Беларусь

Забавы нашых педагогаў


Абсалютна паспяховым для Бярозаўскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі  стаў творчы праект – выстава работ кіраўнікоў гурткоў
У нашым горадзе добра ведаюць: хочаш убачыць што-небудзь прыгожае ці нават незвычайнае – зазірні ў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Творчасць тут уладарыць паўсюдна, таму калідоры цэнтра ніколі не пустуюць – адна выстава змяняе другую. Звычайна на іх паказваюць вынік творчасці гурткоўцаў, але ёсць адзін праект, адрозны ад астатніх. Я маю на ўвазе выставу “Свет нашых забаў”. Адметнасць гэтай традыцыйнай для цэнтра экспазіцыі ў тым, што ў ёй выстаўляюцца работы педагогаў. Іх у пазашкольнай установе працуе каля 40.
– Творчыя выставы педагогаў нашай установы дадатковай адукацыі праходзяць не першы раз, – расказвае дырэктар Ірына Антонаўна Мінеева. – “Свет нашых забаў” сабраў лепшыя работы педагогаў і тэхнічных работнікаў – людзей творчых.
Выстава педагогаў і іншых супрацоўнікаў цэнтра зачаравала і дзяцей, і дарослых. Хіба можна было застацца абыякавым да краявідаў, якія намалявала педагог узорнай студыі выяўленчага мастацтва “Маё натхненне” Наталля Уладзіміраўна Навумлюк?! А як не спыніцца ля работы Валянціны Міхайлаўны Казекі “Металічны кот”?! Бясспрэчна, увагу прыцягвала “Дымчатая кветка” Наталлі Генрыхаўны Юдчыц. Гэтае пано зроблена з незвычайнага матэрыялу – пёраў. Такое крэатыўнае, неардынарнае мастацтва называецца пёраграфіяй. Прыгажосцю, аб’ёмам, акуратнасцю выканання захаплялі карціны, якія вышыла крыжыкам Надзея Уладзіміраўна Масяйчук. А вось Ірына Пятроўна Жук звязала кручком надзвычай элегантны шалік. Добрыя водгукі прагучалі пра пано, зробленыя педагогам гуртка “Вышыўка пацеркамі” Людмілай Вітальеўнай Міхно…
Гэта здорава, што нашы педагогі прыдумалі такую выставу! Цяпер у гурткоўцаў з’явіўся дадатковы стымул – навучыцца майстэрству і таксама здзівіць Бярозу сваёй творчасцю на традыцыйнай выніковай выставе ў канцы гэтага навучальнага года.
Кацярына ЮДЧЫЦ,
г. Бяроза.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля