Як абараніць інфармацыю?
У Брэсце 21-22 мая з рабочым візітам знаходзіліся дэпутаты Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі
Праграма дзелавога візіту пачалася сустрэчай дэпутатаў з кіраўніцтвам аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, на якой былі абмеркаваны пытанні ўмацавання бяспекі памежных абласцей Беларусі і рэгіёнаў Расіі. Пасля гэтага высокія госці пазнаёміліся з дзейнасцю Брэсцкай пагранічнай групы, абмяняліся вопытам аховы знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы. Усё гэта невыпадкова: у полі зроку Парламенцкага Сходу знаходзіцца пытанне аб падрыхтоўцы і распрацоўцы новых праграм Саюзнай дзяржавы ў сферы абароны.
Галоўным мерапрыемствам рабочага візіту стала пасяджэнне Камісіі Парламенцкага Сходу па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю, якое прайшло ў Брэсцкім тэхнічным ўніверсітэце. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі сілавых міністэрстваў, мытнай службы і іншых дзяржаўных структур Беларусі і Расіі. Вёў нараду старшыня камісіі, намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Валерый Гайдукевіч.
Усяго на парадак дня было вынесена дзесяць пытанняў. У ліку першых разглядалася заключэнне па справаздачы Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні бюджэту за 2011 год. Парламентарыі адзначылі сістэмныя праблемы ў арганізацыі работы міністэрстваў і ведамстваў пры рэалізацыі расійска-беларускіх праграм. У прыватнасці, прадстаўнік ад Беларусі Яўген Карашкоў заўважыў, што тут яшчэ не зжыты бюракратызм, мае месца працяглае ўзгадненне, пераносяцца тэрміны рэалізацыі асобных праектаў. Тое, што ў маі 2013 года разглядаецца справаздача за 2011 год, нікому не робіць гонару.
Дэпутаты Парламенцкага Сходу абмеркавалі ход рэалізацыі праграмы ўдасканалення сістэмы абароны агульных інфармацыйных рэсурсаў Беларусі і Расіі; удзел прадстаўнікоў камісіі ў мерапрыемствах Парламенцкай Асамблеі АДКБ у 2013 годзе. Таксама былі разгле-джаны пытанні, што маюць дачыненне да функцыянавання аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы Мытнага камітэта Саюзнай дзяржавы, аналізаваўся стан падрыхтоўкі ваенна-патрыятычнай змены для навучэнцаў сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчаў Беларусі і Расіі.
У рамках візіту ў Брэст прайшла і навукова-практычная канферэнцыя “Комплексная абарона інфармацыі”, у адкрыцці і плянарным пасяджэнні якой самы актыўны ўдзел прынялі саюзныя дэпутаты. Неабходна заўважыць, што навуковая канферэнцыя з удзелам і пад патранажам дэпутатаў Парламенцкага Сходу ўжо 18-я, а з ліпеня 2007 года падобныя навуковыя форумы маюць статус штогадовых. Для таго, каб абмеркаваць сучасныя метады абароны інфармацыі, у Брэсце сабралася больш за 200 вучоных з Беларусі і Расіі. Канферэнцыя стала месцам дыялогу прадстаўнікоў навукі, дзяржаўных структур і бізнесу.
Як неаднаразова зазначалі выступоўцы, адна з найгалоўнейшых праблем нашага часу – бяспека інтэрнэта. З дапамогай яго вя-дзецца абмен важнымі дакументамі, ажыццяўляецца кіраванне каштоўнымі архівамі і базамі дадзеных. Адпаведна, павялічваецца і колькасць людзей, якія намагаюцца завалодаць канфідэнцыяльнай інфармацыяй і зарабіць на гэтым дармовыя грошы. Нярэдка хакеры, якія атабарыліся ў ЗША і ў краінах Еўропы, аказваюцца нашымі былымі суайчыннікамі. Менавіта гэтая катэгорыя кіберзлачынцаў, па сведчанні праваахоўных органаў, вызначаецца “творчым” падыходам да вырашэння сваіх фінансавых праблем. З аднаго боку, гэта гаворыць пра дастаткова высокую якасць айчыннага навучання, а з другога – дадае галаўнога болю адпаведным службам.
Яшчэ адна немалаважная праблема – “камп’ютарны тэрарызм”. Зламыснікі атакуюць серверы буйных прамысловых кампаній, банкаў і дзяржаўных структур, прычыняюць ім шкоду. У выніку аказваецца заблакіраванай работа сайтаў, а іх уладальнікі нясуць вялізныя матэрыяльныя страты.
Змястоўныя даклады былі прысвечаны праблемам барацьбы з кіберзлачыннасцю, прававым аспектам інфармацыйнай бяспекі, а таксама пытанням падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне.
Праграма дзелавога візіту завяршылася ўдзелам дэпутатаў Парламенцкага Сходу ў рабоце “круглага стала” па праблемах забеспячэння інфармацыйнай бяспекі.
Мікалай СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.