Пыталіся? Адказваем: пераразлік пенсій
Патлумачце, калі ласка, механізм пераразліку працоўных пенсій, бо чытаеш у газеце працэнт павелічэння, а потым атрымліваеш не тую суму, на якую разлічвала.
Галіна САЎЧУК, Камянецкі раён.
Тэлефонны зварот у рэдакцыю Галіны Фёдараўны мы накіравалі для разгляду ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне абл-выканкама. Тлумачэнні даў намеснік старшыні камітэта Уладзімір ХРОМАЎ:
– У адпаведнасці з пенсіённым заканадаўствам пераразлік прызначаных пенсій ажыццяўляецца: у сувязі са зменай сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, якая выкарыстоўваецца пры прызначэнні і пераразліку пенсій, і ў сувязі са зменай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Пераразлік працоўных пенсій залежыць ад велічыні сярэдняй заработнай платы. Памеры мінімальных працоўных пенсій, сацыяльных пенсій, надбавак і павышэнняў да пенсій залежаць ад змены велічыні БПМ.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №52 “Аб павышэнні пенсій” з
1 лютага гэтага года здзейснена карэкціроўка сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, якая выкарыстоўваецца пры папярэднім разліку пенсій, з павышэннем яе велічыні на 5 працэнтаў і зроблены адпаведны пераразлік працоўных пенсій.
Сярэдняя заработная плата, ужытая пры папярэднім пераразліку пенсій, склала 4723850 рублёў. Яе праіндэксавалі на 5 працэнтаў і атрымалі 4960043 рублі. Адначасова, у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму на 7,7 працэнта, былі пералічаны мінімальныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій. У выніку зробленых пераразлікаў з лютага 2014 года пенсіі ў сярэднім (з улікам усіх відаў пенсій) павялічыліся на 5,2 працэнта.
Памер павелічэння пенсіі залежыць ад індывідуальных параметраў стажу і заробку пенсіянера, а таксама ад надбавак і павышэнняў, зафіксаваных у яго пенсіённай справе. Таму і працэнт павышэння пенсіі пры пераразліку ў кожнага пенсіянера свой.
Што да пенсіі аўтара пытання, дык Галіна Фёдараўна атрымлівае працоўную пенсію па ўзросце, памер якой вылічваецца за стаж работы 31 год 2 месяцы, а індывідуальны каэфіцыент заробку складае 1,09048. Павелічэнне яе пенсіі залежыць толькі ад велічыні сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне. У лютым пенсія Галіны Фёдараўны павялічылася на 5 працэнтаў. Пераразлік быў зроблены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.