Беларусь

  • Главная
  • Землякі
  • “НТ” звяртаецца да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

“НТ” звяртаецца да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь


Напярэдадні парламенцкіх выбараў мы вырашылі звярнуцца да дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і пацікавіцца, якімі былі для іх прайшоўшыя чатыры гады, ці задаволены вынікамі сваёй работы  і што, на іх погляд, патрэбна народнаму абранніку, каб спаўна апраўдаць давер выбаршчыкаў. Сённяшні наш суразмоўца – Ларыса Багдановіч, дэпутат
ад Брэсцкай Цэнтральнай выбарчай акругі №2

– Пасля таго, як восенню 2008 года Вы прыступілі да дэпутацкіх абавязкаў і ўвайшлі ў склад пастаяннай камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў, ці змянілася Ваша ранейшае ўяўленне аб дзейнасці дэпутата?
– Ведаеце, карэнных змен не адбылося, бо, па вялікім рахунку, я ведала, чым займаецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Асноўны яго абавязак – праца з законапраектамі, якая скіравана на комплекснае ўрэгуляванне прававых праблем, упарадкаванне заканадаўства, адмену ўстарэлых норм, ухіленне няўзгодненасці ў нарматыўна-прававых актах. А 20 год таму, знахо-дзячыся ля вытокаў стварэння абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі “Тонус”, затым кіруючы ім, давялося пачынаць з падвядзення нарматыўнай асновы пад дзейнасць установы новага тыпу. Таму праз якія часам бюракратычныя калідоры трэба прайсці, каб штосьці прасунуць далей і вырашыць праблему, ведаю не па чутках.
– Ларыса Мікалаеўна, праца над якімі законапраектамі радуе Вас сёння плёнам? А каб не быць галаслоўнымі – прывядзіце канкрэтныя прыклады, што сведчаць пра эфектыўнасць дэпутацкай дзейнасці.
– Не так даўно па маёй ініцыятыве камісія прапанавала ўнесці дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей” у частцы выплаты дапамогі асобе, што суправаджае дзіця ў час рэабілітацыі. Прапанова, якую, не пабаюся сказаць, я жорстка лабіравала, адобрана і ўключана ў План падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год. Хіба гэта не стане радасцю для многіх бацькоў дзяцей-інвалідаў, а значыць – і для мяне?
На працягу чатырох гадоў мне паступалі настойлівыя бацькоўскія просьбы аб унясенні змяненняў ва Указ аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе адносна забеспячэння падгузкамі. Прытым вельмі важна было, каб не ўлічваўся даход сям’і – тады ўсе, хто мае патрэбу ў такой дапамозе, змаглі б яе атрымаць. І вось сёлета з 1 красавіка дарослыя інваліды I групы і дзеці-інваліды з 4-й ступенню страты здароўя па заключэнні ўрачэбна-кансультатыўнай камісіі могуць атрымліваць матэрыяльную дапамогу на набыццё падгузкаў.
А што датычыць забеспячэння бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух гадоў жыцця, дык многія могуць узгадаць, якім забюракратызаваным і складаным быў гэты працэс. Таму большасць, маючы на гэта законнае права, адмаўлялася ад дапамогі – толькі б не хадзіць па кабінетах! Па ініцыятыве брэсцкіх дзіцячых паліклінік №№2 і 1 мы настойліва прасілі, патрабавалі, прапаноўвалі розныя варыянты, і, нарэшце, праз паўтара года ўдалося станоўча вырашыць набалелае пытанне. Цяпер яно – у руках сацыяльных службаў, якія выдзяляюць на гэта сродкі.
Ці яшчэ адзін прыклад. Ёсць такое захворванне – аўтызм. Як правіла, у дзяцей назіраюцца парушэнні псіха-эмацыянальнага характару, адсюль узнікаюць праблемы ў зносінах з людзьмі. Для такіх дзетак вельмі важная комплексная форма навучання – гэта значыць, дома і ў звычайнай школе. І яна раней існавала, але з цягам часу “згубілася” ў нарматыўных актах, што вельмі турбавала бацькоў і грамадскую арганізацыю “Асаблівае дзяцінства”. Ды толькі цяпер іх прапанова разглядаецца Міністэрствам адукацыі і, што радуе мяне, знаходзіць там падтрымку…
– Акрамя заканатворчасці, у Вас ёсць іншыя абавязкі…
– Так. І найперш вылучу работу ў выбарчай акрузе. Напрыклад, я правяла больш за 40 прыёмаў грамадзян. Магу запэўніць, што ніводны з 300 зваротаў не застаўся без увагі. 175 разоў сустракалася з працоўнымі калектывамі – вялікімі і маленькімі, шчыра і праўдзіва адказвала на зададзеныя мне пытанні, расказвала пра палітычнае, эканамічнае і міжнароднае жыццё краіны. Такія сустрэчы з выбаршчыкамі не толькі давалі шмат падстаў для роздуму – унутрана сілкавалі мяне і падтрымлівалі мой жыццёвы тонус. Да таго ж, людскія прапановы станавіліся своеасаблівым штуршком для падрыхтоўкі чарговых змяненняў у законапраекты.
– Я заўважыла, што ў Вашым лексіконе часта гучаць словы “змены”, “змяненні”. Як думаеце, ці трэба людзям карэнныя змены ў жыцці?
– Чалавек сам па сабе стэрэатыпны, таму любыя змены ўспрымаюцца ім хваравіта. Не забываецца адзін дробязны, здавалася б, выпадак. Калі будавалі гандлёвы цэнтр “Карона”, сустракалася з рабочымі радыётэхнічнага завода. І, ведаеце, што іх найбольш хвалявала? Ці захаваецца пасля ўводу ў эксплуатацыю звыклая для іх сцяжынка, якая дазваляла напрасткі ісці да прыпынку…
Як бачым, чалавечая стэрэатыпнасць – важная рэч, па магчымасці яе трэба захоўваць. Таму тая сцяжынка не здалася мне драбязой, ад якой трэба было адмежавацца і забыць. Прыемна заўважыць, што мой зварот знайшоў імгненную падтрымку ў кіраўніцтва “Кароны” – была выкладзена добрая дарожка… Увогуле ж, адносна любых змен магу сказаць адно: у кожным выпадку патрэбны ўдумлівы і ўзважаны падыход. Іншым часам да мэты лепей рухацца дробнымі крокамі.
– Паклаўшы, як кажуць, руку на сэрца, скажыце: Вы задаволены вынікамі сваёй чатырохгадовай дзейнасці ці не? І чаму?
– Задаволена. Я не адчуваю сябе нерэалізаванай… Самае галоўнае, што мае непасрэдныя адносіны да ранейшай, падкрэслю – любімай, работы ў “Тонусе” – удалося падняць дзіцячую рэабілітацыю на больш высокі ўзровень. А пік майго задавальнення – нядаўна распачатае будаўніцтва спальнага корпуса для пацыентаў “Тонуса” ў межах існуючай тэрыторыі, праект якога ў 2010-м падтрымаў кіраўнік вобласці Канстанцін Андрэевіч Сумар.
– Мне здалося, што Вы не развітваліся з любімым “Тонусам”.Абыграўшы назву цэнтра, падзяліцеся, што падтрымлівае Ваш жыццёвы тонус?
– Сам “Тонус” і, вядома ж, людзі – мае былыя калегі, дзясяткі новых знаёмых, выбаршчыкаў. Дзякуючы іх парадам, падказкам, назіранням, я ведаю, як мне працаваць, каб максімальна быць карыснай грамадству.
– І апошняе пытанне. Мяркуючы па сабе і сваіх калегах, якія рысы характару неабходныя дэпутату для паспяховай работы?
– Спачатку я вылучыла б уменне размаўляць з людзьмі – слухаць і аналізаваць. Яшчэ – кампетэнтнасць і вялікую працавітасць, настойлівасць  і суперадказнасць, дысцыплінаванасць ды мудрасць – жыццёвую і грамадзянскую. З гэтымі якасцямі, лічу, дэпутат і сябе рэалізуе, і сваіх выбаршчыкаў не падвядзе…
Гутарыла
Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля