Беларусь

Лагуна Наталлі Ільніцкай


Сапраўды, праз церні яна ішла да сваіх зорак. І цяпер іх жывымі іскрынкамі шчодра дзеліцца з людзьмі…

Пра сябе: спартсменка, камсамолка, ды… не выдатніца!

Узгадваючы сваё басаногае, гарэзлівае дзяцінства, генеральны дырэктар ТАА “Лагуна”, дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў трох апошніх скліканняў Наталля Ільніцкая нібыта скідвае з сябе шчымлівую ношу пражытых гадоў. Цёплая, лагодная ўсмешка асвячае яе твар з вачыма-азёрамі, якія нібыта выпілі неба сінечу…
Сям’я рэвізора Емяльяна Ільніцкага, што жыла на Львоўшчыне, па тым часе была не надта вялікая – шасцёра дзяцей, з іх адзіны хлапчук. Не тое, што ў суседзяў, дзе па 8 і 11 гадавалася… Ды толькі, каб пракарміць і дагледзець усіх, жонка гаспадара не працавала. Хаця як сказаць! Займалася хатняй гаспадаркай, а гэта – шэсць кароў, чацвёра парасят, дзясяткі курэй, козы, толькі паспявай за ўсімі завіхацца! Таму змалку да вясковай працы Ільніцкія прывучалі дзяцей.
– Нягледзячы на тое, што я была самай малодшай і, лічылася, самай пешчанай, пасля школы кідала партфель ды бегла пасвіць кароў. А там ужо чакалі сябры, – настальгічна прыгадвае мая субяседніца. – Адным вокам прыглядваючы за жыўнасцю, мы адводзілі душу – бегалі, скакалі, весяліліся. Стомленая, ды шчаслівая, прыганяла дадому кароў і падала спаць, не заглядваючы ў падручнікі…
У вучобе Наташа была ў сераднячках, затое славілася як лыжніца, валейбалістка, увогуле – лепшая спартсменка школы. А калі, дзесьці ў класе 6-м, старэйшая Жэня, якая сама зарабляла сабе на хлеб у Адэсе, прывезла агульнай любіміцы шубку (нічога падобнага ў іх Камарніках і блізка не было!), дык нават сабе самой Наташа здалася першай прыгажуняй. Дасюль памятае, як глядзела на яе дзятва – асабліва дзяўчынкі, абшчыпваючы ледзь не кожны міліметр той першай у яе жыцці шубкі…
Чаго граху таіць, Наташы хацелася жыць там, дзе ёсць куды схадзіць і дзе можна купіць прыгожыя рэчы, аб якіх марыла кожная дзяўчынка. А з улікам таго, што бацька правяраў магазіны і дома яна шмат чула пра гандаль з яго тагачаснымі дэфіцытамі, паступленне малодшай з Ільніцкіх у Крымскі гандлёвы тэхнікум было, можна сказаць, свядомым. А яшчэ да гэтага кроку яе падштурхнула сястра Браніслава, якая тады жыла ў Крыме, паабяцала дапамогу. Дарэчы, некалькі год таму Броня пераехала ў Брэст, і цяпер ужо малодшая сястра клапоціцца пра яе. Бо дабром на дабро заўжды адгукацца – вучылі бацькі…
Завочна асвойваючы спецыяльнасць таваразнаўцы, Наталля не толькі працавала прадаўцом у пасёлку Ніжнягорск і там жа яшчэ падзарабляла бухгалтарам на коканасушылцы, але з уласцівай ёй мэтанакіраванасцю развівала сваё захапленне фатаграфіяй. Дзяўчына хадзіла на заняткі фотагуртка, дапамагала яго кіраўніку друкаваць фота. А аднойчы пазнаёмілася з ягоным братам-прапаршчыкам. Убачыўшы вайскоўца ў форме, якая зграбна аблягала стройную, падцягнутую фігуру, дзявочае сэрца забілася часцей і… Наталля перастала перажываць з-за сваркі з хлопцам, з якім сустракалася некалькі год і думала пра сумесную будучыню…
У 1976 годзе – адразу пасля заканчэння тэхнікума – маладыя пажаніліся і паехалі ў Літву, па месцы службы Аляксандра. Праз год яны сталі шчаслівымі бацькамі дачушкі Анюты, цераз тры з паловай – Аксаны. І хоць нічога і нікога ў іх не было на чужбіне, ды дапамагала любоў – таму ўсё паступова наладжвалася. Да таго ж, маладой жанчыне вельмі пашанцавала – нарэшце, вызвалілася месца ў “Ваенгандлі” і яна таксама стала працаваць, за 15 год прайшоўшы шлях  ад малодшага прадаўца да загадчыка вялікага магазіна.
Толькі адна абставіна, бы чорная хмара, азмрочвала яе жыццё. Пасля таго, як у 1989-м Аляксандр вярнуўся з баявымі ўзнагародамі з Афганістана, гэта быў ужо зусім іншы чалавек, не той, якога яна ведала і аддана любіла. Ды насуперак усяму верылася, што час зарубцуе трэшчыну, якая раздзяліла жонку і мужа. Таму ў 90-х, калі расфарміраваўся ваенны гарадок у Літве і Аляксандра перавялі ў дэсантную брыгаду, што дыслакавалася ў Брэсце, Наталля таксама паехала ў незнаёмую дасюль Беларусь. Хіба ведала яна, што тут ёй прыйдзецца ўжо адной з дзецьмі-падлеткамі пачынаць новае жыццё, стараючыся за дваіх?..

Пра работу: ад рызінавых ботаў – да “лодачак”

Шукаючы работу ў Брэсце, Ільніцкая найперш паспяшалася ў мясцовы “Ваенгандаль”. Ды там толькі рукамі замахалі: ідзе масавае скарачэнне і невядома, дзе самі будуць…
Што рабіць? Жыць жа трэба было на штосьці, дзяцей на ногі ставіць… Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, у 1992-ім жанчына рашылася на прадпрымальніцтва. У павільён на Вульцы завозіла насенне траў, цукар, муку з Украіны і прадавала. З цягам часу яе нястрымная энергія запатрабавала большага размаху. Наталля Емяльянаўна задумала стварыць фірму. Некалі ў Львове бачыла рынак жывой жывёлы, а тут якраз яе знаёмы з Меднаўскай птушкафабрыкі падказаў, што за Паўднёвым гарадком ёсць падыходзячы для гэтага ўчастак, ад якога яны адмаўляюцца: забірай і будуй…
Жанчына звярнулася ў Брэсцкі райвыканкам. Там яе ўважліва выслухалі і падкінулі новую ідэю: навошта будаваць за горадам, калі на Кавалёўцы, – а гэта значна зручней – толькі што адмовіліся ад участка. Праўда, ён запушчаны, балоцісты… “Нічога, – адказала жанчына, – я згодная”.
Цераз некалькі дзён, у чэрвені 97-га, яна прыйшла сюды ў рызінавых ботах, якія спецыяльна прыдбала для такога выпадку, і разам са спецыялістамі выканкама забівала калочкі на межах вы-дзеленага ўчастка. На будаўніцтва адвялі 15 месяцаў. Жанчына так спяшалася ўкласціся ў тэрмін, што рынак “Кавалёва” з першымі 20-цю гандлёвымі месцамі з’явіўся праз… 6 месяцаў – якраз напярэдадні Новага 1998 года. А цяпер тут ужо 800 месцаў, якія добраўпарадкаваны так, што смела шпацыруеш у туфлях-“лодачках”…
Праўда, толькі пасля трох спроб Наталлі Ільніцкай удалося зарэгістраваць сваю фірму. Загваздка была ў самым простым – назве. Якую не прыдумае – такая ўжо існавала, а “Наташай” ці іменем дачок называць не хацела: лічыла – нясціпла.
“Хутчэй бы што-небудзь арыгінальнае і непаўторнае прыйшло ў галаву!” – вярнуўшыся ў сваю двухпакаёўку, стомлена думала жанчына. Прысеўшы ў крэсла, машынальна ўключыла тэлевізар. І аж страпянулася: якая прыгажосць – плешчацца мора паміж каралавым рыфам і берагам, хвалі шапочуць штосьці таемна-ласкавае, ледзь прыкметна пагойдваюцца караблі. А дыктарскі голас за кадрам распавядае пра лагуну – вабны, спакойны марскі заліў, куды зайшлі на адпачынак караблі…
“Хай будзе лагуна! – мільгнула ў падсвядомасці жанчыны. – Вось гэтым, крышку нязвыклым для многіх словам, за якім стаіць райская прыгажосць, і назаву сваю фірму…” А ў Наталлі Емяльянаўны так: сказана – зроблена. І цяпер ужо назва фірмы асацыіруецца з асобай Ільніцкай, якую ў горадзе над Бугам ведаюць як энергічнага кіраўніка, што жыве не адным днём, і абаяльную жанчыну з вельмі добрым сэрцам, шырока адкрытым для людзей, якое імгненна адклікаецца на чужую бяду. Нездарма ў сакавіку 2008-га менавіта яе прызналі пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За дабрачыннасць і міласэрнасць”. Каму толькі яна не дапамагае! Школам і садкам, розным таварыствам і клубу “Юны марак”, бальніцам і ўпаўне канкрэтным людзям. Нават калі я размаўляла з Наталляй Емяльянаўнай, у кабінет смела зайшоў немалады мужчына – як высветлілася, за грашыма для родзічкі-інваліда з Маларыты, якая, прачытаўшы аб перамозе Ільніцкай у згаданым конкурсе (дарэчы, у “Народнай трыбуне”), патэлефанавала ёй з надзеяй на падтрымку…
– Я заўсёды памятаю словы айца Яўгена, якога, на жаль, ужо няма сярод нас, – прамаўляе жанчына. – Асвячаючы рынак, ён сказаў: “Не імкніся да матэрыяльных каштоўнасцей – імкніся да духоўных, якія ўзвышаюць чалавечую душу”.
Наталля Емяльянаўна адносіць сябе да вернікаў. Магчыма, не так часта, як хочацца, бывае ў царкве, ды штодня, ранкам і вечарам, моліцца, звяртаючыся да таго, хто дапамог, калі побач не было ні знаёмых, ні сяброў, ні сваякоў, і выратаваў, калі здавалася, не было выйсця…
Слухаючы сваю субяседніцу, я разумею: перада мной сапраўды моцная жанчына.  Праўда, яна нічога не гаворыць пра тое, як няпроста такой быць. Але ж не сакрэт, што кожная з жанчын, якой самастойнай і незалежнай ні была б, усё ж такі марыць пра моцнае плячо і раскошу быць слабай… Ды што ні чалавек – то лёс. Пэўна, найвялікшая мудрасць, якую не ўсякі спасцігне, – успрымаць наканаванае з удзячнасцю. А ў Наталлі Ільніцкай побач цудоўныя дзеці, падрастаюць трое ўнучак-прыгажунь і разумніц. А яшчэ ёсць свая лагуна ў выглядзе любімай работы, якая дорыць радасць і хваляванні, адказнасць і аптымізм. У рэшце рэшт – паўнакроўнае жыццё, цікавае і насычанае.

Пра час: “Ёсць вечнае, непадуладнае гадам…”

Наталля Ільніцкая не шкадуе, што амаль два дзясяткі таму прыехала ў Беларусь, у Брэст, які яна шчыра палюбіла і лічыць родным горадам. Хаця, безумоўна, у яе сэрцы жыве родная вёска, яе цягнуць да сябе магілы бацькоў – найраднейшых людзей, да якіх яна заўжды, з гадоў вучобы ў тэхнікуме, спяшалася з падарункамі,  дэманструючы ім і сваю самастойнасць, і сваю бясконцую ўдзячнасць. Але адсюль, з Брэста, ёй нікуды больш не хочацца пераязджаць…
Часта бываючы за межамі Беларусі, не аднойчы даводзілася лавіць на сабе спачувальныя погляды: маўляў, цяжка вам там, прыціскаюць, не даюць свабоды. У такіх выпадках Наталля Емяльянаўна ніколі не маўчыць – заўжды прыводзіць у прыклад сябе: “Паглядзіце на мяне. Я цалкам паспяховы прадпрымальнік, хоць і не нарадзілася ў Беларусі. Але ў гэтай краіне кожны, хто хоча працаваць ці ладзіць свой бізнес – будзе працаваць, а калі ты гультай – нідзе месца не знойдзецца…”
Ёй імпануе палітыка беларускага лідара. І калі жанчына паказвае гасцям новабудоўлі Брэста, Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу, бліжэйшыя да абласнога цэнтра аграгарадкі, яна не хавае гонару за сваю другую Радзіму.
Усміхаецца, узгадаўшы нядаўні прыезд у Брэст доктара эканамічных навук Паўла Жураўлёва з Масквы, вочы якога ад здзіўлення ледзь не вылезлі, як кажуць, з арбіт. Пасля апошняга наведвання краіны ў 1988-м мужчына чакаў убачыць галечу і ўбоства, у лепшым выпадку – людзей з вельмі сціплым узроўнем жыцця, пра што чамусьці гавораць у Маскве – наяве ўсё аказалася інакш. Ад’язджаючы, Павел сказаў, што цяпер у Беларусь будзе прыязджаць часцей. “Ды і ўсе мае ўкраінскія родзічы ў захапленні ад змен апошніх гадоў, – дадае Наталля Емяльянаўна. – Так што імклівы бег часу, як бачым, на карысць краіне…”
А чалавеку? Жанчына адзначае – сёлета ў яе тры юбілеі:  асабісты (яна не хавае, што 29 красавіка споўнілася 60), 20 год з дня прыезду ў Брэст, а ў снежні – 15-годдзе работы на рынку. Калі і ёсць настальгія па мінулым – дык толькі па надзейных сябрах, імгненнях, калі збіраліся разам – заўжды было цікава, ніхто нікому не зайздросціў і не шушукаўся за плячыма.
Так, цяпер у кабінет генеральнага дырэктара “Лагуны”, у якой ладзяцца справы, не зачыняюцца дзверы. Але Наталля Емяльянаўна ведае: калі чалавеку дрэнна – шматлікія   знаёмцы і нібыта прыяцелі як скрозь зямлю правальваюцца. Праўда, на вялікае шчасце, у яе ёсць сябра, які сваімі ўчынкамі не адзін раз даказваў: усё-такі бывае сапраўдная дружба паміж жанчынай і мужчынам…
Гаворачы пра час, які накладвае адбітак літаральна на ўсё – і на адзенне, і на мысленне, Наталля Ільніцкая сцвярджае, што ўсё ж такі ёсць каштоўнасці, непадуладныя часу, якія заўсёды ў цане – дабрыня, працавітасць, шчырасць, прыстойнасць… Мне падумалася: а ці не гэтыя якасці, як правіла, спадарожнічаюць сціплай велічы сапраўднага чалавека – такога, бы Ільніцкая?..
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля