Беларусь

“Сем жанчын – сем талентаў”


Так ахарактарызавала ўдзельніц рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2013” ад Брэстчыны старшыня абласной суполкі “БСЖ” Ірына Арабей
Урачыстасць адбылася роўна тыдзень таму ў сталічным “Прэзідэнт-гатэлі”, але прыемныя ўражанні і гонар за брастаўчанак дасюль не пакідаюць кіраўніка ГА “Беларускі саюз жанчын”. Ірына Афанасьеўна сцвярджае, што “нашы прадстаўніцы выглядалі лепш за ўсіх”. І з захапленнем расказвае пра кожную…
Перамогу ў намінацыі “За жаночую мужнасць” беларуская фрыстайлістка Ала Цупер падзяліла з настаўніцай фізкультуры і здароўя Малоткавіцкай СШ Пінскага раёна Святланай Новак, якая летась патушыла пажар у школе, яшчэ раней ратавала жывёлу, калі гарэла ферма. “Уласным прыкладам настаўніца вучыць  дзяцей мужнасці – гэта чалавек слова і справы, які варты агульнай пашаны”, – упэўнена Ірына Арабей.
Звання “Жанчына года” ў намінацыі “За паспяховы дэбют у бізнесе” ўганаравана і Валянціна Шугай, генеральны дырэктар ЗТАА “Лангхайнрых канфекцыён Бел” Кобрынскага раёна. Больш чым 140 вясковых жанчын працаўладкавана, атрымлівае годны заробак, мае сацыяльны пакет, а сама кіраўнік прадпрыемства не стамляецца рабіць дабро. Дарэчы, як і касір вакзала станцыі “Брэст – Цэнтральны”, мастацкі кіраўнік групы “Лагуна” Марына Жыцянёва, якая была прадстаўлена ў намінацыі “За дабрачыннасць і міласэрнасць”. Гэтую няўрымслівую, прыгожую, энергічную пявунню брастаўчане ведаюць па шматлікіх дабрачынных канцэртах, на якіх збіраліся грошы для хворых дзяцей.
Лаўрэатамі ў розных намінацыях сталі: Ларыса Дрычыц – навуковы работнік раённага музейнага комплексу Напалеона Орды Іванаўскага раёна, Святлана Кананчук – выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама, Тэрэса Дыбуль –
дырэктар ААТ “Аранчыцкая птушкафабрыка” Пружанскага раёна і Алена Быковіч – кіраўнік узорнага ансамбля народнага танца “Журавінка” Белаазёрскага ДК Бярозаўскага раёна.
“Кожная жанчына – гэта талент, непаўторны, адметны, яркі, – кажа Ірына Арабей. – І  працаўніца! Ну, напрыклад, уявіце, толькі праз рукі і сэрца Алены Мікалаеўны Быковіч за 40 гадоў працы прайшло звыш 1500 дзетак, якія далучыліся да свету прыгажосці – чым не прыклад любові да Радзімы, людзей і прафесіі?! Вось таму я і кажу: сем нашых жанчын – гэта сем вялікіх талентаў”.
Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля