў да горада – гэта рэальныя справы…”


Заўтра ў горадзе над Бугам свята. Жыхары і госці абласнога цэнтра з нагоды 68-й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ускладуць кветкі да помніка “Вызваленне” на плошчы Свабоды і да Вечнага агню ў крэпасці, канцэртамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі і масавымі гуляннямі ўрачыста адзначаць Дзень горада. Старажытнага па ўзросце (праз 7 гадоў яму споўніцца 1000 год) і маладога па духу. З багатай гісторыяй, сучаснымі забудовамі, зялёнага і сонечнага. Напярэдадні свята старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Генадзь МАСЬКО адказаў на пытанні
карэспандэнта “НТ”.
– Генадзь Сяргеевіч, свята – гэта добрая нагода падвесці вынікі дасягнутага, тым больш, што зусім нядаўна завяршылася першае паўгоддзе…
– Дзень горада – дата не знакавая, да якой намячаюцца нейкія рубяжы. Тым не менш, гэта, і сапраўды, добрая нагода падвесці вынікі зробленага. Чамусьці парадавацца, нешта прааналізаваць і намеціць шляхі вырашэння існуючых праблем. Галоў-нае – бачыць іх і не праходзіць міма.
Калі гаварыць пра выкананне прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця горада ў першым паўгоддзі, дык паспяхова спрацавалі па запланаваных тэмпах росту зарплаты, а таксама па росту рознічнага тавараабароту – каля 10 працэнтаў. У цэлым нядрэнна працуюць будаўнічыя кампаніі – з прагназуемых на год 229 тысяч квадратных метраў жылля ўвялі 129 тысяч. Не ўсё, як хацелася б, атрымліваецца з будаўніцтвам жылля для шматдзетных сямей. Такіх на чарзе 500. З аднаго боку, гэта радуе – папраўляецца дэмаграфічная сітуацыя, але мы не можам будаваць столькі жылля. Вось і сёлета давялося прыпыніць фарміраванне кааператываў. Не можам пакуль задаволіць патрэбы гараджан, а такіх у нас 5 тысяч чалавек, на атрыманне ўчастка пад будаўніцтва жылля. Як хутка будзе вырашана гэтае пытанне – сказаць цяжка, хоць мы і прапрацоўваем яго.
Што тычыцца работы прадпрыемстваў, дык, як і раней, рытмічна працуюць нашы флагманы “Савушкін прадукт”, “Гефест”, мясакамбінат. Складанай застаецца сітуацыя на “Цветатроне”, упалі аб’ёмы вытворчасці на электрамеханічным заводзе. Стратных прадпрыемстваў хоць і стала менш, але 15 працэнтаў іх па-ранейшаму працуюць нерэнтабельна, што адмоўна адбіваецца на фарміраванні бюджэту і, адпаведна, на развіцці сацыяльнай сферы.
– Дарэчы, адносна сацыяльнай сферы. У апошні час горад значна пашырыў свае межы. Цэлыя жылыя кварталы выраслі на яго ўскраінах. А калі тут з’явяцца школы, дзіцячыя сады, медыцынскія ўстановы, магазіны?
– Горад, і сапраўды, хутка прырастае жылымі кварталамі, чаго не скажаш пра аб’екты сацыяльнай сферы. Тым не менш, сёлета ў мікрараёне Паўднёвы Захад увядзём у строй дзіцячы сад на 260 месцаў. Побач заліты фундамент школы. На жаль, гэты аб’ект прыйшлося замарозіць. Спадзяюся, што ў наступным годзе справы тут пойдуць. А ўвогуле, дзіцячыя сады зараз, як паветра, неабходны ў Паўднёвым гарадку, на Дуброўцы, Бярозаўцы: дэфіцыт месцаў у дашкольных установах у цяперашні час складае больш за 2 тысячы.
Не хапае ў горадзе і паліклінік. Таму ў задумках – будаўніцтва бальнічна-паліклінічнага корпуса ў мікрараёне Паўднёвы Захад. І аптэкі ў новых мікрараёнах з’явяцца, калі будуць жадаючыя адчыніць іх.
У аб’екты гандлю дзяржава сродкаў не ўкладвае. Задача ў тым, каб былі пляцоўкі для іх будаўніцтва і інвестары, якія прафінансуюць такія праекты. Мяркую, што ў бліжэйшыя 2-3 гады ў нас з’явяцца яшчэ некалькі гіпермаркетаў тыпу таго, што адкрыўся ў мікрараёне Паўднёвы Захад. Увогуле ж, у новых раёнах, асабліва ў паўднёвай частцы, павінны быць невялічкія магазіны крокавай даступнасці. Для гэтых мэт там нават зарэзерваваныя пляцоўкі ёсць…
– Славутасцю горада з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Сюды едуць людзі, каб пакланіцца мужнасці яе абаронцаў. Генадзь Сяргеевіч, а што з’яўляецца брэндам сучаснага Брэста?
– Крэпасць і горад непадзельныя. Таму мемарыяльны комплекс заўсёды будзе своеасаблівай візітнай карткай Брэста. Ну, а брэндам сучаснага горада над Бугам з’яўляецца яго прадукцыя. Гэта, безумоўна, малочныя вырабы ААТ “Савушкін прадукт”, газавыя пліты “Гефест”, вядомыя не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Украіне, мясныя далікатэсы мясакамбіната.
– Пра любоў да роднага горада неаднойчы даводзілася чуць як ад людзей сталага ўзросту, так і ад маладых. Як Вы думаеце, за што людзі любяць Брэст?
– Кожны нармальны чалавек любіць сваю малую радзіму. І не важна, што гэта – вялікі горад ці маленькая вёсачка. Я, напрыклад, за 40 гадоў прывык да Брэста і не змог бы зараз жыць у Мінску і тым больш у Маскве. Чым падабаецца горад людзям? Мяркую, сваёй утульнасцю, спакоем, камфортнасцю і размераным ладам жыцця. Брастаўчане любяць свой горад. На жаль, многія  – толькі на словах. А любоў павінна праяўляцца ў канкрэтных справах. Зараз у горадзе маецца больш за 800 дамавых камітэтаў, ёсць нямала праўленняў кааператываў, таварыстваў уласнікаў. Праўда, не ўсе гэтыя органы самакіравання працуюць так, як хацелася б. Таму ў нас хапае яшчэ няўтульных, недагледжаных двароў. Няўжо нельга пасадзіць у іх кветкі, кусты, дрэўцы? Вось гэта і будзе праяўленнем сапраўднай любові да горада.
– Генадзь Сяргеевіч, што б Вы хацелі пажадаць брастаўчанам і гасцям горада над Бугам напярэдадні свята?
– У першую чаргу – добрага настрою, які мы абавязкова падтрымаем. А калі ў людзей ёсць здароўе, любімая работа, матэрыяльны дабрабыт, ёсць узаемаразуменне ў сям’і, пэўныя дасягненні ў працы – дык і на душы будзе радасна. З мірным небам і светлым днём, паважаныя брастаўчане!
Гутарыла
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля