Беларусь

Ну, клешч, пачакай!


Парэчкавы пупышкавы клешч – адзін з самых небяспечных шкоднікаў усіх відаў чорных парэчак. Развіваецца ўнутры пупышак. Пры сілкаванні выдзяляе ў тканку расліны галаўтваральныя рэчывы, у выніку чаго пупышкі не развіваюцца нармальна. Да восені яны робяцца вялікімі, круглымі і нагадваюць качаны капусты. Вясной, як правіла, такія пупышкі не распускаюцца і засыхаюць. Клешч яшчэ небяспечны і тым, што з’яўляецца пераносчыкам віруса, які выклікае махрыстасць парэчак.
Як жа змагацца з гэтай немаччу? Сярод кустоў рэкамендуецца вырошчваць цыбулю і часнок. Фітанцыды гэтых раслін абараняюць парэчкі ад кляшча. Свежыя галінкі чорнай бузіны таксама яго адпуджваюць.
Калі вы збіраецеся размнажаць парэчку з дапамогай чаранкоў, упэўніцеся, што пасадачны матэрыял здаровы. Каб абеззаразіць чаранкі, апусціце іх у гарачую ваду (45–46 градусаў) на 13–15 хвілін.
Вясной да распускання пупышак (сакавік – пачатак красавіка) трэба абрэзаць заражаныя парасткі, а моцна пашкоджаныя кусты выкарчаваць і спаліць.
У перыяд вегетацыі раслін трэба іх апырскаць. Перад самым цвіценнем супраць кляшчоў (гэта час іх міграцыі) трэба правесці апырскванне калоіднай серай з разліку 10 – 20 г на куст.
Абараняе расліны ад кляшча настой часнаку: 100 г часнаку старанна расцерці ў місцы, затым размяшаць з 10 л вады. Гэтай суспензіяй апрацаваць кусты адразу пасля цвіцення і паўтарыць 2–3 разы з інтэрвалам у 5–7 дзён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля