Дзеля ўзорнага дзіцячага танцавальнага ансамбля “Крынічка” абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці іспанцы зрабілі выключэнне з правіл правядзення міжнароднага фестывалю

Дзеля ўзорнага дзіцячага танцавальнага ансамбля “Крынічка” абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці іспанцы зрабілі выключэнне з правіл правядзення міжнароднага фестывалю

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Думаеце, народныя танцы – гэта нямодна і непрыгожа? Лічыце, што яны паміраюць, а сучасная моладзь больш не танчыць лявоніху? Я аспрэчу вас: выхаванцы ўзорнага ансамбля народнага танца “Крынічка” не толькі з задавальненнем выконваюць гэтыя танцы, але і з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў.

З 1984 года “Крынічка” радуе гледачоў сваёй творчасцю. Некалькі пакаленняў юных танцораў выхаваў ансамбль. Змяняюцца артысты, але нязменным застаецца высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, асновы якога былі закладзены арганізатарамі і першымі кіраўнікамі калектыву – Валянцінай і Іванам Траццякамі, а цяпер прадаўжаюцца іх вучаніцай Ірынай Куцень. Сёння ў “Крынічцы” танцуюць артысты ад 6 да 21 года. У гэтым ансамблі, а лепш сказаць, у вялікай згуртаванай сям’і, вучаць рускім, украінскім, цыганскім танцам, асновам класічнага, эстраднага танца, але большасць нумароў – гэта народныя танцы нашай краіны.
Не хопіць часу пералічыць усе ўзнагароды калектыву і ўсе краіны, дзе бачылі творчасць “Крынічкі”. З апошніх –  1-е месца на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Юныя таленты Беларусі”, лаўрэацкія дыпломы  міжнародных фестываляў “Зоркі восені” і  “Вясеннія зоркі”. Сёлета калектыў правёў канцэртны тур па гарадах Італіі і прыняў удзел у дабрачынным вечары, прысвечаным памяці трагедыі на Чарнобыльскай АЭС на карысць італьянска-беларускага супрацоўніцтва.
Разам з народным ансамблем народных інструментаў “Скарбонка”, пад акампанемент якога і танцуе “Крынічка”, юныя танцоры нядаўна вярнуліся з двух фестываляў, якія прайшлі ў Іспаніі. У гарадах Ла Карыдад i Лес-Прэсас нашы артысты мелі вялікі поспех у гледачоў, нягледзечы на тое, што гэта быў самы малодшы ансамбль. Між іншым, дзеля “Крынічкі” іспанцы зрабілі выключэнне з фестывальных правіл. Справа ў тым, што на танцавальны фэст у Лес-Прэсас адзін ансамбль запрашаецца толькі раз, а краіна –  раз у пяць год. Атрымаўшы права прадстаўляць Беларусь летась, брастаўчане так спадабаліся публіцы і журы, што “Крынічку” зноў паклікалі на фэст, а таму беларускую лявоніху ў выкананні танцораў Ірыны Куцень жыхары Лес-Прэсаса ўбачылі ў другі раз.
У гэтым годзе ўдзел у фэсце прынялі калектывы з Парагвая, Інданезіі, Мексікі, Бразіліі, Зімбабве, Славеніі і Іспаніі. Сустрэча стала своеасаблівай танцавальнай школай, бо можна было паўдзельнічаць у майстар-класах: вучыліся іспанскім танцам у іспанцаў, бразільскім – у бразільцаў… Удзельніца “Крынічкі” Дар’я Дурэйка гаворыць: “Іспанія – краіна весялосці, добрага настрою. Там танцуюць практычна ўсе. Мы шмат чаму навучыліся, ды і самі давалі ўрокі беларускіх танцаў. І было не важна, адкуль ты прыехаў, якой ты нацыянальнасці –  танцы яднаюць. Калі выступаеш на сваёй зямлі, не заўсёды разумееш і часам не адчуваеш, што ты – частка цэлай нацыі, што гэтай культурай трэба ганарыцца. А вось на замежным фестывалі з’явілася пачуццё гонару. Мы зразумелі, што нашы танцы – штосьці важнае, а мы і ёсць Беларусь”.
Безумоўна, “Крынічка” стала ўвасабленнем беларускай культуры за мяжой і з поспехам справіцца з гэтай ганаровай місіяй яшчэ не раз.
Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фота з архіва ансамбля.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Што павінны зрабіць органы самакіравання для павышэння камфортнасці пражывання насельніцтва…

Следующая запись

Абвешчаны рэспубліканскі дзіцячы конкурс лістовак “На варце будучага пакалення”