Беларусь

Берасцейшчына: ад суботы да суботы


БРЭСТ
Двайны поспех “Будаўніка”
Брэсцкі “Будаўнік” паспяхова завяршыў сезон, заваяваўшы Кубак Беларусі па хакеі на траве. Напрыканцы мінулага тыдня ў Гомелі нашы землякі перамаглі мясцовы КЛХ з лікам 15:0, зборную Гомельскай вобласці – 17:0 і каманду Мінскай вобласці – 7:0. А ў рашаючым матчы з ХК “Мінск” таксама атрымалі перамогу – 2:1. За тыдзень да гэтага поспеху “Будаўнік” стаў чэмпіёнам краіны.

БРЭСЦКІ РАЁН
Падзяліліся сакрэтамі
У райвыканкаме прайшло пасяджэнне клуба маладых пар, якія вырашылі ўзяць шлюб. Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Гойка і ўрач-гінеколаг Брэсцкай гарадской бальніцы №2 Святлана Ільічэўская расказалі, як планаваць сумеснае жыццё і будучую цяжарнасць, як вырашаць канфлікты. А шматдзетная сям’я Любові і Андрэя Пятровічаў з вёскі Новыя Лышчыцы падзялілася сакрэтамі  шчаслівага сямейнага жыцця.

БАРАНАВІЧЫ
Тэатральнае шчасце
Пастаноўкай “Шчасце маё” ўзорнай тэатр-студыі “Паралель” адкрыўся новы тэатральны сезон у райцэнтры. Прыхільнікі Мельпамены ўбачылі і спектакль “Дэмбельскі цягнік”, таксама прымеркаваны да пачатку сезона. Сёлета калектыў плануе парадаваць гледачоў чатырма прэм’ерамі.

БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Тэорыя вялікага выбуху
не спрацавала
Крымінальную справу за лжывыя паведамленні пра небяспеку ўзбудзіла следчае аддзяленне Баранавіцкага РАУС супраць жыхара вёскі Вольна. Нецвярозы малады чалавек пракраўся ў адзін з нежылых дамоў свайго населенага пункта і паведаміў па тэлефоне 103 пра намеры падарваць будынак гарадскога аддзялення ўнутраных спраў і абодва чыгуначныя вакзалы – Палескі і Цэнтральны. Хулігана затрымалі.

БЯРОЗА
Увага і настрой
У вёсцы Шлях-Пушча пражывае 59 чалавек, але і маланаселены пункт заслугоўвае ўвагі і святочнага настрою. Так палічылі ў Сігневіцкім сельвыканкаме і СВК “Вінец”, сумеснымі намаганнямі наладзіўшы для вяскоўцаў свята. Удзел у ім прынялі старшыня сельвыканкама Аляксей Клімовіч і кіраўнік сельгаспрадпрыемства Яўген Шымчук, а самадзейныя артысты Маравільскага СДК падрыхтавалі канцэрт.

ГАНЦАВІЧЫ
І фантазія, і смаката…
20 кастрычніка ў раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці адбылося свята сямейнай творчасці “Мы разам!”. Пры гарачай падтрымцы не толькі дзяцей і кіраўнікоў гурткоў, але і бацькоў выхаванцаў прайшлі конкурсы “Складзі слова”, “Таленавіты паэт”, “Частушка”, “Упрыгож фартух і матрошку”, “Кулінарыя”, якія раскрылі здольнасці ўдзельнікаў. А яшчэ жадаючыя маглі пазнаёміцца з выставамі дзіцячай творчасці.

ДРАГІЧЫН
Круглая дата “Крынічанькі”
У Мікіцкім Доме фальклору прайшоў вечар-ушанаванне фальклорна-этнаграфічнага гурта “Крынічанька” з нагоды 20-годдзя з дня прысваення звання “народны”. Павіншаваць яго ўдзельнікаў з круглай датай  прыехалі прадстаўнікі раённай улады,  работнікі аддзела культуры,  аматары творчасці гэтага самабытнага калектыву.

ЖАБІНКА
З канцэртам у Варшаве
У мінулую суботу народны  вакальны ансамбль “Каларыт” гарадскога Дома культуры выступіў з вялікай канцэртнай праграмай у Варшаўскім музеі Незалежнасці, дзе праводзілася міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі. На канцэрце прагучалі беларускія і рускія песні, многія з іх – у апрацоўцы кіраўніка гурта Мікалая Зіноўева.

ІВАНАВА
Мама, тата і родная хата
На наваселле ў першы ў раёне дом сямейнага тыпу да Надзеі і Мікалая Лагодзічаў прыехалі госці з Італіі, у ліку якіх быў пасол гэтай краіны ў Мінску Арнальда Абеці. Дом будавалі агульнымі намаганнямі: аблвыканкам,  дабрачынны фонд “Сям’я –  дзіцяці”, Федэрацыя італьянскіх валанцёрскіх асацыяцый, Ірландскі дабрачынны фонд “Міжнародная праграма развіцця інтэрнатаў”.

ІВАЦЭВІЧЫ
“Золата” школы-інтэрната
Целяханская спецыялізаваная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат адзначыла свой паўвекавы юбілей. З нагоды 50-годдзя ўстановы, у якой зараз навучаецца 128 дзетак, прайшло свята. Школа атрымала шмат віншаванняў і падарункаў, у тым ліку ад абласнога і раённага выканкамаў, РАУС, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, камандавання 302-й зенітна-ракетнай часці і іншых шэфскіх арганізацый.
КАМЯНЕЦ
“Белая Фета” едзе ў Азербайджан
Гэтая навінка СААТ “Белавежскія сыры” на вераснёўскай выставе ў Маскве  “Увесь свет харчавання-2011” заваявала дыплом і сярэбраны медаль. А днямі нетрадыцыйны мяккі салёны сыр “Белая Фета” паступіў у масавы продаж. Першую  партыю яго адправілі таксама ў Азербайджан і Дагестан.

КОБРЫН
З журналістамі –
аб працоўных пытаннях
У райвыканкаме прайшла прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў мясцовых сродкаў масавай інфармацыі. На пытанні журналістаў аб арганізацыі працы і яе аплаце адказалі начальнік аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Гапасюк, галоўны дзяржаўны інспектар працы Георгій Дулько і іншыя спецыялісты адпаведных раённых службаў.

ЛУНІНЕЦ
Памятная вечарына
Вечарына памяці Уладзіслава Нязведскага па традыцыі прайшла ў Мікашэвіцкай гімназіі, якая носіць імя паэта. Сёлета да школьнікаў далучыўся ганаровы госць – паэт Эдуард Акулін, галоўны рэдактар часопіса “Верасень”. Удзельнікі свята абмяркоўвалі біяграфію і творчасць літаратара, чыталі яго вершы, спявалі песні пад гітару. Фінальным акордам сустрэчы стала ўручэнне штогадовай прэміі імя Уладзіслава Нязведскага.

ЛЯХАВІЧЫ
“Заранка” ў лесе
Райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з членамі раённага клуба Беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА “Заранка” ачысцілі ад смецця 4 гектары лесу ўздоўж берагавой паласы вадасховішча Мінічы. Было вывезена каля 4 кубаметраў бытавых адходаў. І адразу ж нібыта пасвятлела ў лесе…

МАЛАРЫТА
На “прамой лініі” – старшыня
У сераду старшыня райвыканкама Казімір Лапіч правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна. Са сваімі пытаннямі, якія тычыліся рамонту дарог і дамоў, арэнды рыбалоўных угоддзяў, да кіраўніка рэгіёна звярнуліся 8 грамадзян. Тэлефанавалі з Ланской, Масевіч, Олтуша, Маларыты. На кожнае пытанне людзі атрымалі адказы і тлумачэнні.

ПІНСК
Знойдзены студэнт.
Лепшы ў вобласці!
У сераду Палескі дзяржуніверсітэт прымаў фіналістаў абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года”, арганізатарам якога выступіў абкам БРСМ і пярвічныя арганізацыі маладзёжнай суполкі ВНУ вобласці. Пераможцам захапляльнага конкурсу стаў студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна Сяргей Палячук. Фіналісты – Ірына Скамарох з БарДУ, Вячаслаў Качурка з БрДТУ і Іван Серадзюк з ПалесДУ – былі адзначаны ў індывідуальных намінацыях.

ПІНСКІ РАЁН
Са спадчынай продкаў
Цікавым і змястоўным атрымаўся семінар бібліятэчных работнікаў, прысвечаны рабоце бібліятэк-музеяў раёна і іх месцу ў сацыяльна-культурным жыцці Піншчыны. Пачаўся ён у раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц з літаратурна-музычнай кампазіцыі “Маіх пачуццяў плешча мора…”, прысвечанай 80-годдзю пісьменніка Алеся Бібіцкага. Удзельнікі семінара наведалі таксама Велясніцкую бібліятэку-музей Яўгеніі Янішчыц, Парэцкую сельскую бібліятэку, пабывалі на майстар-класе “Цудоўнае сваімі рукамі” ў калег з Малоткавіцкай і Жыдчанскай бібліятэк.

ПРУЖАНЫ
Ганаровы грамадзянін
Раённы Савет дэпутатаў прысвоіў званне “Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна”  Мікалаю Бурнасу, грамадзяніну Расійскай Федэрацыі, старшыні савета дырэктараў ААТ “Санкт-Пецярбургскі завод палімербудматэрыялаў”. Ураджэнец вёскі Клятное адзначаны за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Пружаншчыны, прапаганду аграэкатурызму і ўкладанне інвестыцый у эканоміку раёна. Турыстычны комплекс, які Мікалай Аляксеевіч пабудаваў на сваёй малой радзіме, ужо ведаюць далёка за межамі Беларусі.

СТОЛІН
Зарабіць грошы… на экалогіі
Прадпрыемства “Сельская Століншчына” ў вёсцы Белавуша купляе ў насельніцтва выкарыстаную плёнку. Праект рэалізуецца пад кіраўніцтвам Цэнтра сельскага развіцця і ставіць перад сабой мэту палепшыць экалогію ў раёне. Прыкладна 700 тон плёнкі штогод выкарыстоўваюць мясцовыя жыхары для ўкрыцця цяпліц, потым частка адпрацаванага матэрыялу спальваецца. Тыя, хто здасць старую плёнку, змогуць купіць новую па льготным кошце.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля