Пазітыўную жыццёвую праграму ўзялі на ўзбраенне члены клуба “Новае пакаленне”
Пазітыўную жыццёвую праграму ўзялі на ўзбраенне на Піншчыне члены раённага клуба “Новае пакаленне”
Адкуль з’яўляюцца людзі адукаваныя, маральныя, прадпрымальныя, якія могуць самастойна прымаць адказныя рашэнні ў сітуацыі выбару, здольныя да супрацоўніцтва, якія маюць развітое пачуццё адказнасці за сябе і навакольных? У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама ведаюць дакладна: такіх трэба выхоўваць з малых гадоў. А для таго, каб у падлеткаў былі максімальна спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі, у 2011-м у раёне стварылі валанцёрскі падлеткавы клуб “Новае пакаленне”. Яго куратар, загадчык сектара па ахове дзяцінства раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Ліра тлумачыць: “Прааналізавалі эфектыўнасць выхаваўчай работы і прыйшлі да высновы, што традыцыйныя метады не заўсёды даюць вынік, якога чакалі. Вось і вырашылі задзейнічаць самых актыўных падлеткаў, навучыць іх, каб яны пазітыўныя, правільныя жыццёвыя прынцыпы перадалі равеснікам. Так з’явіўся клуб, які аб’яднаў валанцёраў, маладзёжных лідараў, цяжкіх падлеткаў і дарослых. Цяпер наш раён з’яўляецца апорнай пляцоўкай (адной з трох у вобласці) па развіцці прынцыпу “роўны навучае роўнага”.
“Сёння валанцёрства – адзін з самых распаўсюджаных інтэрактыўных відаў дзейнасці ў свеце, – расказала кіраўнік “Новага пакалення”, педагог-псіхолаг Вольга Літвінчук. – Гэты рух дапамагае шчодра дарыць навакольным радасць, надзею і душэўную цеплыню. І вельмі прыемна, што такую дзейнасць падтрымліваюць амаль усе школы раёна, ствараючы валанцёрскія групы”.
На мінулым тыдні ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў Пінкавічах прайшла сустрэча ў клубе “Новае пакаленне”. На семінар-практыкум “Мы разам змяняем жыццё да лепшага” сабраліся каля 100 школьнікаў. Валанцёры-трэнеры працавалі з равеснікамі, вучылі іх узаемадзеянню ў групах, навыкам прыняцця калектыўных рашэнняў, расказвалі пра валанцёрскі рух. Адначасова праходзіў навучальны трэнінг для настаўнікаў. Нязмушаная атмасфера панавала ў кожнай групе, так што нават навічкі адчувалі сябе сваімі ў кампаніі вопытных валанцёраў, якія дзяліліся энергіяй пазітыву.
Да актыўных валанцёрскіх груп, якія паспяхова рэалізуюць прынцып “роўны навучае роўнага” (“Продвижение+” Аснежыцкай, “ЛаддзЯ” Малоткавіцкай, “Крок у будучыню” Пінкавіцкай і “ДОМ: дзіцячы ордэн міласэрнасці” Лагішынскай сярэдніх школ), сёлета далучыліся валанцёры роўнага навучання Статычаўскай і Ставоцкай СШ. А па выніках кастрычніцкай сустрэчы ў клубе “Новае пакаленне” школьнікі абралі раённы вучнёўскі савет – 15 самых актыўных і крэатыўных равеснікаў, якія будуць каардынаваць работу клуба разам з дарослымі. На гэты навучальны год ужо запланаваны сустрэчы па тэмах “Усё ў тваіх руках” (гаворка пойдзе пра прафілактыку правапарушэнняў і проціпраўных паводзін) і “Валанцёры здароўя” (у цэнтры – здаровы лад жыцця і прафілактыка шкодных звычак). А ў маі 2014-га пройдзе “Сузор’е надзей”, дзе валанцёрскія групы пакажуць, чым займаліся і чаго дасягнулі ў гэтым навучальным годзе.
Прынамсі, многія падлеткі ўжо зараз патлумачаць, што дае ім валанцёрства і чаму яны гэтым займаюцца. “Гэта неверагодна прыемнае адчуванне – быць патрэбным лю-дзям”, – кажа Марына Сяргейчык, вучаніца Малоткавіцкай СШ. Вольга Палуяновіч з Пінкавіцкай школы тлумачыць: “Мне не ўсё роўна, што адбываецца навокал, таму хочацца змяніць наша жыццё да лепшага”. А Сяргей Шылавец з Пінкавіч расказаў: “Неяк прыйшоў у бібліятэку, а там – валанцёры. Паклікалі да сябе. Наша выпадковая сустрэча паўплывала на маю жыццёвую пазіцыю. Спачатку ў школьнай валанцёрскай групе, а цяпер і ў клубе “Новае пакаленне” маю магчымасць паказаць сябе як асобу”. “Ты перажываеш самыя розныя эмоцыі, а ў выніку становішся лепшым”, – сцвярджае Глеб Дубінін з Малоткавіцкай школы. Да меркавання сябра далучаецца Кірыл Шчур і дадае: “Валанцёрства – гэта дабрыня, а наш свет без дабрыні не можа жыць, развівацца, удасканальвацца”.
А настаўнікі адзначаюць, што валанцёрства – гэта не толькі цікавыя, захапляльныя зносіны, але і добрая жыццёвая школа, якая дапамагае падлеткам адчуць сваю значнасць, вучыць камунікатыўнай культуры, дае магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сацыяльных ролях, развіць дзелавыя і лідарскія якасці і нават вызначыцца з будучай прафесіяй.
Безумоўна, чым больш будзе прыцягвацца людзей да такой дзейнасці, тым гуманней будзе наша грамадства і тым камфортней кожнаму ў ім жыць.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Пінскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.