Беларусь

  • Главная
  • Рэха падзеі
  • Рэха падзеі: VI абласны фестываль-злёт маладых сем’яў “Вера. Надзея. Любоў”

Рэха падзеі: VI абласны фестываль-злёт маладых сем’яў “Вера. Надзея. Любоў”


Знайсці сваю палавінку цяжка, ды калі вы яе знойдзеце і створыце сям’ю – трэба прыкласці намаганні, каб яна была шчаслівая. А для гэтага неабходны цярпенне, пакора, мудрасць, якім і вучыліся ўдзельнікі злёту. У традыцыйным мерапрыемстве, арганізатарамі якога выступілі аддзел па справах моладзі аблвыканкама, абласны камітэт ГА “БРСМ” і Дом грамадзянскіх абрадаў Брэсцкага гарвыканкама, прынялі ўдзел 12 сем’яў з Ганцавіцкага, Ляхавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага, Жабінкаўскага, Івацэвіцкага, Маларыцкага, Пінскага, Драгічынскага, Брэсцкага раёнаў і горада Брэста. Сімвалічна, што фэст прайшоў напярэдадні Міжнароднага дня кахання, сям’і і вернасці, які будзе адзначацца 8 ліпеня.
Першае мерапрыемства абласнога сямейнага двухдзённага форуму адбылося ў Доме грамадзянскіх абрадаў Брэсцкага гарвыканкама. Тут прайшла ўрачыстая цырымонія, прысвечаная пяцігадоваму юбілею сумеснага жыцця Мікалая і Кацярыны Лугаўскіх з Жабінкаўскага раёна. Гэтай пары, як і ўсім астатнім, пашанцавала: яны змаглі пачуць аб тым, як магчыма і неабходна годна ды прыгожа жыць, атрымалі выдатныя падказкі і мудрыя пажаданні ад залатых юбіляраў – Вячаслава і Таццяны Марозавых, якія сардэчна павіншавалі і падарылі маладым свой рэцэпт сямейнага даўгалецця: няма нічога немагчымага, і калі спатыкнуўся і ўпаў, то трэба падняцца ды ісці далей, але ісці разам са сваёй палавінкай.

Нягледзячы на тое, што Лугаўскія разам ужо пяць год, было бачна, як іх сэрцы перапаўняе ўзаемнае каханне: Мікалай увесь час усміхаўся, а яго жонка, як і некалькі год таму, у белым адзенні глядзела на яго і чырванела. Пазней Кацярына прызналася, што гэты дзень стаў падобны да перамогі ў латарэі: ім пашанцавала, бо не ў кожнай сям’і на “драўляным” вяселлі сведкамі з’яўляюцца залатыя юбіляры…
Праграма фестывалю была насычанай. Яго ўдзельнікі змаглі падзяліцца вопытам, хай і невялікім, сямейнага жыцця. Начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама Ірына Замарозная адзначыла: “Наш фестываль праводзіцца не толькі для выяўлення лепшых маладых сем’яў Брэстчыны, іх ушанавання. Задачамі злёту з’яўляюцца фарміраванне правільных сямейных каштоўнасцей, іх пашырэнне сярод моладзі”.
Удзельнікі мерапрыемства ў абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці сустрэліся з сямейным псіхолагам і абмеркавалі розныя аспекты стварэння ў сям’і добрага мікраклімату, прыязнай атмасферы, а таксама шукалі шляхі вырашэння праблем, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі, што ўзялі шлюб. Пары задавалі і свае пытанні: як правільна спрачацца, ці трэба караць дзяцей, як адвучыць мужа курыць?..

Злёт з Брэста перамясціўся на базу турыстычнага аздараўленчага комплексу “Белае возера”. Усім удзельнікам было прапанавана апрануцца ў футболкі з надпісамі “Любімы муж”, “Любімая жонка”. На прыродзе адбыліся конкурсы па збіранні пазлаў, інтэлектуальныя спаборніцтвы сярод мужоў “Казка на ноч”, гульня на мясцовасці “Сямейныя будні”. Кожная з сем’яў расказала сваю гісторыю кахання – дамашняе заданне ў выглядзе танца, песні, вершаў або невялікай тэатральнай пастаноўкі. Запомнілася гутарка з праваслаўнымі свяшчэннікамі, якія гаварылі аб інстытуце сям’і як вялікай каштоўнасці для грамадства, разважалі на тэму сямейнага шчасця, да якога павінны імкнуцца людзі ў шлюбе.
Удзел у абласным фестывалі-злёце маладыя сем’і палічылі для сябе добрым падарункам. Тым прыемней было атрымаць прызы і дыпломы. Галоўны з іх павезлі ў Івацэвічы Ганна і Раман Барысюк, якія сталі ўладальнікамі тытула “Лепшая маладая сям’я”.
Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка БрДУ
імя А.С. Пушкіна,
г. Брэст – Брэсцкі раён.

Фота №1: пераможцы фестывалю – сям’я Барысюк з Івацэвіч
Фота №2: Таццяна і Вячаслаў Марозавы пражылі ў шлюбе 50 год, а Мікалай і Кацярына Лугаўскія – пяць
Фота №3: удзельнікі

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля