Беларусь

Малінавы эксклюзіў…


ВАРЭННЕ “МАЛІНАВЫЯ КУБІКІ” ад Дануты РАГАЧУК,
намесніка старшыні праўлення Кобрынскай арганізацыйнай структуры РДГА “Веды”:
– Мая сям’я любіць разнастайную ежу, сярод якой асаблівае месца займаюць бліны, мачанка, куры і гусі з яблыкамі. Але чытачам “НТ” прапаную сваю фірменную страву-дэсерт. Неяк падумала: “А чаму варэнне павінна быць толькі з адной вішні ці яблык?” І пачала эксперыментаваць – тое, што атрымалася, прыйшлося мне даспадобы.
Бяру прыкладна 1 кг яблык, здымаю з іх скурку і рэжу на дробныя кубікі. З улікам таго, што яблыкі салодкія, засыпаю іх 400 г цукру  і пакідаю на 2 гадзіны, потым стаўлю на агонь. Пасля 5 мінут кіпення пакідаю астываць. Тым часам тое ж самае раблю з 1 кг груш, парэзаных на кубікі, якія засыпаю прыкладна 300 г цукру. Затым, паасобку давёўшы да кіпення яблыкі і грушы, злучаю іх і дадаю малінавы сок (150 г на 1,5 л варэння). А можна яшчэ ўліць і сталовую лыжку каньяку ці дадаць, для водару, крышку мёду – гэта ўжо залежыць ад вашага густу.
Пасля таго, як варэнне з усімі інгрэдыентамі пакіпела некалькі мінут, здымаю з агню і разліваю ў невялічкі посуд. Захоўваю ў халадзільніку.
Па словах Дануты Валяр’янаўны, варэнне мае не толькі непаўторны смак – яркай прыгажосцю яно вабіць кожнага да спробы. І нядаўна, калі завіталі госці, замест мёду ўсе смакавалі і нахвальвалі “Малінавыя кубікі”…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля