Беларусь

Абласны конкурс юных карэспандэнтаў: Якім жа розным бывае неба!


Некалькі штрыхоў да партрэта Антона Сідарэвіча
Якім жа розным бывае неба! На захадзе, усыпанае промнямі сонца, яно ружовае. А ў час навальніцы небасхіл нібыта злуецца і становіцца цёмна-сінім або шэрым. Так і чалавек нечым падобны да неба: можа быць спакойным і злосным, рамантычным і сур’ёзным, простым і загадкавым.
Некалькі гадоў таму Антон Сідарэвіч з Ганцавіч захапіўся фатаграфіяй. У прыцэл фотааб’ектыва
12-гадовага хлапчука траплялі першыя вясновыя кветкі, майскія навальніцы, суседскі рыжы кот… Але ж сярод усіх фотаздымкаў найчасцей сустракалася неба. Кожны кадр блакітнага палатна – гэта новая гісторыя, непадобная на папярэднюю.
“Неяк раніцай, – расказвае хлапчук, –  я выйшаў на вуліцу. Пад нагамі блішчэла раса, сонца толькі-толькі прачыналася, а неба ўжо ляпіла з воблакаў  самыя розныя фігуры, нават сюжэты. Пухнатыя зайцы, белагрывыя конікі, чароўныя рыбкі нібыта жылі ў блакітнай вышыні сваім жыццём. Вячэрняе неба было ўжо іншым – нізкім і мякка-шэрым. Неба зачаравала і  прымусіла браць у рукі  фотаапарат і здымаць яго”.
Прайшоў час. Сёння ў фотаархіве Антона –
больш за 100 здымкаў  дзіўных і такіх таямнічых нябёсаў. “Неба рознае. Яно мяняецца не толькі ў залежнасці ад  сутак, ад пары года, ад надвор’я. Зімой неба быццам бы “спіць”, як і ўся прырода. А летам, вясёлым, радасным, яно разліваецца яркімі фарбамі самага рознага, нават нечаканага колеру”, – лічыць Антон. Глядзіш на работы хлапчука і адчуваеш яго тонкую, загадкавую натуру.
За жыццём неба Антон не толькі назірае праз аб’ектыў свайго фотаапарата.  Нябесная   гісторыя турбуе яго  сэрца і выліваецца ў вершы:
Мне верыць, ці гэта
здавалася,
Што сонейка з хмаркай
гулялася.
Бліснула ярка, а потым
схавалася.
Хмарка  ж плыла і вышэй
падымалася…
Дарэчы, аб  захапленні хлапчука паэзіяй. Чытаеш ягоныя радкі і здзіўляешся глыбіні думак, мудрасці і веданню прадмета, пра які піша Антон.  У вершах ён зачароўваецца хараством і непаўторнасцю роднай  зямлі, якую моцна любіць і радуецца ў гэтым прызнацца:
Люблю Беларусь, беларусам
завуся,
На мове сваёй гаварыць
не баюся.
Мой край дарагі – самы лепшы,
я знаю
І шчырыя словы яму
прысвячаю.
Піша ён аб сваіх сябрах, школьным жыцці, з замілаваннем сведчыць:
Беларуская мова – напеўнае
слова,
Празрысты ручай і прыветлівы
край.
Беларуская мова –
мудрасці слова,
Продкаў закон, царквы
велічны звон…
Захапленне вершаскладаннем прывяло школьніка ў раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці на заняткі ў літаб’яднанне “Верасок”. Антонавы вершы – пераможцы раённых конкурсаў, а дэкламаванне твораў заўсёды прымушае кожнага слухача перажываць, хвалявацца  разам  з аўтарам-чытальнікам.
У характары Антона цяжка не заўважыць акуратнасць (і ва ўсім!), цярпенне і жаданне займацца нечым новым, невядомым і цікавым. “Зімой, калі вечары доўгія і пасля выканання дамашніх заданняў застаецца час, мне хочацца навучыцца нечаму новаму. Неяк сябар паказаў, як рабіць адну з самых простых фігур у тэхніцы арыгамі. Паспрабаваў. Атрымалася”, – успамінае Антон. На кніжных паліцах хлапчука, пісьмовым стале – вялікая колькасць папяровых сяброў. Цмок, мышаня, жабы, сланы, птушкі, міфічныя істоты жывуць у адным пакоі са сваім стваральнікам. А букет руж, жоўтых, чырвоных, быў найлепшым падарункам для матулі, якая шчыра радуецца таму, што за добрымі справамі  яе яснавокі сынок  бавіць вольны час.
Сям’я Антона вельмі дружная. “Дома мне спакойна, утульна, – разважае хлапчук. – А галоўнае –
я адчуваю сябе абароненым”.  Бацькі ўласным прыкладам выхоўваюць двух сыноў і прывіваюць ім тыя якасці, вучаць тым справам, якія  дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным чалавекам. Ужо сёння тата вучыць Антона майстраваць шпакоўню і падказвае, як адрамантаваць лаўку каля дома, як спраўляцца з будаўнічымі прыладамі і гаспадарчымі прыстасаваннямі. “Бацька вучыць нас: перш, чым зрабіць (а куды важней – перш, чым нешта сказаць), добра падумай. І я стараюся!” – дзеліцца Антон.
А яшчэ мужчынскую палову сям’і аб’ядноўвае любоў да рыбнай лоўлі. “Для мяне лоўля рыбы, –
прызнаецца хлапчук, – гэта,  перш за ўсё, адпачынак, час, калі можна  назіраць за маляўнічымі пейзажамі, думаць і марыць”. Вядома ж, ён радуецца, калі на кручок трапляе карась ці  платвічка. У калекцыі злоўленай Антонам рыбы быў карась вагой больш чым 2 кілаграмы. Ён і сёння з бляскам у вачах і радасцю ў голасе расказвае гісторыю незабыўнай і такой удалай рыбалкі.
Што яшчэ цікавіць хлапчука? Ён любіць катацца на веласіпедзе і пабегаць за мячом, ён – прыхільнік шашачнай гульні і кулінарыі (на дзіва смачнымі і арыгінальнымі ў Антона  атрымліваюцца бутэрброды!), яму падабаецца чытаць пра космас і падарожнічаць, ён любіць  думаць і марыць…
Назіраючы за заняткамі  Антона ці трымаючы ў руках вынік яго працы,  звычайна матуля стрымана  кажа: “Малайчына!”  А бацька ці то хлапчуку, ці то сабе ціха вымаўляе: “З хлопца будзе  толк”.
Кацярына РУТКОЎСКАЯ,
удзельніца ўзорнага літаратурнага аб’яднання
“Верасок” РЦДЮТ,
г. Ганцавічы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля