Беларусь

  • Главная
  • Віншуем!
  • Нашаму земляку, беларускаму пісьменніку Валерыю Гапееву споўнілася 50 гадоў

Нашаму земляку, беларускаму пісьменніку Валерыю Гапееву споўнілася 50 гадоў


Імя гэтага пісьменніка вядома далёка за межамі Берасцейшчыны, дзе ён жыве і працуе. Нарадзіўся Валерый Мікалаевіч на Гомельшчыне
6 лютага 1963 года. Там скончыў сярэднюю школу, потым – мінскі электратэхнікум сувязі. Працаваў у Казахстане, на мінскім заводзе “Інтэграл”, служыў у арміі… У Івацэвічы пераехаў з сям’ёй у 1992 годзе. Уладкаваўся на мясцовы прыборабудаўнічы завод, стаў супра-цоўнічаць з раённай газетай як пазаштатны карэспандэнт. У гэты ж час пачаў пісаць прозу, у часопісе “Маладосць” апублікавана першае сур’ёзнае апавяданне “Абсалютнае жаданне”.
Сёння Валерый Гапееў працуе адказным сакратаром раённай газеты “Івацэвіцкі веснік”. Яго творы друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Крыніца”, “Бярозка”, “Першацвет”. Зараз Валерый Гапееў прызнаны ў краіне дзіцячы пісьменнік. Сапраўдную папулярнасць прынеслі яму аповесці “Пастка на рыцара”, “Ведзьміна тоня”, “Урокі першага кахання”. Крытыкі ў адзін голас далучылі іх да ліку лепшых празаічных твораў апошніх гадоў. За кнігу “Пастка на рыцара” ў 2007 годзе пісьменнік стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка.
Чаму Валерый Гапееў піша для дзяцей і падлеткаў? На гэтае пытанне пісьменнік адказвае так: “Можа і таму, што не надта для іх хочуць і пісаць. Крыўдна бачыць праз чвэрць стагоддзя ў школьных падручніках тыя ж творы беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. І ў планах на пазашкольнае чытанне – усё тыя ж аўтары. Як быццам час спыніўся. Ці літаратура спынілася. Тая ж ідэалогія, тыя ж прынцыпы і тая ж вера… Яшчэ цвёрда перакананы, што няма дзіцячых праблем. Ёсць праблемы ў нашых дзяцей. І яны перажываюцца імі настолькі ж балюча, як і мы, дарослыя, перажываем свае. Гэта і хачу данесці да чытача – і юнага, і сталага”.
Мы шчыра віншуем Валерыя Мікалаевіча з 50-годдзем, жадаем яму новых творчых здабыткаў, крылатага шчасця, светлага настрою і, вядома ж, натхнення на доўгія гады…
Абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі,
абласная арганізацыя
Беларускага саюза журналістаў,
калектыў газеты
“Народная трыбуна”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля