СМАКАТА супраць КРЫЗІСУ
Міжнародны кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” з кожным годам наведвае ўсё больш гасцей
Сёлета смачны фэст атрымаў знак-сімвал ад вядомага дызайнера Уладзіміра Цэслера. Эмблема зроблена ў форме мотальскага ручніка, на якім паміж традыцыйнага беларускага арнаменту назва мерапрыемства напісана на дзевяці мовах свету. Госці з задавальненнем апранулі ярка чырвоныя бейсболкі, упрыгожаныя відэльцам і лыжкай у форме музычных інструментаў, і прыгожыя белыя шалікі. А на папулярнае кулінарнае свята яны пачалі з’язджацца ў Моталь ужо напярэдадні. Пабывалі на гала-канцэрце дзіцячых творчых калектываў, паглядзелі тэатралізаванае прадстаўленне “Мотальскія пацехі”. Абрад “Вясельны каравай” прэзентавала Вольга Рамановіч, дырэктар мясцовага музея. Майстар-клас “Забытыя стравы Беларусі” правёў Аляксандр Чыкалеўскі, майстар-повар беларускай гільдыі шэф-повараў.
Па ўсёй акрузе разносіліся духмяны пах свежага хлеба і звонкія дзіцячыя галасы. Бусел на даху дадаваў сваім клёкатам непаўторнасці мірнаму сельскаму пейзажу… Тым часам запрошаныя госці сумесна з арганізатарамі фестывалю працавалі ў “Творчай лабараторыі гастранамічнага турызму” (праект БГА “Адпачынак у вёсцы” і Іванаўскага райвыканкама). А потым была тэатралізаваная імпрэза “Маталяне запрашаюць гасцей” з дэфіле-карнавалам кулінарных вырабаў і канцэртам самадзейных калектываў раёна, а таксама артыстаў з Польшчы, Расіі, Украіны і іншых рэгіёнаў Беларусі. Госці змаглі наведаць хату-музей Хайма Вейцмана, прадэгуставаць стравы яўрэйскай кухні, паслухаць канцэрт калектыву з Мінска “Залаты век”…
А колькі цудаў можна было знайсці ў “Горадзе майстроў”! Куплялі вырабы з дрэва, вышыўку, кераміку, вязанне… Але, безумоўна, галоўнае для ўсіх удзельнікаў і гасцей – магчымасць паспрабаваць за сімвалічную плату эксклюзіўныя стравы, прыгатаваныя не толькі мотальскімі гаспадынямі. Традыцыйныя дранікі, клёцкі, бліны, фасоля з пярлоўкай, каша прасяная з гарбузом, капуста квашаная, у салатах і тушаная, мяса ў цесце…
Шкада, што прыз пераможцу, па мерках міжнароднага фестывалю, уручаецца чыста сімвалічны – скарбонка ў форме пышнагрудай маталянкі. На мой погляд, прэмія павінна быць нашмат самавіцей, каб удзельнікі “Мотальскіх прысмак” працавалі яшчэ больш актыўна, праяўлялі ярчэй свае арыгінальныя здольнасці, выкарыстоўвалі ў поўнай меры свой патэнцыял.
Міжнародны фестываль “Мотальскія прысмакі” – выдатная пляцоўка для рэкламы тутэйшых тавараў. Леанід Цупрык, намеснік старшыні аблвыканкама, адзначыў і той факт, што ў Іванаўскім раёне створаны вельмі спрыяльныя ўмовы для развіцця прыватнай ініцыятывы, бізнесу. Толькі ў Моталі працуе 60 індывідуальных прадпрымальнікаў, 17 прыватных унітарных прадпрыемстваў, 5 фермерскіх гаспадарак, 3 цэхі па перапрацоўцы драўніны. У Год прадпрымальнасці на “Мотальскіх прысмаках” былі ярка прадэманстраваны вынікі працы прадпрымальных людзей.
Фэст “Мотальскія прысмакі” стаў штогадовай знакавай падзеяй для Брэстчыны. Ёсць прапанова сертыфікаваць яго на міжнародным узроўні, што выкліча яшчэ большую цікавасць у замежных турыстаў і дзелавых колаў іншых краін да нашага самабытнага краю.
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
в. Моталь, Іванаўскі раён.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.