АЎТАРСКІ ПРАЕКТ Расціслава Бензерука “ВАНДРОЎКІ ПА НАТХНЕННЕ”

АЎТАРСКІ ПРАЕКТ Расціслава Бензерука “ВАНДРОЎКІ ПА НАТХНЕННЕ”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сціплы паэтычны рупліўца
За той час, як няма з намі Васіля Гадулькі, я не магу пазбавіцца думкі, што надвячорак 14 ліпеня 1993 года быў знакавым для паэта, як і клён, што рос на яго двары.
Сонца нізка схілілася да гарызонту, калі рэдакцыйныя “Жыгулі” спяшаліся ў гараж. Траса была роўная, і аўтамабіль бег лёгка. У Федзькавічах, на Гадулькавым двары, я ўбачыў Васіля: ён стаяў ля клёна і пільна ўглядаўся ў карону дрэва, якую ледзь пазалаціла сонца. Карцела запыніцца, спытаць, што ён хоча ўбачыць у зялёнай лістоце, ды часу было ў абрэз. Не запыніліся, не спыталі, а зранку дайшла вестка: ноччу Гадулькі не стала.
Можа, тады з’явілася думка, што Васіль сваім уражлівым пачуццём зразумеў: наступае апошняя хвіліна, і трэба развітацца з усім дарагім для яго на зямлі. Гэтае адчуванне толькі ўзмацнілася з гадамі. Ды і на помніку, устаноўленым на магіле, знаёмае паэтава аблічча і словы: “… Шлях мой самотны” – на кляновым лісце.
Менавіта клён – блізкі для Гадулькі вобраз – праходзіць праз многія творы. У адным вершы чытаем:
Ранкам клён зялёны на маім
падворку
дзіўную з лагодным ветрам
вёў гаворку…
У другім:
Лісток пажоўклы ў голлі клёна
ад ветру ўздрыгвае, трымціць.
У трэцім:
І хоць вецер гне сухое вецце,
і хоць іней срэбрам лёг на скронь, –
нельга мне, шкада змахнуць,
як смецце,
ліст, які сагрэў маю далонь.
Васіль Гадулька прыйшоў да чытача гэтак жа стрымана і нясмела, як і жыў. У артыкуле “Відушчая душа” на Гадулькаў зборнік “Голас” вядомы беларускі паэт Казімір Камейша напіша: “Сам я асабіста не ведаў паэта, але па творах яго здагадваюся, што быў гэта шчыры, сціплы, нават сарамлівы паэтычны рупліўца”.
Сапраўды, першае знаёмства адбылося з вершамі Гадулькі ў 1986 годзе, калі ў рэдакцыю завітала дырэктар Пятровіцкага клуба Раіса Шпакава. Яны трапілі ў рукі Васіля Сахарчука. Ён чытаў вершы ўголас і смакаваў кожны радок. Потым зайшоў і аўтар, невысокі, хударлявы і вельмі сарамлівы.
Такім ён і быў. Як успамінаў аднакласнік Уладзімір Падлескі, Гадулька змалку быў вельмі сур’ёзным і стрыманым, рэдка ўдзельнічаў у хлапечых свавольствах, а больш часу аддаваў вучобе, кнігам. Асабліва захапляўся ён нямецкай мовай. Калі ў старэйшых класах вучням хацелася, каб настаўнік не апытваў іх, усе прасілі Васіля задаць пытанне. Той задаваў, і яны з выкладчыкам гадзіну гаварылі па-нямецку, а ўсе сядзелі і лыпалі вачыма: пра што яны гавораць?..
Добрыя веды па ўсіх прадметах і цудоўнае веданне нямецкай мовы вызначыла яго выбар: Васіль Гадулька паступае ў інстытут замежных моў. Закончыць яго не дазволіў адзін выпадак. Вучыўся ён паспяхова. Захапляўся не толькі нямецкай, якую ведаў дасканала, але і англійскай, французскай мовамі.
Пра той выпадак я не чуў ад самога Гадулькі, але іншыя расказвалі ў двух варыянтах. У першым – яго запрасіў у рэстаран грамадзянін ГДР за бездакорнае веданне Гадулькам яго мовы. У другім – сам Васіль з хлопцамі зайшоў у рэстаран, а там спадабалася яго гаворка грамадзяніну ФРГ. Так ці інакш, але інстытут Гадулька не закончыў. Трохі паспрабаваў выкладаць нямецкую мову ў Азяцкай і Арэпіцкай школах, ды хутка расчараваўся ў сваёй педагагічнай рабоце.
У “Сельскай праўдзе” ён блізка сышоўся з Васілём Сахарчуком. Ведаючы сціплы і нават сарамлівы Гадулькаў характар, той стараўся падтрымліваць, як мог. Ён абавязкова запрашаў на літаратурныя святы, што праводзілі члены літаб’яднання “Плынь”. Яшчэ пры жыцці, з лёгкай рукі Сахарчука, вершы Гадулькі друкаваліся ў газеце “Заря” і “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Нёман” у перакладзе на рускую мову, у альманаху “Дзень паэзіі”, а пазней – і ў “Полымі”. Зусім незадоўга да смерці лепшае з напісанага сам аўтар сабраў у зборнік “Кропелька сонца”.
У 1986 годзе Васіль Гадулька паехаў у Дом творчасці “Іслач”, дзе яго паэзія была заўважана. Рыгор Барадулін назваў яго “сапраўдным вясковым інтэлігентам”, а Іван Навуменка прапаноўваў сваю дзейсную дапамогу пры паступленні на філфак Беларускага дзяржуніверсітэта. Але хвароба маці і іншыя жыццёвыя расчараванні патушылі іскрынку надзеі.
Выратоўвалі толькі вершы. Яны, як і сны юнацтва, дапамагалі паэту падняцца над сабою:
… хай сны юнацтва
болей не прысняцца –
я ўдзячны ім: яны дапамаглі
хоць трошкі над самім сабой
падняцца,
не адрываючыся ад зямлі.
Расчараванне ў жыцці, расчараванне ў каханні. У вершы “Роднае дрэва” Гадулька сцвярджаў: “… хоць кропелькай сонца згублюся ў траве – мне ў памяці жыць, пакуль дрэва жыве”, а ў другім – бязвыхаднасць адзіноты:
І хоць кажуць, што цвітуць увесну
нават карчаваных дрэў камлі, –
я ў сваіх нашчадках не ўваскрэсну…
За тры дні да сваёй смерці Васіль Гадулька завітаў у рэдакцыю, прынёс новыя вершы, сярод іх было і “Развітанне”. Паэт развітваўся з каханнем, з каханаю і намі ўсімі. Гэта мы ўсвядомілі трохі пазней, пасля страты.
“Сельская праўда” адразу адгукнулася на смерць Гадулькі: у бліжэйшым нумары з’явіўся некралог, знялі яшчэ адзін матэрыял са звярстанай паласы, каб паставіць верш “Развітанне”. А да саракавін былі і Гадулькавы творы, і тых, хто ведаў яго.
Доўга і цяжка ішла Васілёва кніга да свайго чытача, аж пакуль першы ўзносак на яе выданне не ўнёс Алесь Разанаў. На кнігу і помнік на магіле паэта збіраліся ўсім светам. Зборнік “Голас” быў выдадзены пры фінансавай падтрымцы фірмы “БЕЛПІ”, каардынатарам якой быў знакаміты беларускі пісьменнік Леанід Дайнека.
Выхад у 2004 годзе кнігі Гадулькі стаў прыкметнай з’явай у беларускай літаратуры. На яе адгукнуліся Леанід Галубовіч, Казімір Камейша, Алесь Каско, Юрый Сапажкоў і інш. На прэзентацыю “Голаса” (абмеркаванне ішло адначасова з кнігай Васіля Сахарчука “Мой вечны бор”) прыехалі пісьменнікі з Мінска, Брэста, Пружан. Помніцца, што Алесь Наварыч пачаў выступленне невялічкім дыялогам: “Што падымае птушку над зямлёй?” – “Крылы?” – “Не, паветра”. – “Што адрознівае паэта ад іншых людзей?” – “Вершы?” – “Не, адносіны чытачоў да іх…”
Творы Васіля Гадулькі маюць свайго чытача, які вельмі любіць паэзію. Сур’ёзную паэзію. На Беларусі шмат паэтаў добрых і розных, але ці многія могуць пахваліцца, што яны “сплялі” вянок санетаў? А ў Гадулькі ёсць. “Зорка радасці” назваў яго паэт.
У такія маёвыя дні, калі сады буялі квеценню, 65 гадоў назад прыйшоў на зямлю Васіль Гадулька. Прыйшоў, каб жыць самотна між людзей і сказаць сваё шчырае слова пра гэту зямлю. І сказаў. Паклонімся за гэта яму, Чалавеку і Паэту, падорым верш, прысвечаны яму.
Памяці Васіля Гадулькі

Прыйшоў паэт з халоднай ночы
Ускалыхнуць бязвер’е, тлум,
Данесці праўду, напрарочыць –
А расказаў пра боль і сум.
Душу сваю паклаў на плаху
І жыў сумотна між людзей.
Смяяўся верш яго і плакаў –
Спагады ж не знайшоў нідзе.
Ні грошай, ні цяпла, ні славы
Так і не здолеў заслужыць.
Пайшоў паэт, а верш па праву
Жыве між нас і будзе жыць!

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Якасць, якая залежыць ад нас

Следующая запись

“НТ” і Юрый ПАТАЛКОЎ прэзентуюць кнігу Івана ЖЫТКО “СМЕХ СМЕХАМ”