25 мая вядомаму беларускаму пісьменніку Міколу Купрэеву споўнілася б 75 гадоў

25 мая вядомаму беларускаму пісьменніку Міколу Купрэеву споўнілася б 75 гадоў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сонечны школьны верасень 1964-га. Свята – надзвычайнае: настаўнічаць у Чудзін прыехала шэсць-сем маладых інтэлігентаў і інтэлігентак. Крыху старэйшы – завуч Мікалай Сымонавіч Купрэеў, годны паставаю, позіркам, з бялявымі кудзеркамі на скронях. Рыхтык – знакаміты рускі класік. Неўзабаве ў Пушкіна яго і “перахрысцілі”, балазе выкладаў ён тады рускую літаратуру. Мусіць, я спрычыніўся да гэтага, трохі з захапленнем, трохі з крыўдаю. Пачаўся ўрок з пушкінскага “В Сибирь”. Незнаёмы для нас тэкст настаўнік даў чытаць аднаму, другому, пасля першай страфы пасадзіў і мяне, забраў з рук хрэстаматыю і прачытаў сам. Гэта было не чытанне, а пражыванне верша, нібы чытальнік і ёсць яго аўтар. З таго ўрока Купрэеў стаў для нас “Пушкіным”.
Завуч кватараваў у гаспадыні Навотнай, хата месцілася на ўскрайку вёскі, непадалёку ад лазні і млына. За імі адразу – хмызняк і балотца, цяпер асушанае і забудаванае. Стаяў восеньскі надвячорак, калі мы з аднакласнікамі завіталі ў госці –
праведаць хворага настаўніка: ён ужо трэці дзень не прыйшоў да нас на ўрокі. Мікола Сымонавіч запрасіў на “чыстую” палавіну хаты, дзе жыў. Быў прыемна здзіўлены, што без нічыёй падказкі і без педагога мы надумаліся зайсці. Куды падзелася яго строгасць! Мяккі, добры, гаваркі, прычым размаўляў з намі не так, як на ўроках і калідоры, а па-беларуску. І ўсё ж размова не клеілася. У нас дрыжалі калені, а завуч раз-пораз кідаў позірк на стол, дзе ляжалі ўроскід кнігі па баках, пасярэдзіне – разгорнуты сшытак і на ім ручка. Ясна было, што заседжвацца нельга. Ды й некаторыя з нас стаялі, бо канапа, наспех вызваленая гаспадаром ад коўдры з падушкаю, і два зэдлікі ўсіх не ўмясцілі. На развітанне ён папрасіў: “Каско, ты часта ходзіш у бібліятэку, дык занясі і маё заўтра, ператрымаў”. Ён падаў кніжку са стала – том Івана Буніна – і дадаў: “Можаш на сябе перапісаць. Чытай, многа чытай!”
Гэта была адзіная сустрэча ў яго дома. Яна замацавалася ў памяці пазней, калі ў зборніку “Непазбежнасць” (1967 г.) прачытаў верш “Паланэз Агінскага”:
За сценамі дзесьці ў балотцах
мерзнуць пакінутыя журавіны.
Над хатай даўно ўжо, даўно ўжо
ў небе след адгарэў жураўліны…
Хворы ляжу на канапе…
Ці не ў той самы вечар пісалася гэта? У Мікалая Купрэева ж канкрэтыка мясціны, часу, стану душы адчуваецца і ў прозе, і ў паэзіі – ад геаграфічнай назвы ці імя чалавека да “квадратна-гнездавой бульбы” і “шклянкі Малянкова”. Ён калісьці і ў мяне паправіў абстрактны “родны край” на яскравыя, вобразныя назвы вёсак ды ўрочышчаў…
У студэнцтве сустрэў яго спачатку “завочна”. У кабінеце беларускай літаратуры Брэсцкага педінстытута з ініцыятывы Уладзіміра Калесніка вывесілі стэнд з гонарам за паэтаў-выпускнікоў: “Яны надрукаваліся”. Сярод іншых –
Мікола Купрэеў. Партрэт задуменнага інтэлігента ў шырокім капелюшы і старонкі з “Маладосці”, дзе вершы майго настаўніка. Адклаўся ў памяці, не, у душы, адзін – “Журавы не пралятаюць міма”. Во калі я светла пазайздросціў і доўга хадзіў акрылены: “О, каб сэрца ў мяне было жураўлінае ці, як у тых журавоў, чалавечае сэрца было!” Менавіта – “чалавечае”, а не “чалавечнае”, як потым было папраўлена (хутчэй за ўсё – выдавецтвам, а не рэдактарам на грамадскіх пачатках Анатолем Вярцінскім) у першым зборніку. Гэтае ўстаўленае “н” адназначна прыглушыла пачуццё, ідэю, паэтычнасць, урэшце – сутнасць купрэеўскага светаўспрымання. Вобраз жураўля –
скразны ў Міколы Купрэева, ён –
увасабленне ягонай любові, нязменна шчымлівай і балючай, да людзей з іх няведаннем, што часам твораць, да жыцця, якое плыве і плыве жураўліным клінам у небасхіл, да радзімы і вялізнага свету, дзе творца з ранімай душой бывае аднолькава самотным. У аповесці “Палеская элегія”: “…Я ледзь дыхаў – баяўся чым патрывожыць яго, і журавель таксама, напэўна. І ўсё-такі мы абодва дыхалі –
таму што абодва яшчэ жылі. Патрон пакуль яшчэ схаваны ў кішэні… Птушка зусім наблізілася да мяне. Не я, чалавек, быў першым у нашым набліжэнні. Даруй мне, птушка, ты слаба ведаеш наш свет – ты бачыш яго зверху, з неба”.
Як настаўнік даведаўся, што былы ягоны вучань паступіў у педінстытут, застаецца для мяне загадкаю: праз свайго сябра Міхася Рудкоўскага ці з публікацый у абласной газеце “Заря”?.. Ён знайшоў мяне сам, у студэнцкім інтэрнаце. Пачытаў мае вершапрактыкаванні, памяркоўна сказаў: пішы, маўляў, але не старайся быць зарана мудрым. На летніх вакацыях прыехаў у Чудзін, парыбаліў са мною на Лані, падпісаў сваю “Непазбежнасць” з зычаннем, каб кожны мой верш быў не горшы ад таго ладнага шчупачка, якога злавілі на вуду. Мала, дык яшчэ падабраў вершы і суправадзіў іх у “Чырвоную змену” Міколу Федзюковічу. Так я ў 1970 годзе дэбютаваў у рэспубліканскім друку, між іншым, з яшчэ адным ягоным вучнем Анатолем Шушко.
…Прыплюшчу вочы – і зноў перада мною Чудзін, сонечны верасень, Мікола Купрэеў. І далёкая тады, а зараз вельмі блізкая і вечная паэзія ягоная з журавамі, няхай сабе журлівымі:
…тыя, з кім развіталіся,
збіраюцца на маякі,
на дахі высокіх дамоў –
каб яшчэ раз угледзець мачту
адплываючага карабля.
А я на сваім Палессі,
раздзіраючы скуру далоняў,
лезу на крохкі вяршок сасны –
каб яшчэ раз угледзець
крыло адлятаючага жураўля.
Алесь КАСКО,
паэт,
г. Жабінка.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Бойцеся… грыбоў

Следующая запись

Спаборнічалі медыкі