Беларусь

Дэбютны канцэрт


Першае выступленне юных музыкантаў – гэта падзея і для іх, і для бацькоў, і для педагогаў музычнай школы №1 г. Брэста
Дзеці не любяць сумныя канцэрты. Яны нават вучыцца павінны гуляючы. Напрыклад, могуць навучыць Бабу Ягу ветлівасці, а непаседу Двойку – правілам паводзін на канцэрце. Але самае галоўнае для будучага музыканта – адкрыць дарогу ў краіну музыкі, правадніком у якую ў гэты раз стала добрая Фея.
Такі творчы падыход падтрымліваюць на канцэртах, прысвечаных Дню першакласніка, у Брэсцкай дзіцячай музычнай школе №1 кожны навучальны год. Вядома, стыль мерапрыемства і сама канцэртная праграма кожны раз змяняюцца, але мэта такіх канцэртаў застаецца нязменнай – юныя музыкі робяць першы крок у канцэртнай дзейнасці.
– Канцэрты праводзяцца, каб першакласнікі мелі прыклад, да чаго трэба імкнуцца, – тлумачыць Лідзія Коўзел, настаўнік тэорыі музыкі. – Яны бачаць дзяцей, якія іграюць на сцэне, і таксама хочуць на сцэну. Падчас віктарын музыкі-пачаткоўцы паказваюць свае веды, якія атрымалі за першыя месяцы ў школе, і гэта таксама вельмі вялікі “плюс”.
Арганізатар сёлетняга канцэрта Лідзія Уладзіміраўна дакладна ведае, як важна эмацыянальна задзейнічаць дзяцей, каб пачаткоўцы адчулі сябе музыкамі. Пасля такіх “гульнявых” канцэртаў у іх з’яўляецца імкненне да творчых мерапрыемстваў, сур’ёзных канцэртных выступленняў і вучобы.
– Дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у канцэрце, або ўсё ж даводзілася прымушаць іх выходзіць на сцэну? – цікаўлюся ў Лідзіі Уладзіміраўны.
– Не, што вы! – чую ў адказ. – Музыканта нельга прымусіць рабіць нешта супраць яго волі. А дзеці ўдзельнічаюць проста з велізарнай актыўнасцю. Я была вымушана адбіраць нумары на канцэрт. Тыя, хто не выступіў на гэтым канцэрце, абавязкова выйдуць на сцэну на іншым мерапрыемстве.
Яўгенія БАГАЦЕЕВА,
вучаніца СШ №7,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля