Беларусь

Ад Фёдара Міхайлавіча – да спадчыны народа


Настаўнікі рускай мовы і літаратуры школ Брэста правялі ў вёсцы Дастоева Іванаўскага раёна традыцыйныя літаратурныя чытанні
З асаблівым хваляваннем яны наведалі гісторыка-літаратурны музей Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, створаны краязнаўцам і педагогам Анатолем Бураком. Упершыню, на жаль, Анатоль Іосіфавіч у гэты раз не ўдзельнічаў у мерапрыемстве, якое па традыцыі падтрымала консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце і асабіста генеральны консул Мікіта Маткоўскі. У жніўні не стала Анатоля Бурака – ляглі кветкі не толькі да помніка вялікаму рускаму пісьменніку Дастаеўскаму, але і на магілу беларуса Бурака, які так шчыра і аддана любіў родны край і літаратуру.
– Такія паездкі дораць сумеснае перажыванне велічнага і ўзнёслага, непаўторную атмасферу яднання культур і народаў, –
гаворыць метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Святлана Смірнова. – Настаўнікі прасякаюцца асаблівым пачуццём далучанасці да вечных  каштоўнасцей, праходзіць абмен інтэлектуальным вопытам. Мы звяртаемся да творчасці Фёдара Дастаеўскага, каб лепш зразумець сябе, каб перадаць маладому пакаленню не толькі любоў да рускай літаратуры, але і прымусіць моладзь задумацца над тым, што неабходна захоўваць традыцыі і прымнажаць духоўнае багацце, развіваць у сабе гонар за родную краіну і быць яе патрыётам.
Насамрэч, як не ганарыцца, што тут, на Беларусі, карані чалавека, які мае літаратурнае сусветнае прызнанне! У Дастоеўскай школе яе дырэктар Святлана Ляхавец расказала, што на месцы маёнтка Дастаеўскіх студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна вядуць раскопкі. Ужо знойдзена шмат чаго цікавага: чарапкі посуду з характэрным вензелем Дастаеўскіх, 60 старадаўніх манет… Святлана Мікалаеўна спадзяецца, што пошукі прадоўжацца, а цікавасць да куточка, звязанага з імем класіка рускай літаратуры, стане яшчэ большай. І хочацца верыць, што тут заўсёды знойдуцца людзі, здольныя падтрымаць спадчыну беларускага народа і пашырыць міжкультурны дыялог.
Дар’я ЧАЙЧЫЦ,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля