Здымаем ружовыя акуляры
Зручна некаторым жыць, не заўважаючы праблем
Шкада, вельмі шкада… У сучасным грамадстве многім падабаецца глядзець на свет праз ружовыя акуляры. Дзеці-сіроты? Ну і што. Людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі? Мне ўсё роўна. Анкалагічныя хваробы? Мяне гэта не закране. Сэрцы ачарсцвелі ў адносінах да пажылых людзей. Мы забываем, што жывём, дзякуючы іх перамогам і заслугам. Мы абыякава праходзім міма тых, хто просіць дапамогі – няхай жабракам хто-небудзь іншы падае. Мы перасталі чытаць класічныя творы, заўсёды думаючы пра тое, што такіх герояў ужо не існуе. Выжываюць мацнейшыя, а слабаму проста не можа быць месца пад сонцам.
Так зручна жыць, не заўважаючы праблем… Прыходзіць з працы, уладкоўвацца на канапе перад тэлевізарам ці сядаць за камп’ютар… Не хочам мы ў сваім грамадстве заўважаць праблемы. Цынічныя, эгаістычныя і абыякавыя…
Нехта скажа: “Але што я адзін магу зрабіць?” У першую чаргу – змяніць сябе. Стаць дабрэйшым. Адкінуць абыякавасць, якая перапаўняе нас. Паглядзець на свет іншымі вачыма, скінуўшы ружовыя акуляры самападману. Пачаць дзейнічаць! Напрыклад, наведаць дзяцей у прытулку, сабраць для іх цацкі, кніжкі, ахвяраваць грошы на будоўлю храма, дапамагчы незнаёмай бабульцы перайсці дарогу ці хоць бы месца ў аўтобусе саступіць. Галоўнае, каб усе ўчынкі ішлі ад сэрца. Гэта ж зусім не цяжка, а нават у нейкай ступені прыемна дапамагаць іншым, творачы добрыя справы. На душы адразу ж з’яўляецца нейкая лёгкасць – і вось ужо свет не здаецца такім шэрым і халодным. Таму што кожны добры ўчынак расфарбоўвае адно імгненне нашага жыцця ў яркія колеры вясёлкі.
Ірына БАРОДЗІЧ,
вучаніца СШ №2,
г. Ляхавічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.