Пашанцавала Насці
У прыёмнай сям’і дзяўчынцы камфортна і ўтульна
Ніна заўсёды марыла пра дыхтоўны прасторны дом і вялікую дружную сям’ю ў ім. І на пачатку яе замужжа ўсё так нібыта і складвалася. Дома ўласнага, праўда, не было, затое побач быў каханы чалавек, а пасля адзін за адным, нібы тыя грыбы ў сезон, нарадзіліся тры сыны. Жылі ў кватэры, і ўсё ішло сваім парадкам. Ды толькі лёс распарадзіўся жыццём шчаслівай і багатай на хлопчыкаў сям’і па-свойму. Спачатку Ніна з дзецьмі і мужам вярнуліся з Малдавіі, дзе ён служыў, у Беларусь, на сваю малую радзіму. А пасля, па словах жанчыны, не без дапамогі свекрыві і сям’я распалася.
Я не стала вярэдзіць яе былую рану і распытваць пра той няпросты час. Вядома ж, было цяжка з трыма малымі хлапчукамі на руках. І ў матэрыяльным плане, і ў маральным таксама. Але недарэмна гавораць: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. У родным краі сустрэўся на шляху жанчыны малады чалавек, які стаў яе другім мужам, усклаўшы на свае плечы і клопат пра дзяцей.
Ніна і Сяргей, які працуе ў мясцовай гаспадарцы механізатарам, разам ужо 16 гадоў. За гэты час у іх з’явіўся дом, пра які марыла жанчына, – яго выдзеліў сям’і СВК “Ліпнікаўскі”. Хлопцы выраслі і раз’ехаліся: старэйшы Раман вучыцца ў тэхнічным універсітэце ў Брэсце, сярэдні Мікіта працуе на чыгунцы ў Баранавічах, а малодшы Аляксей у ліцэі ў Драгічыне атрымлівае прафесію механізатара. На выхадныя яны звычайна прыязджаюць дахаты, каб дапамагчы бацькам па гаспадарцы і сустрэцца з гарэзай Насцяй, расказаць дзяўчынцы нешта цікавае, даведацца пра яе поспехі ў школе і абавязкова прывезці што-небудзь смачненькае з горада. А як жа, яна –
іх малодшая сястрычка. Больш таго, гэта па іх прапанове бацькі ўзялі на выхаванне дзяўчынку ў дзіцячым доме.
І пра дачку-памочніцу Ніна таксама марыла. Але ў першым шлюбе нараджаліся толькі хлопчыкі, і, як сказала сама жанчына, з другім мужам яны вырашылі “не рызыкаваць” і ўзяць дзяўчынку ў дзіцячым доме, пазбавіўшы тым самым сірочага жыцця маленькага чалавечка. Праўда, адбылося гэта не адразу.
Насця ў Янусікаў з’явілася тры гады таму. На той час у іх быў ужо дом і адладжаны быт. Ды і пэўны вопыт у выхаванні дзяўчынак. Справа ў тым, што сям’я Янусікаў некалькі гадоў запар брала да сябе на канікулы Аліну Феранчук з Ястрамбельскай школы-інтэрната. Дзяўчына ўжо вырасла, але пра тых, хто клапаціўся пра яе, не забывае і зараз. А ў апошні час на канікулы да іх прыязджае Маша з Пінскай школы-інтэрната.
– Вось і нядаўна званіла, пыталася, ці можна прыехаць да нас на канікулы, – распавядае гаспадыня дома. – Вядома ж, прыязджай, адказала я. Ды і Насця яе чакае.
А Насця тым часам дапытліва вывучала незнаёмых дарослых людзей. Уладкаваўшыся ў Ніны на руках, слухала нашу размову і нават спрабавала дапоўніць адказы гаспадыні дома.
– Зараз Насця ходзіць у школу. А калі мы прывезлі з дзіцячага дома, ёй было тры гады і восем месяцаў, дык яна амаль не размаўляла, –
расказвае прыёмная матуля дзяўчынкі. – У развіцці адставала моцна. Дзеянні двух-трохгадовых дзяцей Насця пачала выконваць у пяцігадовым узросце. Мне і зараз даводзіцца многа працаваць з дзяўчынкай, а яшчэ водзім яе да лагапеда, бо з мовай пакуль таксама не ўсё добра.
– А што вядома пра яе біялагічную маці? – пытаюся ў Ніны.
– Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў. Яна ведае, што Насця жыве ў нашай сям’і, але за тры гады ні разу не пацікавілася лёсам дачкі, – адказала жанчына. – Што тычыцца дзяўчынкі, дык яна ў нас лёгка прыжылася. Як кажуць, хутка ўвайшла ў сям’ю. Вось толькі спаць спачатку сама не магла і заставацца дома адна баялася.
Назіраючы за малой, якая, калі ёй нешта не падабалася, пачынала капрызіць, а пасля ўвогуле пакінула дарослую кампанію і пайшла ў другі пакой, адзначыла, што, па ўсім відаць, няпроста з ёй прыёмным бацькам. Ніна ўсміхнулася і вымавіла: “Усяляк бывае, як і ў любой іншай сям’і. Галоўнае, што Насці падабаецца ў нас, што яе сэрца з кожным днём становіцца больш адкрытым. Значыць, справа, якую робім, –
недарэмная”.
А дзяўчынка тым часам уладкавалася перад тэлевізарам, і яе зусім не цікавіла, пра што гавораць дарослыя. Ёй было ўтульна і камфортна ў гэтым доме, дзе яе любяць, пра яе клапоцяцца. І толькі калі мы пакідалі дом Янусікаў, Насця адарвалася ад блакітнага экрана і сказала: “Да пабачэння”. “Да пабачэння”, – вымавіла я ўголас, а пра сябе падумала: “Няхай табе шчасціць у жыцці і надалей, няхай на тваім шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі, а прыёмная сям’я стане па-сапраўднаму роднай”.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Драгічынскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.