Падзеі: у свеце, краіне, вобласці
За свабодны гандаль
Дагавор аб зоне свабоднага гандлю дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць эканомік краін СНД. Аб гэтым заявіў журналістам Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін, падводзячы вынікі пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое адбылося 18 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу. Гэты дагавор падпісалі Расія, Украіна, Беларусь, Казахстан, Арменія, Кыргызстан, Малдова і Таджыкістан. Азербайджан, Узбекістан і Туркменістан будуць вывучаць магчымасць далучэння да гэтага дакумента да канца 2011 года. На пасяджэнні Савета прынята таксама Міждзяржаўная праграма інавацыйнага супрацоўніцтва да 2020 года і іншыя дакументы.
Далучаецца Кыргызстан
Кіраўнікі ўрадаў краін, якія ўваходзяць у ЕўрАзЭС, прынялі рашэнне аб далучэнні Кыргызстана да Мытнага саюза. Аб гэтым заявіў 19 кастрычніка на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў генеральны сакратар Еўразійскага эканамічнага супольніцтва Таір Мансураў. Створана адпаведная рабочая група, якая будзе рэгулярна дакладваць на пасяджэннях камісіі Мытнага саюза аб працэсе далучэння Кыргызстана да гэтай арганізацыі.
Сустрэчы ў працоўных калектывах
Рэспубліканская інфармацыйная група ў чацвер наведала Брэст. Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання краіны Надзея Каткавец пабывала на прадпрыемстве «Брэстхлебапрадукт», а намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш – на панчошным камбінаце. Члены інфармацыйнай групы пазнаёміліся з вытворчымі і сацыяльна-бытавымі ўмовамі прадпрыемстваў, выступілі перад іх працаўнікамі, адказалі на шматлікія пытанні.
«Прамая лінія» з губернатарам
27 кастрычніка 2011 г. з 19.00 да 21.00 па тэлефоне ў г. Брэсце 20-60-60 адбудзецца «прамая тэлефонная лінія» са старшынёй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Сумарам Канстанцінам Андрэевічам.
Асабісты прыём
28 кастрычніка 2011 г. з 11.00 да 13.00 у Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце (г. Брэст, вул. Леніна, 11, каб. №1) будзе праводзіць асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб намеснік дырэктара Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Чаўко Леанід Уладзіміравіч. Тэлефон для даведак у Брэсце 21-51-47.
Мараторый для ракаў
З 15 кастрычніка на вадаёмах вобласці ўстаноўлена забарона на лоўлю вузкапалага рака. Як паведамілі ў Брэсцкай міжраённай прыродаахоўнай інспекцыі, гэты мараторый будзе дзейнічаць да 15 чэрвеня 2012 года. За незаконную лоўлю гэтых водных жыхароў прадугледжаны штраф да 50 базавых велічынь і аднаўленне нанесенага ўрону – 1,5 базавай велічыні за кожнага вылаўленага рака. Калі вам вядомыя факты браканьерства, можна паведаміць аб іх на «гарачую лінію» інспекцыі па тэлефоне ў Брэсце 20-70-00.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.