26 жніўня прайшла абласная жнівеньская нарада педагагічных работнікаў

26 жніўня прайшла абласная жнівеньская нарада педагагічных работнікаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Традыцыйная сустрэча перад пачаткам новага навучальнага года ўпершыню прайшла ў такім шырокім фармаце – больш за 600 удзельнікаў: педагагічных работнікаў, кіраўнікоў сістэмы адукацыі Брэстчыны, старшынь гаррайвыканкамаў, кіраўнікоў упраўленняў і камітэтаў аблвыканкама на чале з губернатарам вобласці Канстанцінам Сумарам і старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Сяргеем Ашмянцавым. І такое шырокае кола запрошаных было да месца, бо тэмай жнівеньскага педсавета стала: “Павышэнне якасці адукацыі – прыярытэт палітыкі дзяржавы”.
Перш чым сустрэцца на пленарным пасяджэнні ў Доме культуры ў Кобрыне, удзельнікі мерапрыемства папрацавалі па секцыях. Навучальныя ўстановы абласнога цэнтра, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Бярозаўскага раёнаў прымалі гасцей. Лепшае паказвалі не дзеля пахвальбы, а каб быў прыклад, да якога ўзроўню павінна імкнуцца адукацыйная сістэма рэгіёна.
Галоўнае пытанне парадку дня сёлетняй жнівеньскай педагагічнай нарады – павышэнне якасці адукацыі. Кіраўнік вобласці адзначыў: “Узровень адукацыі – важны элемент унутранай палітыкі дзяржавы. На першы план у ацэнцы эфектыўнасці галіны выходзяць якасныя характарыстыкі”. Вызначальнымі, на думку Канстанціна Сумара, з’яўляюцца якасная падрыхтоўка моладзі да паўнацэннага жыцця ў грамадстве і гатоўнасць маладых да ўдзелу ва ўсіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях, якія адбываюцца ў нашай краіне.
Нельга не заўважыць, што ўстойлівае эканамічнае развіццё дапамагае вырашаць шэраг сацыяльных задач, у тым ліку і адукацыйных. “Трэць абласнога бюджэту складаюць выдаткаванні на адукацыю, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама. – За апошнія гады пабудаваны і рэканструяваны 9 школ, 3 дзіцячыя садкі, у ліпені ўведзены ў строй садок на 75 месцаў у Столінскім раёне, а 1 верасня адчыніць дзверы сад-школа ва Усходнім мікрараёне №6 г.Брэста”. Як было сказана, асабліва актыўна гэтая работа вядзецца ў Пружанскім, Пінскім, Столінскім, Брэсцкім, Драгічынскім раёнах.
У маштабах вобласці, мяркуе Канстанцін Сумар, зрабіць давядзецца яшчэ больш, бо з 609 школ больш за палову знаходзяцца ў старых будынках, трэць з якіх – яшчэ пасляваеннай пабудовы, а пятая частка дзіцячых садкоў размяшчаецца ў прыстасаваных памяшканнях. І хоць сотні мільярдаў рублёў ужо ўкладзены ў будаўнічыя работы, але вобласць мае намер актыўна будаваць новае і рэканструяваць старое ў сферы адукацыі. Бо месцаў, напрыклад, у дашкольных установах Брэста, Пінска і Баранавіч не хапае амаль для 800 дзетак. А вось у сельскай мясцовасці давядзецца павялічыць ахоп малых дашкольнай адукацыяй. Гэты паказчык у вобласці складае 49 працэнтаў (па краіне – 53,7), а ў Драгічынскім, Кобрынскім, Столінскім раёнах ён не дасягнуў і 40 працэнтаў. Дзяцей ад 1 да 5 год на Брэстчыне – 26 тысяч, а месцаў у садках – каля 13 тысяч. Таму аблвыканкам зацвердзіў спецыяльны план будаўніцтва дашкольных устаноў на перыяд да 2015 года.
Сярод асноўных стратэгічных задач адукацыі вобласці – сканцэнтраваць намаганні школы не на працэсе, а на выніку. Вельмі важна ўмацаваць сувязь устаноў адукацыі з навукай, вытворчасцю, сацыяльнай сферай. У галіне прафесіянальна-тэнічнай і вышэйшай адукацый варта арыентавацца на рэальныя патрэбы рэгіёна з улікам перспектыў. “Пакуль што нашы выпускнікі паступаюць у ВНУ “навобмацак”, не ўсведамляючы, якую карысць яны могуць прынесці менавіта з гэтай прафесіяй вобласці, краіне”, – заўважыў старшыня абл-выканкама і засяродзіў увагу на неабходнасці падрыхтоўкі спецыялістаў па дагаворах з гарантыяй давання першага рабочага месца. Таму прафарыентацыйная работа павінна атрымаць новы якасны імпульс, і тут шляхоў узаемадзеяння ўстаноў адукацыі, органаў улады і гаспадарнікаў вельмі шмат.
Выхаванне – вось яшчэ адзін абавязковы кампанент адукацыі. Старшыня аблвыканкама спыніўся на ім асабліва падрабязна, таму што школа павінна выконваць дзяржаўны заказ – выхоўваць грамадзяніна Беларусі. Шэраг устаноў адукацыі паспяхова працуюць над фарміраваннем грамадзянскасці і патрыятызму, выхоўваюць лідарскія якасці, уменне жыць у калектыве і прыносіць карысць грамадству. Выдатныя прыклады гэтай работы ёсць у Навасёлкаўскім дзіцячым садзе Пружанскага раёна, Аснежыцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школе Пінскага, Баранавіцкім гарадскім Палацы дзіцячай творчасці, Ляхавіцкім раённым цэнтры пазашкольнай работы.
А вось стан спраў, напрыклад, з падлеткавай злачыннасцю ў Лунінецкім раёне засмучае. Наша вобласць апошнія чатыры гады зніжае колькасць правапарушэнняў сярод падлеткаў, лічбы – адны з самых нізкіх у рэспубліцы, але за агульнымі паказчыкамі не схаваюцца тыя раёны, дзе з правапарадкам сярод дзяцей ёсць праблемы. На думку кіраўніка Брэстчыны, неабходна дэталёва прааналізаваць фактычную занятасць дзяцей і прапанаваць ім адпачынак, спорт, творчасць. База ў нас ёсць. Тыя ж высакакласныя спартыўныя аб’екты павінны быць даступнымі для дзяцей і падлеткаў, і не важна, хто з’яўляецца ўласнікам спарткомплексу ці танцавальнай залы.
Высокая ацэнка была дадзена і кадраваму саставу педагогаў. Дарэчы, больш за 500 маладых спецыялістаў увальюцца ў іх рады сёлета. Калегі пастараюцца годна прыняць іх у свае шэрагі, а органы мясцовай улады павінны дапамагчы з вырашэннем сацыяльна-бытавых пытанняў. Між іншым, аўтарытэт педагогаў у вобласці высокі. Адно са сведчанняў таму – 17 працэнтаў дэпутацкага корпусу, які выбіралі ў мясцовыя Саветы сёлета – прадстаўнікі адукацыі.
Удзельнікі нарады зацікаўлена абмеркавалі даклад. Пра тое, як павысіць якасць адукацыі, гаварылі і настаўнікі, і дырэктары школ і прафтэхкаледжаў, прадстаўнікі дашкольнай і вышэйшай адукацыі. Агучаныя прапановы будуць аформлены пратаколам даручэнняў кіраўніка вобласці. Праблемы ў галіне адукацыі ўлада бачыць, вырашае іх і будзе вырашаць – запэўніў педагогаў Канстанцін Сумар. І з задавальненнем уручыў граматы і дыпломы лепшым настаўнікам, выкладчыкам і майстрам прафесійнага навучання. А настаўніца біялогіі СШ №3 г.Ганцавічы Ірына Богдан атрымала знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
На наступным тыдні, у сераду, прагучыць першы званок новага навучальнага года. Будзем спадзявацца, што складзецца ён паспяхова, а якасць адукацыі пацвердзіць час.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Брэст – г. Кобрын

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Віншуем з паступленнем выпускнікоў школы юнкораў “НТ”

Следующая запись

116 дзяцей знайшлі сем’і ў Кобрынскай “Дзіцячай вёсцы”