“Балацюкі – народ адметны!”

“Балацюкі – народ адметны!”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Вёска ўрачыста, гожа і каларытна адзначыла 5оо-годдзе свайго існавання

Балоты – вёска, моцная самабытнасцю, сваімі традыцыямі. Разуменне гэтага ёсць у жыхароў  не толькі старэйшага пакалення, але і ў моладзі. І ткаць тут умеюць, і вышываць, і кузубы-карабы плесці з лазы. Культурны пласт, замацаваны стагоддзямі, беражліва збіраецца і з любоўю перадаецца новым пакаленням вяскоўцаў.
…У зялёным гаі, што раз-дзяляе вёскі Гірск і Балоты (у 1890-м гэта былі маёнткі Блоты-паезуіцкія, уладанне пана Гана, і Блоты-шляхецкія – уладанне Гіржа), стаіць царква Прападобнай Параскевы Сербскай, пабудаваная ў 1882 годзе. Кожнае свята нітачкамі сцякаюцца да яе вернікі на службу. Спевы царкоўнага хору радуюць душы прыхаджан. Не абыходзяцца жыхары і ў вясёлую гадзіну, і ў сумную без падтрымкі свайго бацюшкі Пятра.
Сучасны цэнтр населенага пункта – будынак школы. У яго – свая гісторыя, свае цікавыя людзі. У даўніну дзейнічала Блоцкае народнае вучылішча, у якім у 1889-1890 гадах вучыліся 64 хлопчыкі. З кожным годам колькасць вучняў павялічвалася. Дзяўчынкі займаліся хатнімі справамі,  і часу на вучобу ім не хапала. Пасля вайны адкрылася пачатковая школа, пазней, у 1949 годзе, сямігодка. У 1963-м пабудавана новая школа, якая дзейнічае па сённяшні дзень.

Асяродак настаўнікаў, што воляй лёсу апынуліся на гэтай зямлі, трывалымі каранямі зачапіліся за вясковую глебу, – Ніна Мартынюк і Любоў Мацына, Андрэй Сцепанюк і Галіна Дрык, Таццяна  Турын і  Надзея Хурсін. Яны не толькі вучылі і выхоўвалі пакаленні вясковай дзятвы, але былі сябрамі і дарадцамі ўсёй вёскі.
Цёплыя словы пра гэты дзіўны куточак беларускай зямлі і яе лю-дзей увесь дзень гучалі са сцэны. Вёска выгадавала і выпусціла ў свет дынастыі ўрачоў, настаўнікаў, маракоў, работнікаў культуры. Іх цёплым словам узгадалі аднавяскоўцы. Не абышлі ўвагай шматдзетныя сем’і Мікалая і Вольгі Бойкаў, Сяргея і Святланы Левых, Валянціны і Васіля Панасюкоў. Старажылы вёскі, чые гады раўняюцца з векам – Агаф’я Бойка, Аляксандра Салей, Агаф’я Ігнацюк, атрымалі ў падарунак песні і віншаванні  ад жыхароў.
Слаўная вёска жыхарамі-працаўнікамі, ветэранамі вайны. Шмат узнагарод атрымалі яны ў пекле Вялікай Айчыннай. На свяце вёскі не забылі  Рыгора Гарбарука, Васіля Дземідзюка, Аляксея Сакалюка – ветэранаў ушанавалі песнямі, падарункамі ад сельскага Савета.
Часткай гісторыі сяла, яго гонарам да нядаўняга часу быў ветраны млын. Калі рукі-крылы  перасталі лавіць свежы вецер, увішны гаспадар-прадпрымальнік Васіль Новік звёз гісторыка-культурную каштоўнасць першай паловы XX стагоддзя на сваю аграсядзібу “Студзінка”. Вяскоўцы часта задаюцца пытаннем: ці хопіць гонару і годнасці ў яго, каб захаваць спадчыну, якая ахоўваецца дзяржавай?..
Візітная картка вёскі – хор. З 1994 года ён носіць званне народнага. Неаднаразова беларускае тэлебачанне і радыё запісвалі выступленне хору для радыёперадач “Спадчына”, “Радавод”. Загадчык клуба Таццяна Ігнацюк актыўна падтрымлівае ініцыятыву ўдзельніц хору, вечарамі збірае на рэпетыцыі. Безумоўна, не абышоўся без хору і гэты ўрачысты юбілей…

Урачыстае шэсце па вёсцы – ад хаты да хаты, з песнямі, у нацыянальных строях – радавала ўсіх.  Цешылі вока гасцінна накрытыя сталы, і ўспаміналіся словы класіка: “А на стале тым рой прысмакаў”. Марыя Левая, і Таццяна Семянчук, Таццяна Новік – руплівіцы-гаспадыні, якія і працаваць умеюць з агеньчыкам, і гасцей зазываць хораша. На свяце была магчымасць пакаштаваць розныя прысмакі  вясковых гаспадынь. Гасцінна расчыняліся весніцы дбайных гаспадароў Марыі і Сцяпана Левых, Таццяны і Васіля Семенчукоў ды іншых, якія ўмеюць  слаўна працаваць.  Чарга стаяла, каб пакаштаваць смачнай шурпы і юшкі з палявой ваеннай кухні, прыгатаваных па старадаўніх рэцэптах Сяргея Ліцвінчука…

Увесь цяжар арганізацыі (будаўніцтва  і аздабленне  сцэны ў парку, вясковая хата з каўбаскаю і бярозавікам)  усклаў на свае плечы Аляксандр Курышка. Яго ідэі хутка падтрымлівалі жыхары: талакою рыхтавалі юбілей, ніхто не лічыўся з часам. Фундатарамі выступілі самі вяскоўцы. Надзея Гарбарук і Марыя Левая расказваюць: “Неслі грошы ўсе вяскоўцы, хто колькі мог. А хто з’ехаў з вёскі – перадавалі праз родзічаў. Мы не разлічвалі на такую падтрымку. І яшчэ раз пераканаліся: балацюкі – народ адметны!”.
Прыемна ўразіў жыхароў прыезд дэпутата Палаты прадстаўнікоў  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Зазулі. У сваёй прамове ён  павіншаваў вяскоўцаў  са святам, адзначыў іх гасціннасць, песеннасць і працавітасць, запэўніў у падтрымцы рамонту дарогі.
Па ініцыятыве  старшыні адзінай арганізацыі прафсаюза Брэсцкага філіяла “Белтэлекама” Васіля  Бойкі стала добрай традыцыяй у Балотах выступленне народнага хору “Вербніца” пад кіраўніцтвам Віктара Фяцісава. Канцэрт парадаваў вяскоўцаў лірычнай песняй, добрым жартам,  цудоўнай музыкай.

Дыяментамі рассыпаліся зоркі святочнага салюту над прыгожай зямлёй з цудоўнымі людзьмі. І далёка  несліся сцвярджальныя воклічы “Жывуць Балоты!..”
Ніна ДРЫК,
Кобрынскі раён.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Пытанне да губернатара

Следующая запись

13 – 14 ліпеня пройдзе V абласны фестываль народнага гумару “Спораўскія жарты”