Беларусь

З канторы – на ферму


Бухгалтар Алена Коркаш тры гады таму часова ўзначаліла жывёлагадоўчую ферму, ды так і засталася тут
Малочнатаварнай ферме «Комплекс-Боркі» ААТ «Астромічы» Кобрынскага раёна, якая сёння дае асноўную масу малака ў гэтай гаспадарцы, ужо амаль чвэрць стагоддзя. Астроміцкія акцыянеры атрымалі яе пасля далучэння адстаючага калгаса імя Леніна. Нармальных умоў для работы тут не было, і заробкамі жывёлаводы тады пахваліцца не маглі. Таму на пасаду загадчыцы  жадаючых не знаходзілася. Прапанавалі  бухгалтару расфарміраванага калгаса Алене Коркаш. Часова. Хаця б на паўгода, пакуль не знойдуць неабходнага спецыяліста. Шукаць не прыйшлося. Алена Мікалаеўна ўжо тры гады паспяхова кіруе фермай. З чаго давялося пачынаць?
– З НЭПа, – усміхаецца Алена Коркаш. – Не разумееце?  З навядзення элементарнага парадку. А яшчэ – з кантролю за захаваннем тэхналагічнага працэсу. Многаму давялося вучыцца ў ходзе работы,  дапамагала і падтрымлівала кіраўніцтва акцыянернага таварыства,  асабліва намеснік дырэктара Валянцін Пазняк. На ферме замянілі абсталяванне, зманціравалі два новыя малакаправоды, абсталявалі кармавыя сталы, набылі новыя перасоўныя даільныя ўстаноўкі. Каровак у зімовы перыяд цяпер кормім толькі кармавымі сумесямі: сілас, сянаж, жом, плюшчанае зерне і канцэнтраты. Паклапаціліся і пра даярак. Устанавілі для іх воданагравальнікі ў душавым пакоі, пральную машынку-аўтамат… А пайшло малако – узраслі і заробкі.
Цяпер у ААТ «Астромічы» будуюць новую сучасную малочнатаварную ферму, якая будзе абсталявана па апошнім слове тэхнікі. Аднак і «Комплекс-Боркі» з разлікаў не скідваюць. Нядаўна закуплены новы сепаратар для фермы, хутка яго ўстановяць. Тады, спадзяецца Алена Коркаш, усё малако будзе паступаць на перапрацоўку толькі класам «экстра».
Юрый МАКАРЧУК, «НТ»,
Кобрынскі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля