Беларусь

Абласны конкурс юных карэспандэнтаў: Дзяўчаткі-акрабаткі


Цярпенне і праца – вось шлях да поспеху
Некаторыя мяркуюць, што поспех – справа выпадку. Насамрэч за высокімі дасягненнямі стаіць велізарная праца. У гэтым я пераканалася, калі пазнаёмілася з дзвюма спартсменкамі, якія паспяхова выступаюць на спаборніцтвах рознага ўзроўню і славяць наш горад – Вікторыяй Міхновіч і Маргарытай Барташэвіч (на здымку).
Кандыдат у майстры спорту па спартыўнай гімнастыцы і майстар спорту па спартыўнай акрабатыцы Вікторыя Міхновіч 10 гадоў прысвяціла спорту. Цяпер ёй 16. Старшы трэнер спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па спартыўнай акрабатыцы горада Баранавічы Людміла Булыга выбрала тры гады таму маленькую і лёгкую, як пярынка, дзяўчынку ў пару з Маргарытай Барташэвіч. Але ж спартыўная кар’ера Вікі будавалася няпроста і пачалася з гімнастыкі.
– У маім жыцці быў момант, калі хацелася кінуць любімы занятак, – успамінае дзяўчына. – Але цяпер я вельмі рада, што не здзейсніла такую памылку, і ўсё – дзякуючы майму трэнеру. Быў час, калі я прапускала трэніроўкі. Тады яна патэлефанавала маім бацькам, мы ўсё абмеркавалі і вырашылі – варта працягваць. І гэта нягле-дзячы на тое, што першапачаткова мой бацька быў супраць гімнастыкі: маўляў, вельмі траўматычны від спорту. Цяпер з задавальненнем успамінаю спаборніцтвы ў Бельгіі, дзе праходзіў Кубак Фландрыі, міжнародныя турніры ў Польшчы, спаборніцтвы ва Украіне, Партугаліі, Германіі, Расіі, Балгарыі…
– У калектыве дзяўчынкі – лідары, на іх раўняюцца маленькія дзеці. Яны – эталон у зале і маюць бясспрэчны аўтарытэт, – гаворыць трэнер па гімнастыцы Ніна Буцько. – Віка і Рыта вельмі працавітыя. У мяне запіс ёсць, калі Віка прыйшла займацца гімнастыкай, яна не прапускала ніводнага занятку, толькі калі па хваробе. Спачатку наведвала адзін занятак, потым неяк я прапанавала застацца адразу і на наступны, каб вынік быў лепшым. Дзяўчынка згадзілася. І да гэтага часу паказваю гэты запіс у якасці прыкладу ўсім дзецям. У Вікі не вельмі добра развітая мышачная памяць, ёй трэба шмат разоў паўтараць адно і тое ж практыкаванне. Але яна ўпарта паўтарае і паўтарае элементы. Не атрымліваецца – усё роўна паўтарае і ў канчатковым выніку дамагаецца жаданага. Менавіта ўпартасць і працавітасць прыводзяць Віку да поспеху.
– Пазнаёміла Рыту з акрабатыкай я, – распавядае мама і яе ж трэнер Людміла Булыга. – Не было з кім пакідаць дзіця, таму з нара-джэння яна ў спартшколе і спала, і рабіла ўрокі, і ела, і гуляла – усё тут. Цяжкім быў пераходны ўзрост. Няпроста сумяшчаць і спорт, і вучобу. Даводзілася быць жорсткай і з Рытай, і з Вікай. У нас такі від спорту, што ў пары дзяўчынкі павінны ўзаемадзейнічаць паміж сабой, свае інтарэсы сумяшчаць з інтарэсамі партнёра, саступаць, разам кантактаваць, што вельмі складана. Характар у кожнага чалавека свой, свае звычкі, свае амбіцыі. Калі няма кампрамісу – каманда разбураецца. Бацькі, якія спраўляюцца ў такіх сітуацыях, калі націскаюць трохі на дзіця, прымушаюць, накіроўваюць, бачаць вынік – у спартсмена будзе прагрэс…
Маргарыта Барташэвіч сёння – майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіёнка свету сярод юніёраў, чэмпіёнка Еўропы сярод юніёраў, неаднаразовая чэмпіёнка нашай краіны як у юніёрскім першынстве, так і сярод дарослых. Трэці год запар яны разам з Вікай Міхновіч займаюць першыя месцы ў рэспубліцы.
Шлях да поспеху вельмі складаны і цяжкі. Дзеці вялікага спорту ад многага вымушаны адмаўляцца: ад прагулак, экскурсій, дыскатэк, тэатраў і іншых задавальненняў. Толькі трэніроўкі і паралельна – школа. А там таксама патрабуюць ведаць урок, нягледзячы ні на што. Але Віка і Рыта маюць характар і вераць у тое, што іх самыя смелыя спартыўныя надзеі абавязкова спраўдзяцца.
Ірына ДЗЕЙКАЛА,
вучаніца СШ №21,
г. Баранавічы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля