Чорна-белыя вандроўкі
У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” праходзіць выстава вядомага мастака-графіка Барыса Бокшы
“Жыццё – гэта паласа чорнага і белага, як ні круці, але часам у ёй бываюць яркія моманты”. У памылковасці гэтага дакучлівага рэкламнага слогана можна пераканацца, наведаўшы выставу, якая працуе ў “Пружанскім палацыку”. Гэтым разам больш за 30 сваіх новых работ выставіў наш зямляк, цяпер ужо вядомы мінскі графік Барыс Бокша, які даказаў, што чорна-белыя палотны лепш не размалёўваць. Яны самадастатковыя, як старое савецкае кіно, як студыйныя бабуліны фатаграфіі.
Барыс Цімафеевіч Бокша нарадзіўся 50 гадоў таму ў г.п. Шарашова, у 12 год ён з бацькамі пераехаў у Пружаны, дзе скончыў СШ №2. Потым былі вучоба ў Гродзенскім медінстытуце і накіраванне ў Гомель. З 1993 года Барыс Цімафеевіч жыве ў Мінску, узначальвае фірму “Беломнімед”, якая з’яўляецца буйным пастаўшчыком на беларускі рынак стаматалагічных матэрыялаў і абсталявання.
Да малявання яго цягнула са школы. Барыс у сваіх невялічкіх малюнках занатоўваў тое, што было побач, што яму бачылася непаўторна прыгожым, – наваколле горада, сядзіба дзеда, вёска… У медінстытуце лепш за ўсіх маляваў анатамічныя выявы. На сённяшні дзень графічны стаж мастака складае ўжо больш за 20 гадоў. Аднак спецыяльнай мастацкай адукацыі так і не атрымаў. Тым не менш, у 2006 годзе адбылася ягоная першая персанальная выстава ў Палацы мастацтваў г. Мінска, у 2008-м – першая выстава на малой радзіме, у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.
Штогод Барыс Бокша выдае фірменны каляндар са сваімі апошнімі работамі. Гэты мастак не чакае, калі яго наведае муза, ён яе проста не праганяе. Імя яго музы – працавітасць. Летась з работамі Бокшы пазнаёміліся ў Еўропе – у Будапешце, Браціславе і Берліне.
Ва ўсіх работах мастака прасочваецца цікавасць да беларус-кага пейзажу. У ім знаходзіцца месца і старой панскай сядзібе, і свірану ў полі. Сябры асцярожна параўноўваюць яго з Напалеонам Ордай, кажучы, што Барыс Цімафеевіч, як і славуты мастак, занатоўвае на сваіх карцінах імгненні, якія некалі будуць успрымацца як сведчанне адышоўшай даўніны. Гэта і цнатлівы вясковы ландшафт, не сапсаваны сучаснай аграўрбанізацыяй, і занядбаны маёнтак, і старая драўляная царква. Асобнае месца займаюць малюнкі з выявамі берасцейскіх славутасцей – Косаўскі палац, царква ў Варажбітах і, зразумела, “Пружанскі палацык”, бо мала каго пакідае без уражанняў яго будынак.
Хочацца адзначыць адмысловы падыход Бокшы да выбару ракурсу, які вызначае кампазіцыйны стыль. Мастак пазбягае франтальных малюнкаў, канцэнтруючы ўвагу на бакавых нюансах. Адважна іграе плоскасцямі, разгортваючы перспектыву. Акуратна, нібы валасінка да валасінкі, укладваючы рысачкі, наносіць святлацень. Усё прапускаецца мастаком праз нейкі невядомы “фільтр” і выдаецца на паперы з яскравымі падрабязнасцямі аб’екта, не бачнымі непадрыхтаванаму воку. Ён павольна і карпатліва піша ўбачаную прыгажосць, выкарыстоўваючы толькі найтанчэйшае пяро і чорную туш. І менавіта манахром надае работам Барыса Бокшы яшчэ большую непазнаную пазаграфічную паэтычнасць. Яго карціны падобныя на найтанчэйшыя карункі, схаваныя за шклом.
Выстава будзе працаваць да канца сакавіка. Раю ўсім знайсці час, каб пазнаёміцца з творамі нашага таленавітага земляка.
Алена ЗЯЛЕВІЧ,
супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.