“Вайна і мір” у фармаце doc

“Вайна і мір” у фармаце doc

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сіла ў змесце, а не ў форме падачы слова
Медыкі ва ўсім свеце сцвярджаюць: калі доўга сядзець за камп’ютарам, то абавязкова з’явяцца праблемы са здароўем. Але ж, нягледзячы на ўсе папярэджанні, шмат часу моладзь праводзіць перад маніторам: перапісваемся з сябрамі, гуляем і нават зачытваемся папулярнымі раманамі ці навінамі перыядычнага друку.
З якім жа захапленнем я чытала раман амерыканскага пісьменніка Дэна Браўна “Код да Вінчы”! Нетыповыя сітуацыі перапляталіся з хваляваннем за галоўных герояў, напружаным сюжэтам і незвычайным фіналам. А ў працэсе займальнага чытання прысутнічаў адзін “мінус” – кніга была электроннай. Многія здзівяцца: “Што можа быць дрэннага ў электроннай кнізе? Гэта ж вельмі зручна, асабліва калі няма магчымасці знайсці традыцыйнае папяровае выданне”.
Бясспрэчна, пошук віртуальнай кнігі зручны, хуткі і не патрабуе фінансавых выдаткаў. Сярэдні кошт папяровай кнігі складае каля 100 тысяч рублёў, у той жа час сутачная абаненцкая плата за карыстанне інтэрнэтам значна меншая. Але пры чытанні электроннай кнігі я чамусьці адчувала дыскамфорт. Мне хацелася перагортваць старонку за старонкай, як у традыцыйнай кнізе, і нават тэкст успрымаўся зусім па-іншаму, быццам ён быў несапраўдным. Лавіла сябе на думцы, што мне хацелася не проста чытаць кнігу, але адчуваць яе праз шапаценне старонак і незвычайна прыемны водар друкарскай фарбы…
Пазней знайшла пацвярджэнне сваім меркаванням: з тым, што лепш усё ж чытаць папяровую кнігу, згадзіліся многія мае сябры. Хоць яны з віртуальным светам на “ты”, але ж не могуць уявіць кнігу ў іншым выглядзе, акрамя традыцыйнага. Для іх звыклая кніга лепш за электронную копію тым, што яна для чытача нібыта “жывая”: да яе можна дакрануцца, адчуваючы грубы пераплёт, “узрост” і запатрабаванасць кнігі. Адна сяброўка выказалася так: “Я не магу зразумець, як можна прачытаць вялікі твор, напрыклад, “Вайну і мір”, у электронным варыянце. На маю думку, сапраўдная кніга нават стварае атмасферу той рэальнасці, аб якой расказваецца ў творы”.
Цяпер кнігу можна не толькі чытаць, але і… слухаць! Дыскі з аўдыёкнігамі можна знайсці на бібліятэчных паліцах. Бібліятэкары кажуць, што гэта навамодная з’ява карыстаецца вялікім попытам, у асноўным, сярод моладзі. Старэйшыя ж чытачы аддаюць перавагу знаёмай кнізе з пажоўклымі ад часу старонкамі.
Супрацьстаянне назіраецца і паміж газетамі ды інтэрнэт-сайтамі. Многія перайшлі ўжо на бок віртуальнай прасторы. У асноўным – падлеткі і моладзь. А людзі старэйшага ўзросту ўсё яшчэ чэрпаюць інфармацыю з друкаваных выданняў.
Папера ці манітор? Рэальнасць ці віртуальны свет? Гэтыя і падобныя пытанні грамадства будзе задаваць яшчэ доўга. Асабіста я з вялікім нецярпеннем заўсёды чакаю чарговага прыходу вясковага паштальёна, з вялікім задавальненнем бяру ў рукі свежы нумар газеты ці часопіса. Калі ёсць вольны час, люблю “паблукаць” у інтэрнэце, знаходзячы нешта цікавае і невядомае. У першым і другім выпадку заўсёды лаўлю сябе на думцы: якую ўсё ж такі магутную сілу мае слова! І на другі план адыходзіць форма, застаецца толькі змест.
Кацярына РУТКОЎСКАЯ,
студэнтка 1 курса Інстытута журналістыкі БДУ,
г. Мінск.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Пазітыўную жыццёвую праграму ўзялі на ўзбраенне члены клуба “Новае пакаленне”

Следующая запись

“Тэлефон даверу” працуе ў КДК па Брэстчыне