У СШ №29 г. Брэста прайшоў конкурс мастацкага чытання “Чуць час”
Знайсці “свой” твор, вывучыць, гадзінамі рэпеціраваць – мастацкае чытанне вымагае шмат працы, але яно папулярнае ў школьным асяродку. Як адзначыла метадыст аддзела адукацыі Маскоўскага раёна Святлана Смірнова, спачатку ў школах, ліцэі, гімназіях прайшлі свае конкурсы, а на раённы трапіла каля 100 удзельнікаў.
Выразна, артыстычна, з душой дэкламавалі творы вучні 5-6-х 7-8-х і 9-11-х класаў. Больш таго, упершыню на конкурсе ўвялі настаўніцкую намінацыю, і педагогі, якія раней толькі хваляваліся ў зале за сваіх вучняў, цяпер таксама выйшлі на сцэну. Між іншым, выдатна справіліся – атрымаўся імправізаваны майстар-клас па мастацкім чытанні для школьнікаў і калег.
Журы конкурсу хоць і было строгім, але вырашыла шырока падтрымаць дэкламатараў. Сярод самых юных удзельнікаў прыкмецілі Аляксея Семенюка з сярэдняй школы №30 імя Д. Гвішыяні, якому і ўручылі гран-пры ў малодшай групе. Першае месца аддалі Веры Кезь з 24-й школы, другое – Ульяне Ганчаровай з СШ №12, трэцяе – Ільі Астапчуку з СШ №22. У сярэдняй узроставай групе гран-пры атрымала вучаніца сярэдняй школы №26 Анастасія Булах. На п’едэстал мастацкага чытання ўзышлі таксама Анастасія Самусік (14-я школа, 1-е месца), Вольга Сялюк (22-я школа, 2-е месца) і Дар’я Жарыкава (35-я школа, 3-е месца). Сярод 9-11 класаў вызначыліся вучні 12-й школы – Міхаіл Сасуноў (у яго гран-пры), гімназіі №6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава – Марына Баранчук (1-е месца), ліцэя №1 імя А.С. Пушкіна – Павел Раўмейка (2-е месца) і 35-й школы – Аляксей Соўпель (3-е месца).
Эльвіра ГАРОШКА,
вучаніца сярэдняй школы №35,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.