Беларусь

Надвор’е падказвае павук


…сіноптыка
НАДВОР’Е
ПАДКАЗВАЕ… ПАВУК
Калі макрыца закрывае кветкі ўранку – днём будзе дождж.
Калі ў час дажджу павукі пачалі плесці павуціну – вось-вось дождж спыніцца. Перад дажджом павукі хаваюцца ў якую-небудзь шчыліну.
Калі павукі плятуць павуціну ў паўднёвым напрамку, дык наступіць пацяпленне, а калі ў паўночным – пахаладае.
У верасні – пачатку кастрычніка павукі плятуць павуціну з падвоенай энергіяй перад наступленнем марознага сонечнага надвор’я.
Жабы скачуць на бераг і днём квакаюць, а рыба выскаквае з вады – будзе дождж.
…садоўніка
УБРАЦЬ
І ЗАХАВАЦЬ!
У першай дэкадзе верасня наступае фаза здымнай спеласці пладоў у большасці гатункаў слівы, а ў другой палове месяца – у асенніх і зімовых гатункаў яблыкаў і груш. Вызначаецца яна паспяваннем насення. Поўная спеласць наступае потым, у працэсе захоўвання: асенніх гатункаў – праз 1-2 тыдні, зімовых – праз 1-2 месяцы.
Каб зменшыць страты ўраджаю, рэкамендуецца рабіць выбарачны збор найбольш спелых пладоў, які паўтараецца праз 7-10 дзён.
Большасць гатункаў яблыкаў і груш лепш за ўсё захоўваецца ў цагляным склепе пры тэмпературы 0 – 4 градусы цяпла пры вялікай вільготнасці паветра. Для падтрымання неабходнай вільготнасці ў сховішчах расстаўляюць посуд з вадой. Плады раскладваюць тонкім слоем на стэлажах ці ў невялікіх скрынках са шчылінамі. Не рэкамендуецца абгортваць сценкі і дно скрынак паперай і перакладваць плады стружкай – дастаткова насыпаць стружку на дно скрынкі.
…агародніка
ПЯСОК
ДЛЯ МОРКВЫ
Тэрміны ўборкі караняплодаў вызначаюць не толькі ў залежнасці ад тэмпературы паветра, але і ад стану раслін.
Буракі звычайна выкопваюць першымі, бо яны выступаюць над зямлёй і трэскаюцца ад вагання тэмпературы. Потым наступае чарга ўборкі рэпы, морквы, зімовых гатункаў рэдзькі. Калі морква знаходзіцца глыбока ў зямлі і надвор’е стаіць сухое і цёплае, дык з яе ўборкай можна пачакаць: вытрыманая ў зямлі яна лепш захоўваецца.
Бульбу перад захоўваннем трэба падсушыць, а вось з караняплодамі гэтага рабіць нельга, забараняецца таксама іх мыць.
Караняплоды захоўваюць у падвалах, скляпах і іншых памяшканнях пры тэмпературы ад 0 да 2 градусаў цяпла. Моркву і пятрушку пераслойваюць вільготным пяском і складваюць у штабелі шырынёй да 1 м і вышынёй 0,75 м. Знізу насыпаюць слой пяску таўшчынёй 2 – 3 см, а паміж радамі – 1 – 1,5 см.
Іншыя караняплоды можна захоўваць насыпам. Качаны капусты з двума-трыма верхнімі лістамі раскладваюць у падвалах ці скляпах на паліцах, ці драўлянай падлозе ў 2 – 3 рады ў шахматным парадку храпкамі ўверх і захоўваюць у любым выглядзе пры тэмпературы ад мінус 1 да плюс 2 градусаў.
…пчаляра
АСЕННЯЯ РЭВІЗІЯ
Калі пчолы заканчваюць насіць мёд у вулей і завяршаецца вывад асноўнай масы расплоду, пчаляры праводзяць асеннюю рэвізію – дэталёвы агляд пчаліных сем’яў.
Пры гэтай рэвізіі вызначаюць сілу кожнай сям’і, канчаткова вырашаюць, якія адводкі пакінуць самастойнымі, а якія – аб’яднаць з мацярынскай сям’ёй. Непрадуктыўныя сем’і выбракоўваюць. У кожным вулеі пакідаюць 2 – 2,5 кг корму (60 працэнтаў мёду і 40 – цукровага сіропу) на рамку і 2 рамкі з пяргой. Пасярод вулея насупраць лятка ставяць рамкі, якія менш запоўнены мёдам, а па краях – больш цяжкія.
…гумарыста
У офісе.
– Андрэй, у нас прынтар не друкуе, зайдзіце!
– Заняты, гадзіны праз дзве.
– Плацім наяўнымі.
– Зараз буду!
* * *
Прапаршчык:
– Ёсць сярод вас хто-небудзь з музычнай адукацыяй?
– Ёсць, я! – адказаў радавы Пятроў.
– І я! – заявіў радавы Іваноў.
– Аднясіце ў клуб піяніна.
– А для чаго тут музычная адукацыя? – не зразумелі салдаты.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля