Аўтамабіль, пешаход і партнёрства на дарозе
Так ці інакш, але ўсе мы з’яўляемся ўдзельнікамі дарожнага руху: хтосьці – у статусе вадзіцеля транспартнага сродку, хтосьці – як пешаход ці пасажыр. Дарога ж, як вядома, адносіцца да зоны небяспекі і павышанай рызыкі. Ці часта ў дарожна-транспартных здарэннях церпяць пешаходы? Калі ў Брэсце з’явяцца падземныя пераходы? Каму трэба паспяшацца з абменам вадзіцельскіх пасведчанняў на дакумент новага ўзору? Куды ідуць штрафы за парушэнні? Пры якіх умовах удзельнікі ДТЗ могуць разысціся з мірам, не выклікаючы на месца здарэння Дзяржаўтаінспекцыю? На шматлікія пытанні чытачоў “НТ” паўтары гадзіны на тэлефоннай “прамой лініі” ў нашай рэдакцыі адказваў начальнік упраўлення ДАІ ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Андрэй МЕХЕД.
Дзмітрый ВАЙТОВІЧ, г. Брэст:
– Паступіў вучыцца ў аўташколу. Экзамен у ДАІ прыпадае на лета, а ў мяне якраз экзаменацыйная сесія ва ўніверсітэце. Ці абавязаны я здаваць экзамен у Дзяржаўтаінспекцыі разам з групай альбо магу гэта зрабіць асобна ў іншы дзень?
– Зможаце. Пасля таго, як Вы здалі ўнутраны экзамен у аўташколе і маеце на руках усе дакументы, іспыты ў ДАІ можна прайсці ў любы іншы дзень у індывідуальным парадку. Тым больш, што прычына ўважлівая.
– І яшчэ адно пытанне дазвольце. Вяліся размовы аб увядзенні вадзіцельскага пасведчання на кіраванне скутарам. Як гэтае пытанне вырашылася?
– Калі Вы кіруеце мапедам ці скутарам, павінны мець вадзіцельскае пасведчанне. Такія змяненні ўнесены ў Закон аб дарожным руху. Гэтае правіла пачало дзейнічаць сёлета з 1 лютага. Калі грамадзянін мае вадзіцельскае пасведчанне на любую катэгорыю, дык яму аўтаматычна адкрыюць права на кіраванне скутарам, мапедам (катэгорыя А з літарай “М”). Калі пасведчання няма, трэба будзе здаць тэарэтычны экзамен у ДАІ. І дакумент – Ваш.
Леанід Барысавіч ЦЫВЕЛЬКА, г. Брэст:
– У нашым двары (яго ўтвараюць дамы па вул. Інтэрнацыянальнай, 63, 61 і Набярэжнай, 8/1) – крытычная сітуацыя з паркаваннем аўтамабіляў. Вадзіцелі не звяртаюць увагі ні на газоны, ні на пешаходныя дарожкі, нават на дзіцячай пляцоўцы пакідаюць аўто. Мы садзілі кусты, ЖЭС азеляненне праводзіў, але калёсы знішчылі насаджэнні. Дапамажыце навесці парадак!
– Колькасць транспарту ў Брэсце за апошнія гады значна вырасла, а інфраструктура ў старой частцы горада не змянілася, вось і ўзнікаюць праблемы з паркаваннем. Супрацоўнікі батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ выязджаюць на вуліцу Інтэрнацыянальную (на іншыя таксама) і прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, якія прыпаркаваны з парушэннямі Правілаў дарожнага руху (ПДР). У абласным цэнтры з пачатку года дзяржаўтаінспектары прымянілі адміністрацыйныя пакаранні за парушэнні правілаў спынення і паркавання 2406 чалавек. Калі Вы бачыце парушэнне, тэлефануйце ў нашу дзяжурную часць па нумары 41-44-44 – вышлем нарад. Хачу праінфармаваць, што супрацоўнікі ДАІ штодня нясуць службу ў жылых мікрараёнах. Новабудоўлі зараз узводзяцца з абавязковымі стаянкамі з разліку адно машынамесца на адну кватэру.
Спецыяльна для вадзіцеляў, якія свае транспартныя сродкі прыпаркоўваюць дзе прыйдзецца і як атрымаецца, наступная інфармацыя: 12 студзеня гэтага года ўступілі ў сілу змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях. Цяпер грамадзянін, які на працягу года паўторна парушыць правілы стаянкі пасля накладання адміністрацыйнага пакарання (папярэджанне і штраф у памеры адной базавай велічыні), за такое ж парушэнне будзе аштрафаваны ўжо на дзве базавыя – зараз гэта 70 тысяч рублёў.
Алег СІДАРЧУК, г. Пінск:
– Куды ідуць штрафы, якія плацяць парушальнікі?
Цімафей Якаўлевіч, Лунінецкі раён:
– Ці праўда, што ДАІ мае план па штрафах?
– Ніякага плана па штрафах няма. Мы нават для вышэйстаячых органаў МУС такой статыстыкі не вядзём. А “штрафныя” грошы ідуць у мясцовыя органы ўлады. Калі Вам, Алег, даводзілася плаціць штраф у Пінску, дык ён пайшоў на гарадскі рахунак, у бюджэт горада. ДАІ знаходзіцца на забеспячэнні рэспубліканскага бюджэту, а мясцовыя органы могуць сабраныя штрафы выкарыстаць на выкананне мерапрыемстваў рэгіянальных мэтавых праграм па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху. Напрыклад, усталяваць дадатковы пешаходны пераход, святлафорны аб’ект і інш.
Кацярына РЭМІЗАВА, г. Івацэвічы:
– Самы небяспечны вадзіцель – п’яны. Пакаранне тых, хто нецвярозым сеў за руль, стала больш жорсткім. А ці паменшала такіх гора-вадзіцеляў на дарогах?
– Летась у вобласці было зафіксавана больш за 200 тысяч розных парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення – 9200 выпадкаў. І ўсё ж за апошнія тры гады такіх гора-вадзіцеляў на дарогах вобласці і ДТЗ з іх удзелам стала менш (за мінулы год – зніжэнне больш чым на 16 працэнтаў). Думаю, на сітуацыю паўплывалі і актыўная прафілактычная работа, і больш жорсткія пакаранні. Калі п’янага за рулём затрымалі першы раз, дык яму пагражаюць штраф ад 15 да 35 базавых велічынь і пазбаўленне правоў на тры гады. Папаўся паўторна на працягу года – крымінальная адказнасць (папраўчыя работы, арышт да 6 месяцаў). Калі пасля прымянення такіх санкцый на працягу года выпівоха ўсё ж сядзе за руль, дык яго чакаюць штраф да 1000 базавых і пазбаўленне волі да двух год. На жаль, ёсць такія “экземпляры”, што не спыняюцца і, “павітаўшыся” са спіртным, сядаюць за руль зноў і зноў. Магчыма, для гэтых злосных парушальнікаў заканадаўцы знойдуць яшчэ больш строгія меры пакарання.
Аксана, г. Брэст; Вадзім ШАЎЧУК, Бярозаўскі раён; Яўген Аляксандравіч, г. Брэст; Павел БАГДАНЕЦ, Пінскі раён:
– У які тэрмін неабходна замяніць вадзіцельскае пасведчанне на новае? Колькі часу спатрэбіцца на атрыманне дакумента?
– Замену вадзіцельскіх пасведчанняў Дзяржаўтаінспекцыя пачала з 1 лютага. Дакумент новага ўзору – гэта пластыкавая картка з усёй неабходнай інфармацыяй. Зараз узнік нездаровы ажыятаж, у нас – чэргі на абмен. Стараемся за дзень, максімум – на наступны выдаць новы дакумент. Але, шаноўныя вадзіцелі, няма неабходнасці тэрмінова ісці ў ДАІ за новымі дакументамі. Найперш трэба патурбавацца тым, хто збіраецца ехаць за мяжу, а з дакументамі старога ўзору ў Расію, ва Украіну, па Беларусі шлях адкрыты, пакуль не закончыцца тэрмін дзеяння дакумента. Таму, калі Вы не збіраецеся за мяжу, а ў Вашым пасведчанні напісана “прыдатнае да 2015 года”, напрыклад, дык можаце спакойна да 2015-га і ездзіць. Пазней атрымаеце новае вадзіцельскае пасведчанне без штурханіны ў чэргах і нервовых хваляванняў. Працэдура замены вадзіцельскіх дакументаў не мае абмежаванняў у часе. Яна платная: 0,5 базавай велічыні плюс 4200 рублёў за паслугі – такім чынам, сёння давядзецца заплаціць 21700 рублёў.
Аляксандр, г. Брэст:
– Быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў. Днямі пераздаю экзамен у ДАІ. Я атрымаю пасведчанне новага ўзору ці старое вернуць (у яго тэрмін дзеяння да 2014 года)?
– Па Вашым жаданні. Можна атрымаць і старое пасведчанне, а замяніць яго ў 2014 годзе. Калі ж плануеце замежную паездку, лепш адразу аформіць дакумент новага ўзору.
Марыя Іванаўна, г. Іванава:
– Ці мае права стажор спыняць аўтамабіль для праверкі дакументаў, ды яшчэ і робячы гэта няправільна?
– Вы, напэўна, маеце на ўвазе супрацоўніка міліцыі, які не дапушчаны да самастойнага нясення службы? З ім дзяжурыць настаўнік – вопытны супрацоўнік. Але, як Вы сказалі, стажор – таксама супрацоўнік міліцыі, ён мае права спыніць аўтамабіль, праверыць дакументы. Калі ж Вы палічыце, што спынілі Вас незаконна, дык дзеянні аўтаінспектара можаце абскардзіць ва ўстаноўленым законам парадку.
Людміла Рыгораўна, г. Брэст:
– Насупраць 23-й школы па вуліцы Арлоўскай – нерэгулюемы пешаходны пераход. Рух там актыўны. Непакоіць бяспека дзяцей. Ці можна зрабіць кнопачны святлафор або хоць бы “ляжачага паліцэйскага”? Бацькі хвалююцца за дзяцей…
– Усталяваць у дадзеным месцы штучную няроўнасць у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў можна. Дадзенае пытанне будзе разгледжана на чарговым пасяджэнні гарадской камісіі па бяспецы дарожнага руху. Думаю, атрымаем станоўчае рашэнне.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.