Беларусь

Мастакі слова


Конкурс чытальнікаў “Чараўніцтва слоўных карункаў” прайшоў у Маскоўскім раёне Брэста
Аддзел адукацыі Маскоўскага раёна абласнога цэнтра традыцыйна праводзіць конкурс мастацкага чытання. На думку метадыста аддзела Святланы Смірновай, сярод школьнікаў нямала тых, хто любіць і тонка адчувае паэзію і прозу, умее прыгожа паказаць слова, душой і сэрцам аддацца чараўніцтву гэтых дзівосных карункаў.
Конкурс праходзіў у трох  узроставых групах, а вершы і прозу дзеці чыталі і на беларускай, і на рускай мовах. У актавай зале сярэдняй школы №29 два дні гучала мастацкае чытанне – эмацыянальнае, вобразнае, артыстычнае.
Журы ў кожнай узроставай групе прысудзіла першыя, другія і трэція месцы, а таксама назвала ўладальнікаў гран-пры. Сярод 5-6 класаў галоўны прыз атрымала Вера Кез з САШ №24. Сярод сямі- і васьмікласнікаў гран-пры заваяваў вучань 35-й школы Аляксей Соўпель, а сярод старшакласнікаў – Леанід Япішка з сярэдняй школы №24.
Цікавымі былі і выступленні ў парным чытанні. Першае месца заняла каманда ліцэя №1 імя А.С. Пушкіна, а лаўрэатамі сталі прадстаўнікі 30-й (2-е месца) і 29-й (3-е месца) сярэдніх школ.
Столькі таленавітых дзяцей выступіла на конкурсе, што журы палічыла неабходным узнагародзіць шэраг школьнікаў у спецыяльных намінацыях “За артыстызм”, “За любоў да беларускай класікі”, “За індывідуальную інтэрпрэтацыю літаратурных твораў”…
Сучасныя дзеці лёгка знаходзяць мову з камп’ютарнай тэхнікай. Але яны ж, як паказаў конкурс чытальнікаў, захапляюцца літаратурай, як некалі ў дзяцінстве захапляліся іх настаўнікі, бацькі. Так што сэрцы маладых і сёння адкрытыя прыгожаму мастацтву.
Маргарыта СЯРГЕЕВА,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля