Брастаўчанка Вікторыя Рашчупкіна ведае, як дайсці да… залатога медаля

Брастаўчанка Вікторыя Рашчупкіна ведае, як дайсці да… залатога медаля

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

“У кожным чалавеку ёсць сонца. Толькі дайце яму свяціць”, – яшчэ ў старажытнасці заявіў Сакрат. Талент – як сонечны прамень, якому трэба дапамагчы прабіцца скрозь тоўшчу аблокаў. Гэта маё меркаванне, якое нарадзілася ўжо ў XXI стагоддзі. Да такой высновы я прыйшла, гледзячы на сяброўку Віку.
Вікторыя Рашчупкіна – прыгожая, вясёлая дзяўчына. Паглядзіце, якая стройная пастава, правільныя рысы твару, лёгкая паходка! У гэтай юнай лэдзі спалучаюцца розум і прыгажосць, актыўнасць і працавітасць. У 17 гадоў столькі перамог і ўзнагарод! Як кажуць, цярпенне і праца зрабілі сваю справу.
Нарадзілася Віка ў 1995 годзе
ў звычайнай брэсцкай сям’і. Бацькі доўга думалі, якое імя даць дзіцяці. Прынялі рашэнне назваць дзяўчынку Вікторыяй. Прыгожае жаночае імя з выдатным падтэкстам. Ім хацелася, каб дачушка была па жыцці пераможцай.
У 10 гадоў мама прывяла Віку ў лёгкаатлетычны манеж горада Брэста і запісала ў секцыю лёгкай атлетыкі. На першых занятках дзяўчынцы было крыху нязвыкла. Новае месца, незнаёмыя людзі, нейкія незразумелыя практыкаванні – усё гэта палохала дзіця, аднак свой страх Вікторыя перамагла. Кожны дзень хадзіла на трэніроўкі, і чым далей – тым усё з большым задавальненнем. Першыя паўгода займалася бегам, але пазней трэнер адкрыў у ёй здольнасці да спартыўнай хадзьбы.
Брастаўчанка Вікторыя Рашчупкіна, вучаніца сярэдняй школы №12 імя К.Л. Губарэвіча, хадзіць умее прыгожа і хутка. А самае любімае месца для яе трэніраваных ног – дарожкі стадыёна ці спартыўнага манежа. Дарэчы, першая перамога Вікі адбылася ў сакавіку 2007 года. Абагнаўшы ўсіх саперніц, дзяўчына прыйшла першая да фінішу і атрымала залаты медаль.
– Я вельмі хвалявалася: мае першыя спаборніцтвы! На дыстанцыі былі моцныя саперніцы, а перамагчы так хацелася, – успамінае сяброўка. – Калі мне ўручылі ўзнагароды, я бегала па манежы і ўсім паказвала іх. Трэнера на першых маіх спаборніцтвах не было, але ён хваляваўся за мяне, таму патэлефанаваў, каб даведацца  аб выніках. Кажу: “Прыйшла першая да фінішу!” А ён не паверыў. Сказаў, што вельмі хутка для першага разу…
Зразумела, потым трэнер усё высветліў і шчыра парадаваўся за Віку. А яна стала больш упэўнена  выступаць на новых спаборніцтвах. Тры гады запар прымала ўдзел у Міжнародным турніры па лёгкай атлетыцы памяці Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Дзмітрыя Карбышава. І ўсе тры разы займала прызавыя месцы. Віка стала залатым чэмпіёнам на рэспубліканскіх спаборніцтвах “Нашы надзеі”, на першынстве краіны па лёгкай атлетыцы ўзяла прызавыя месцы…
Калі вы думаеце, што спарт-смены праводзяць увесь час на трэніроўках, то памыляецеся. Спорт ніколі не перашкаджаў Вікторыі мець стасункі з сябрамі. У вольны час яна імкнецца не сядзець дома. Дзяўчына лічыць, што праводзіць гадзіны за камп’ютарам – гэта для слабых людзей. Яна лёгка абыходзіцца без сусветнай павуціны, замяняючы яе кнігамі. Віка імкнецца сустрэцца з сябрамі, з якімі часам доўга не бачыцца з-за спаборніцтваў, пабыць з сям’ёй, пагуляць з сястрой… Ды і ў школе часам даводзіцца даганяць аднакласнікаў па прапушчаных з-за спартыўных стартаў тэмах. Але хіба гэта праблема для таго, хто ўмее хутка хадзіць?! Увогуле, Віка пераканана, што спорт – гэта складана, але ён загартоўвае чалавека, робіць яго мацней і фізічна, і псіхалагічна, і эмацыянальна.
Дзяўчына не шкадуе, што ў яе жыцці такое вялікае месца займае спорт. Аднак ёй хочацца быць рознабаковай асобай, таму пасля заканчэння школы сёлета збіраецца паступаць на эканамічны факультэт БрДТУ. Мяркую, такой таленавітай студэнтцы ў ВНУ будуць рады.
Ганна ДРАГАН,
вучаніца СШ №12
імя К.Л. Губарэвіча,
г. Брэст.
Фота з асабістага архіва Вікторыі Рашчупкінай.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На “прамой лініі” – кіраўніцтва аўтобуснага парка №1г. Брэста

Следующая запись

22 сакавіка грамадскасць адзначыла Сусветны дзень водных рэсурсаў