Нас чакае адпачынак
Летам у вобласці плануецца аздаравіць 63500 дзяцей
Гэта толькі здаецца, што да сезона масавага адпачынку яшчэ далёка. Насамрэч лета з яго школьнымі канікуламі і актыўнай адпускной кампаніяй настане даволі хутка, а таму падрыхтоўка да аздараўлення пачалася. Створаны міжведамасны савет на чале з намеснікам старшыні аблвыканкама Леанідам Цупрыкам для каардынацыі дзеянняў розных службаў, якія арганізуюць і право-дзяць аздараўленне, адказваюць за яго бяспеку.
Дарэчы, аналагічную работу за 2010 год сваім сакавіцкім рашэннем №250 абласны выканаўчы камітэт прызнаў здавальняючай. Летась за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ў вобласці аздароўлены 7682 чалавекі, за кошт рэспубліканскага бюджэту – 3444 непрацуючыя пенсіянеры і інваліды. Пуцёўкамі скарысталіся таксама студэнты, служачыя і пенсіянеры сілавых структур, чарнобыльцы. А ў канікулярны перыяд летась у розных летніках і санаторыях адпачылі 85400 школьнікаў, у тым ліку летам – 65409, што амаль на паўтары тысячы перавысіла запланаваную лічбу.
– Традыцыйна актыўнай будзе летняя аздараўленчая кампанія і сёлета, – адзначае начальнік прадстаўніцтва “Брэсцкае абласное ўпраўленне па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва” Ніна Чопчыц. – Толькі дзяцей мы павінны аздаравіць 63500 чалавек. З улікам таго, што ў вобласці не хапае стацыянарных баз для выканання такіх планавых аб’ёмаў, будзем арэндаваць месцы ва ўстановах адукацыі, воінскіх часцях, санаторна-курортных, аздараўленчых, турыстычных і іншых арганізацыях. Будуць працаваць і профільныя дзевяцідзённыя летнікі. Вопыт такой работы ў нас ужо ёсць. Мяркую, што поўнасцю задаволім патрэбы ў дзіцячым аздараўленні…
Да 26 красавіка будуць створаны камісіі, якія правядуць прыёмку аздараўленчых лагераў. Летнікі ж павінны быць гатовы да 20 мая.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.