Інфарм-укол ад “НТ”
ТУБЕРКУЛЁЗ – небяспечная, але кантралюемая інфекцыйная хвароба. Пра гэта на пасяджэнні “круглага стала”, арганізаванага аддзелам грамадскага здароўя БАЦГЭіГЗ, гаварылі спецыялісты абласных супрацьтуберкулёзнага дыспансеру і цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Сустрэча была прымеркавана да 24 сакавіка – Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам. Па інфармацыі галоўнага ўрача абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Віктара Дэкайлы, на Брэстчыне летась паменшылася колькасць хворых на сухоты на 10,6 працэнта ў параўнанні з 2007 годам. Зніжэнне адзначана і па колькасці захварэлых на 100 тысяч насельніцтва, і па смяротнасці ад туберкулёзу. Тым не менш, актуальнасці не страчвае флюараграфічнае абследаванне насельніцтва, якое дапамагае знаходзіць хваробу на ранніх стадыях. Дарэчы, інфармацыю па праблеме туберкулёзу можна атрымаць на “гарачай лініі” па тэлефоне ў Брэсце (80162) 41-23-97.
***
АПТЭКА №247 Брэсцкага РУП “Фармацыя” адкрылася ў абласным цэнтры (вул. Спартыўная, 6, раён чыгуначнага вакзала) пасля капітальнага рамонту. Стала большай гандлёвая зала, устаноўлена разліковае абсталяванне, якое скарачае час абслугоўвання наведвальнікаў. І што самае галоўнае – шырокі, да 4-х тысяч найменняў – асартымент лекаў, вырабаў медыцынскага прызначэння, іншых аптэчных тавараў. У рабочыя дні 247-я працуе з 8 да 21 гадзіны, у нядзелю – з 9 да 19, а ў святочныя дні з 9.00 да 15.00.
***
ГІПЕРТАНІЯ стала тэмай Сусветнага дня здароўя, які адзначаецца 7 красавіка. На наступным тыдні ў вобласці пройдзе інфармацыйна-прафілактычная акцыя, падчас якой з 1 па 5 красавіка з 9 да 14 гадзін у абласным кардыялагічным дыспансеры будзе працаваць “гарачая лінія” па нумары 97-84-22 (код Брэста – 80162). А 3 красавіка ў ЦУМе і 4-га ў Брэсцкай цэнтральнай раённай аптэцы №2 (пр. Машэрава, 76) з 10.00 да 15.00 можна будзе праверыць узровень глюкозы ў крыві (пажадана рабіць гэта нашча). Пункты вымярэння артэрыяльнага ціску і вызначэння масы цела будуць арганізаваны ў лячэбных, аптэчных і некаторых іншых установах. Так, у абласным цэнтры 3 красавіка з 10 да 15 гадзін такі пункт адкрыецца ў ЦУМе, з 10 да 14 гадзін – у аблвыканкаме, а 4 красавіка – у аптэках: БРЦА №2 (пр. Машэрава, 76), гарадскіх №45 (вул. Кастрычніцкай рэвалюцыі, 11) і №173 (вул. Гаўрылава, 37) з 10 да 15 гадзін.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.