Беларусь

Зямля вяртае памяткі свае, альбо З сівой даўніны і мінулай вайны


БЫЛІ І Ў НАС КАЛІСЬЦІ ГОТЫ…

Паўгода таму ў Жабінкаўскі раён прыйшлі вучоныя-археолагі. Яны ўскрылі пласты зямлі, у якіх гісторыя, здаецца, надзейна схавала ад лю-дзей свае сенсацыйныя таямніцы.
Знаёмства са спецыялістам Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Вадзімам Беляўцом адбылося гадоў дзесяць таму ля раскопу ў Пятровічах. Малады археолаг апантана распавядаў пра сенсацыйнае адкрыццё: паблізу аўтастрады, ва ўрочышчы Белая (ці Вялікая) Гара, ім адшуканы вялікі бескурганны могільнік ІІ-ІV стагоддзяў, які без сумніву належыў старажытнаму германскаму племені готаў. Пра іх раней мы ведалі толькі з падручнікаў гісторыі сярэдніх вякоў, а цяпер, як аказалася, і па росшуках айчынных вучоных.
– Ужо адшуканы цікавыя пацвярджэнні прысутнасці на беларускай тэрыторыі готаў. Прынамсі, жэтон для гульні, які старажытныя рымляне называлі “калькулюс” (“каменьчык”), і шкляныя пацеркі ад караляў. Як бачыце, і ў старажытнасці людзі любілі азартныя гульні і зважалі на моду, – расказваў даследчык у час першай сустрэчы.
А напрыканцы папрасіў:
– Аднак вялікая да вас просьба: не раскрывайце дакладнага месцазнаходжання пахаванняў, бо неўзабаве сюды рынуцца “чорныя капальнікі” і ўнікальныя для гісторыі артэфакты будуць назаўсёды страчаны для навукі.
Тое, што менавіта Вадзіму Беляўцу выпала адшукаць гоцкія магілы, лічу наканаваннем: ён нарадзіўся ў Брэсце і жыў на вуліцы Маскоўская – на той самай, дзе вядомы археолаг Юрый Кухарэнка адшукаў першыя ў Беларусі гоцкія магілы (яны й цяпер захоўваюцца ў зямлі амаль насупраць супермаркета “Карона”).
Упершыню Пятровічы патрапілі знянацку ў поле зроку навукоўцаў яшчэ ў 1939 годзе. Палякі ставілі тут геадэзічную вышку і знайшлі незразумелыя рэчы, якія перадалі ў Варшаву. Спецыялісты зацікавіліся і нават планавалі археалагічную камандзіроўку, ды хутка тыя планы перакрэсліла вайна. А далей помніку моцна не пашчасціла: пры пашырэнні ў 1977 – 1978 гадах Маскоўскай шашы значная яго частка апынулася пад дарогай, цікавыя памяткі гісторыі згубіліся назаўсёды. І вось малады берасцеец паўторна адшукаў месца старадаўніх пахаванняў, каб раскрыць новыя, дасюль невядомыя старонкі нашай мінуўшчыны.
Адбылося гэта так. У 1998 годзе вучоны з Беларусі стажыраваўся ў Варшаўскім археалагічным музеі, дзе пазнаёміўся з даваеннымі экспанатамі з Пятровіч. Зацікавіўся сам і зацікавіў прафесара Войцеха Навакоўскага, магістраў Адама Цяслінскага і Маўрыцыя Станашака. Тады, у 2001 годзе, на археалагічным помніку на Жабінкаўшчыне, акрамя Вадзіма Беляўца, працавалі выкладчыкі і студэнты Варшаўскага ўніверсітэта.
Памятаю, як колькі гадоў таму, патрапіўшы ў Мінску ў Дзяржаўны нацыянальны музей, быў адначасова ўражаны і ўзрадаваны, калі сярод самых каштоўных рэчаў Беларусі (побач са знакамітым поясам Вітаўта) пабачыў пад шклом каштоўныя знаходкі з пятровіцкага могільніка.
Летась пры выпадковай сустрэчы ў сталіцы пацікавіўся ў Вадзіма Георгіевіча, ці не збіраецца зноў у нашы мясціны, і той запэўніў, што запланаваў новую, ужо сёмую па ліку археалагічную экспедыцыю ў Пятровічы.
За 10-годдзе ў нас адшуканы каля 70 магіл ваяўнічага народа, які вандраваў ад вострава Готланд на Балтыцы да Францыі, Іспаніі, Італіі і два стагоддзі асела жыў па суседстве са славянамі на Брэстчыне. Для прыкладу, у Булькове ў той самы час было славянскае паселішча. Народы шчыльна кантактавалі. (Дарэчы, некаторыя лінгвісты ўпэўнены: такія звыклыя нам словы “хлеб”, “хата”, “хлеў” прыйшлі ў беларускую мову ад готаў).
– Адметнасць Пятровіч бачу і ў падвоеным спосабе пахаванняў, – заўважае Вадзім Георгіевіч. – Некаторыя целы готаў пасля смерці былі спаленыя (што характэрна для балтаў і германцаў), іншыя пакла-дзены ў зямлю, як рабілі славяне. Моцныя сувязі ў готаў захоўваліся і з Рымскай імперыяй, тагачаснай “сусветнай дзяржавай”. Напрыклад, досыць рэдкай для Усходняй Еўропы стала знаходка сёлета кавалка своеасобнай пасудзіны, якую насілі ў якасці амулета. Рымляне называлі яе “тэр сігілата” (літаральна: “тройчы ўпрыгожаная дробнымі (магічнымі) фігуркамі”). Таксама рэдкія артэфакты: чарговы шкляны жэтон-“калькулюс” і сярэбраныя пацеркі.
У святле гэтых цікавых знаходак раскрываюцца не прачытаныя яшчэ пачатковыя старонкі сярэднявечча, у катле якога ў далёкія, вельмі няпростыя часы “варылася” будучыня Беларусі.

ГЛЕБУ ТАПТАЛІ НЯМЕЦКІЯ БОТЫ

У самым цэнтры Старога Сяла (насупраць помніка партызана М.М. Чарнака) было людна: вяскоўцы прыйшлі, каб паназіраць за працай ваенных. Ужо не першы год байцы спецыялізаванага 52-га батальёна ў розных кутках краіны шукаюць астанкі ахвяраў шматлікіх войнаў, што некалі каціліся хвалямі па Беларусі, пакідаючы свае крывавыя сляды. Найчасцей гэта пахаванні савецкіх воінаў і партызан. Аднак тут нечакана выявілі забытае пахаванне нямецкіх вайскоўцаў.
Згадвае Надзея Еўдакімаўна Кароткая:
– Памятаю, як тое было (мела ўжо ад роду 8 гадкоў). Стаяў самы канец ліпеня 1944-га, ужо і Брэст быў вызвалены. Немцы беглі ад сваёй пагібелі, спрабавалі прабіцца ў суседні Маларыцкі раён, на Уладаўскую шашу, каб лесам адступаць далей на захад. Ды трапілі ў партызанскую засаду. Такі дождж ліў у той дзень… Вярнуліся ў Старое Сяло злыя, пайшла пагалоска: помсціць будуць за забітых. Таму маладзейшыя збеглі ў лес. І я з мамаю Марыяй Якаўлеўнай бегла праз пасевы аўсоў, баючыся, што вёску паліць пачнуць. Немцы паклалі да нас у клуню 12 сваіх салдат, а раніцай выкапалі дзве магілы: у большую, пад бярозавыя крыжы, аздобленыя кляновымі галінкамі, паклалі радавых, а ў меншую – двух афіцэраў (людзі казалі, гэтак бацька-афіцэр загадаў, хаваючы двух сваіх сыноў). Труны не было. Замест дамавін – шынялі. На кожным крыжы – надпісы на нямецкай мове. Таксама старыя людзі расказвалі: у Азяцкай царкве немцы пакінулі пералік прозвішчаў, каб пазней было лягчэй адшукаць. Але за гады магілы прытапталіся, ніхто іх не шукаў. А тут вырашылі весці ў сяло газаправод, так і патрапілі выпадкова на пахаванне. Я што яшчэ сказаць хачу. У вайну стаяў у нас гарнізон. Дык немцы былі таксама розныя. Неяк мама пайшла рагулю даіць, раптам у хляве ледзь вядро не перакуліла… Хаваецца там немец і шэпча: “Матка, загадалі нам лясных бандытаў цікаваць. Ты не кажы нікому, што я тут, хай ідуць без мяне партызан лавіць”. Мой бацька Еўдакім Сідаравіч Навіцкі (1903-1945 гг.) прапаў без вестак недзе ў нямецкай зямлі. Мо, нехта і яго безыменную магілу цяпер даглядае…
У Старое Сяло завітаў Гунар Аншутц, прадстаўнік Народнага саюза Германіі па доглядзе ваенных магіл. Яму – слова:
– Нашай арганізацыі – 90 гадоў. Створаная, каб знаходзіць германскія пахаванні яшчэ Першай сусветнай, працягвае сваю справу дасюль. У Беларусі (у некалькіх мемарыяльных пахаваннях) ужо знайшлі апошні прытулак каля 16 тысяч салдат Вермахта. Вайна скончылася гібеллю гітлерызму, час ачышчэння ад яго, нялёгкі для нямецкага народа, патрабуе ад нас памяці, усе ахвяры жорсткай вайны павінны знайсці спачын…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля