Беларусь

Наташа ў Баку


ПІШЫ ПА-ДОБРАМУ
Абласная арганізацыя ГА “БРСМ” падтрымала рэспубліканскі конкурс на лепшае апавяданне “Пяро дабрыні”. Юныя журналісты і літаратары могуць паспрабаваць свае сілы ў наступных тэмах: “Тут лёгка быць маладым”, “Я і мая краіна”, “Зрабі свой выбар”. Работы неабходна дасылаць у тэрытарыяльныя камітэты суполкі па месцапражыванні. Падвядзенне вынікаў першага этапа адбудзецца да 9 чэрвеня. Затым будуць абласны і рэспубліканскі туры. Пераможцы стануць вядомыя ў канцы ліпеня.

5 ХВІЛІН ВІДЭА
Міністэрства ўнутраных спраў сумесна з Міністэрствам адукацыі, Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь праводзіць конкурс  відэаролікаў  “Разам супраць бяды”. Мэта яго – папярэджанне падлеткавай злачыннасці і фарміраванне здаровага ладу жыцця. У конкурсе могуць прыняць удзел усе жадаючыя ад 12 да 18 гадоў. Да 20 чэрвеня неабходна даслаць пяціхвілінны сацыяльны ролік на адрас: 220701, г. Мінск, вул. Берсона, 1а, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі РБ, з адзнакай “Конкурс”.
НАТАША Ў БАКУ
Малады мадэльер з Брэста Наталля Ляхавец прыняла ўдзел у першым Бакінскім Міжнародным фестывалі моды сярод маладых жанчын-мадэльераў. У Азербайджане яна прэзентавала сваю калекцыю “Бяссонніца” і пакарыла модную публіку сцвярджэннем, што і маленькая чорная сукенка можа выглядаць неардынарна. Нагадаем, што Наталля Ляхавец з’яўляецца пераможцай абласнога конкурсу мадэльераў і дызайнераў адзення “Стыль”, фіналісткай рэспубліканскага спаборніцтва “Млын моды”, а таксама ўдзельніцай  міжнароднага фестывалю ў Берліне.
ЭЙНШТЭЙНЫ ДЫ НЬЮТОНЫ
На базе Купяціцкай сярэдняй школы Пінскага раёна адбылася VI раённая канферэнцыя навучэнцаў “Першыя крокі ў навуку”. У конкурсе ўдзельнічала 68 работ, 37 з іх былі адзначаны дыпломамі, а іх аўтары – падарункамі. У спаборніцтве “Я – даследчык” сярод вучняў пачатковых класаў 1-е месца заняла каманда Бярозавіцкай СШ, 2-е і 3-е – Бобрыкаўскай і Пучынскай сярэдніх школ.
БАІ ПАГРАНІЧНІКАЎ
Завяршыўся чэмпіянат органаў пагранічнай службы Беларусі па рукапашным баі, які праходзіў на базе Брэсцкай пагрангрупы. У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш чым 80 байцоў з 15 каманд. У камандным заліку перамаглі гаспадары турніру. Сярод падраздзяленняў роўных не было камандзе сталічнага Інстытута пагранічнай службы. У індывідуальных намінацыях пераможцамі сталі Дзмітрый Бяляўскі, Аляксандр Юдзін, Яўген Крывеныш, Аляксандр Гладкі, Павел Міхайлаў і Аляксандр Шылаў.
БАЙКЕРЫ АДКРЫЛІ СЕЗОН
На баранавіцкім стадыёне “Лакаматыў” сабраліся ўладальнікі двухколых жалезных коней для таго, каб адкрыць мотасезон. На мерапрыемства прыехалі таксама байкеры з Брэста, Слоніма і Салігорска. Іх павіншавалі супрацоўнікі аддзела ДАІ ГАУС. Вадзіцелі паўдзельнічалі ў віктарыне, прадэманстравалі сваё ўменне ўтаймаваць байк, а потым калонай праехаліся па райцэнтры.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля