Беларусь

Падарункі да вяселля. Фарфоравага


На 21-годдзе сумеснага жыцця  ў сям’і Іны і Сяргея Сілічаў з Аснежыц Пінскага раёна нарадзілася шостае дзіця, а яшчэ жанчыне ўручылі ордэн Маці і ордар на новую пяціпакаёвую кааператыўную кватэру

Усе гэтыя падзеі  і сталі своеасаблівым падарункам  да фарфоравага вяселля, якое сям’я Сілічаў адзначыла сёлета. Падарункі (як чаканыя – нара-джэнне дзіцяці і ордар на кватэру, так і нечаканыя –  ордэн Маці) заўжды атрымліваць прыемна. Мне ж з гэтай нагоды прыгадалася адна з версій тлумачэння фарфоравага вяселля. Яна  гаворыць, што шчаслівы сямейны саюз праз 20 гадоў пасля вяселля прыгожы і гарманічны, як сапраўдны кітайскі фарфор, таямніца вырабу якога не разгаданая да гэтага часу.
Сямейны саюз Іны і Сяргея менавіта такі: прыгожы і гарманічны, вынікам якога  з’яўляюцца цудоўныя дзеці, народжаныя ў каханні. А выснову гэтую зрабіла пасля знаёмства з жанчынай і яе хлопчыкамі. На жаль, з мужам  шматдзетнай маці пазнаёміцца не давялося. Як і належыць бацьку вялікага сямейства, ён зарабляў грошы. Сяргей –  трактарыст мясцовай гаспадаркі.
Былі дома падчас нашага прыезду ў Аснежыцы   і не ўсе дзеці Сілічаў. 19-гадовая Вераніка, якая працуе ў Палескім дзяржаўным універсітэце інструктарам-метадыстам, знаходзілася на рабоце. 17-гадовы Уладзіслаў – на занятках  у каледжы машынабудавання, а трохгадовы Ванечка –
у садку. З Інай, якая “сядзела на чамаданах” (сям’я рыхтавалася да пераезду ў новую кватэру),   быў толькі маленькі Ромачка. Школьнікі –
шасцікласнік Дзіма і першакласнік Ілья, у якіх былі  канікулы, – недзе гулялі з сябрамі і дахаты заявіліся, калі мы ўжо збіраліся развітвацца з гасціннай гаспадыняй.
Знакаміты калгас “Аснежыцкі”, слава пра які ў свой час грымела на ўвесь Савецкі Саюз, як магніт прыцягваў да сябе жадаючых уладкавацца на работу. Прычым не толькі беларусаў, але і суседзяў-украінцаў. Сярод тых, каму пашанцавала пусціць тут карані, былі і бацькі Іны. Яны прыехалі ў Аснежыцы з Украіны ў 1986 годзе,  атрымалі ў гаспадарцы жыллё і работу. Праз шэсць гадоў і сама Іна прыйшла на свінакомплекс. А праз год ужо выйшла замуж за Сяргея Сіліча з суседняй вёскі Галева, які ўсяго на год быў старэйшы за яе. Вядома ж, як і ў большасці пар,  у іх быў “букетна-цукеркавы” перыяд, пасля – вяселле.
– За 20 гадоў, якія праляцелі з той пары, у нашай сям’і адбылося нямала падзей, – распавядала падчас сустрэчы жанчына. – А самыя галоўныя і важныя – нараджэнне дзяцей.  Няхай не ўсе  яны, як бы мовіць, “запланаваныя”, а вось тое, што жаданыя – гэта чыстая праўда. Бо ў кожным з іх ёсць наша з Сяргеем часцінка: вочы,  валасы, рухі, характар.  І дачушка, і пяцёра сыночкаў народжаныя ў каханні. Так-так. Я і зараз, як 20 гадоў таму, кахаю свайго мужа.
А яшчэ  маладая жанчына гаворыць, што ні разу не пашкадавала аб тым, што ў 17 гадоў выйшла замуж. Нават тады, калі  ў сям’і ўзнікалі некаторыя непаразуменні, Іна не кідалася ў істэрыку і не хапалася за рэчы. Усе недарэчнасці  старалася  вырашаць так, як яе вучыла свякроў, разам з якой пражыла сем гадоў. Недзе ўступала мужу, нешта даравала, а калі неабходна было, дык і прыкрыкнуць на яго магла. Вядома ж, у дазволеных рамках.  Інакш сям’ю не захаваеш. І яна ўдзячная маці мужа за гэтую навуку. А яшчэ – Зінаідзе Іванаўне Кохан і Надзеі Іванаўне Новікавай, з якімі працуе на ферме. За падтрымку, разуменне і  добрыя  парады. Гэтыя жанчыны для Іны – нібыта дзве другія матулі.
Першыя словы і першыя крокі дзяцей, школьныя і студэнцкія гады старэйшых дачкі і сына. Усё гэта Іна з Сяргеем прапускалі праз сябе. Была ў іх жыцці і першая свая аднапакаёвая кватэра. Затым, па меры прырастання сям’і,  гаспадарка выдзеліла ім трохпакаёвую. А яшчэ Сяргей паступіў і закончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж.
Вялікая сям’я Сілічаў не толькі дружная, але і працавітая. Муж не лічыць для сябе нязручным заварыць сумесь для нованароджанага сына. Вераніка разам з маці займаецца хатнімі справамі: сочыць за парадкам  у кватэры, гатуе абеды. Улад дапамагае бацькам упраўляцца з агародам, а Дзіма адказвае за вынас смецця. Ды не толькі хатнімі справамі займаюцца Сілічы-малодшыя. Той жа Дзіма наведвае ў школе лялечны гурток. Шчырая адкрытая ўсмешка гэтага кантактнага хлапчука была прызнана “Самай шырокай усмешкай” у адным са школьных конкурсаў. Бесклапотныя пакуль першакласнік Ілья,  трохгадовы Ванечка ды маленькі Ромачка, які ўвесь час, пакуль мы гутарылі, пасапваў у сваім ложачку.
– У іх яшчэ ўсё наперадзе, – гаворыць маці. – Хоць у конкурсе “Лепшая шматдзетная сям’я”, у якім мы сёлета ўдзельнічалі, і занялі другое месца, Ілья і Ванечка таксама былі актыўнымі. Я ганаруся ўсімі сваімі дзецьмі. Для мяне яны, як і для кожнай маці, самыя прыгожыя і лепшыя.
На гэтай аптымістычнай  і сцвярджальнай ноце мы і развіталіся. А незадоўга да выхаду ў свет матэрыялу я патэлефанавала Іне, каб удакладніць нейкую дэталь, і даведалася, што сям’я Сілічаў пераехала ў новую пяціпакаёвую кааператыўную кватэру і маленькага Ромку ахрысцілі ўжо. З чым  і павіншавала шчаслівую маму.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Пінскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля