Двойчы на год Святлане Яхнавец з Адвержыч трэба праходзіць курс лячэння ў Доме міласэрнасці горада Мінска
Дзяўчына пакутуе ад цяжкай прагрэсуючай хваробы – рассеянага склерозу. Аднак праблема ў тым, што суткі лячэння каштуюць больш за 350 тысяч рублёў. Для сям’і Яхнавец гэта вялікія грошы, таму апошні раз Святлана была на лячэнні даволі даўно. Сродкі на медыцынскі курс збірае брат дзяўчыны, які працуе ў сталіцы. Па словах знаёмых, ён ва ўсім сабе адмаўляе, каб сабраць грошы для сястры.
Нарадзілася Святлана ў Адвержычах. Дзяўчынка разам з аднагодкамі хадзіла ў школу, а ў 9 класе ў яе сталі з’яўляцца пэўныя сімптомы – прадвеснікі цяжкай хваробы. Але тады яна нават не думала расказваць пра гэта ўрачам. Пасля заканчэння школы паступіла ў Брэсцкае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча №29, дзе атрымлівала спецыяльнасць краўца.
– Напачатку вінаваціла сябе ў тым, што не паступала ў інстытут, аднак мне вельмі падабалася шыць адзенне, – узгадвае Святлана.
Спачатку з’явіўся яе першы мужчынскі касцюм, пасля – жаночае паліто. Другі касцюм так і застаўся недашытым… У дзяўчыны пачалося аняменне ніжняй часткі тулава. Урачы гарадской, а пасля і абласной бальніц не маглі паставіць дыягназ, і толькі ў Мінску спецыялісты вынеслі прысуд: рассеяны склероз.
Пачалося лячэнне… Зноў і зноў усялякія курсы і прэпараты… Аднойчы Святлана прачытала пра Дом міласэрнасці, пра людзей з аналагічным дыягназам, якія знаходзяцца там, пра духоўнае жыццё, якое віруе ва ўстанове. Так ужо больш за пяць гадоў Дом міласэрнасці стаў для Светы другім домам. З’явілася шмат знаёмых медыкаў і пацыентаў. Лечачы ўрач, вядучы спецыяліст у краіне па гэтым захворванні, дала надзею, што Святлана зможа праз некаторы час падняцца на ногі. Усе функцыі арганізма не вернуцца, аднак самастойна хадзіць – самае запаветнае жаданне дзяўчыны.
Святлана з вялікай радасцю дэманструе свае дасягненні. Калісьці ў дзень прастольнага свята вёскі пасля службы ў царкве ў дзяўчыны моцна замерзлі рукі. Яна вырашыла іх сагрэць такім звыклым для нас спосабам – папляскаць у далоні. Паспрабаваць папляскаць. Справа ў тым, што хворыя на рассеяны склероз людзі не могуць гэтага зрабіць. А ў яе атрымалася. І вось увесь час, не верачы сама сабе, яна паўтарае дзеянне днём і ноччу, калі прачынаецца, думаючы, што гэта ёй прымроілася.
Святлана чытае шмат рэлігійных кніг. З вялікай радасцю наведвае царкву. Знаёмыя і родныя перакананы: менавіта вера не дае ёй страціць надзею. Дзяўчына нядрэнна малюе і піша вершы. Аднак перажывае, што зараз не можа займацца любімай справай: яе рука дрыжыць. Таксама Свеце вельмі падабаецца выпальваць на кавалачках драўніны нейкія малюнкі, выявы людзей. Атрымліваюцца цікавыя і прыгожыя работы.
У пакоі Святланы стаіць велатрэнажор, мячы для заняткаў. Над ложкам ёсць перакладзіна, за якую дзяўчына трымаецца, каб прыўстаць. Пра свае рукі і ногі яна тлумачыць, што зараз яны ў… адпачынку. Дзяўчына моцна аслабела, ёй патрэбна тэрміновае лячэнне, каб аднавіць дзеянне некаторых органаў, у тым ліку ног і рук. Гэта магчыма ў Доме міласэрнасці, адкуль яна заўжды вяртаецца ў лепшым стане. Тады Света зноў зможа сесці на свой велатрэнажор ці паспрабаваць “пакатацца” на спецыяльным мячыку. Але трэба грошы…
Таццяна СЕГЕН,
Столінскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.