Беларусь

  • Главная
  • Школа юнкараў "НТ"
  • У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце прэзентавалі дзявяты выпуск зборніка “И физики, и лирики…”

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце прэзентавалі дзявяты выпуск зборніка “И физики, и лирики…”


У жыцці заўсёды знойдзецца месца прыгожаму і ўзвышанаму, бо пачуцці нельга аддзяліць ад чалавека. Адчуваюць жа эмоцыі не толькі лірыкі па складзе душы, але і тыя, хто сябруе з дакладнымі навукамі. Больш за тое, людзі тэхнічнага складу выдатна знахо-дзяць паразуменне з мастацтвам і рознымі відамі творчасці. Яркае пацвярджэнне таму – літаратурны зборнік “И физики, и лирики…”, які ўжо некалькі год выдаецца ў тэхнічным універсітэце. Нядаўна прайшла святочная прэзентацыя яго дзявятага выпуску.
Атрымаліся сапраўдныя паэтычныя вячоркі. Свечкі, музыка, прыгожая паэзія – так склаўся рамантычны настрой. Зборнік (яго ўкладальнік Таццяна Мхаян) сабраў творы студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і выпускнікоў БрДТУ. Усе гэтыя людзі, як сказана ў анатацыі, “умеюць цаніць прыгажосць свету, любові, адносін… Пачуцці, што перапаўнялі творчыя душы, увасобіліся ў паэтычныя радкі”.
Вось гэтыя радкі на беларускай і рускай мовах гучалі на прэзентацыі. Паэтычным словам стварыла пейзажы роднага краю вядучы бібліёграф універсітэта Вера Вакула, пачуццёвую лірыку –
студэнткі эканамічнага факультэта Ксенія Грода і будаўнічага Юлія Казловіч. Сваімі паэтычнымі адкрыццямі падзяліліся: Вольга Малафеечава (выпускніца БрДТУ), Алена Парфянюк, Аляксей Пігулеўскі, Іван Стаднік (студэнты будфака), Аляксандра Тур (студэнтка эканамічнага факультэта). Цікава было пазнаёміцца з творчасцю кандыдата філалагічных навук, дацэнта Юрыя Паталкова, заснавальніцы ўніверсітэцкага паэтычнага зборніка Таццяны Шульгі. Свае вершы пачыталі і першакурснікі – ёсць каму ў тэхнічным універсітэце прадоўжыць паэтычныя традыцыі. Бо хараство ва ўсе часы застаецца хараством, і яно абавязкова будзе кранаць струны душы і лірыкаў, і фізікаў.
Аляксей ТАБОЛІЧ,
студэнт 1-га курса будаўнічага факультэта БрДТУ.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля