Дарагі мой чалавек

Дарагі мой чалавек

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Фота: forsfortuna.com
Нярэдка бывае, што спадарожнік у цягніку раскажа табе, чужому, тое, што і блізкаму незаўжды даверыў бы. Так здарылася і са мной. Пад стук колаў я слухала споведзь немаладога мужчыны:
– Я вяртаўся ў родную Беларусь пасля трыццацігадовай ваеннай службы ў Расіі. Вось і пасажырская платформа, шукаю вачыма родных – іх няма. Адказ просты – банальная нестыкоўка ў часе, маскоўскім і беларускім. Давялося аднаму добра напружыцца: тут мой прычал, рэчаў набралася шмат. Другая нечаканасць была дома – мама ў цяжкім стане знаходзіцца ў бальніцы. Спяшаюся да яе, сэрца баліць ад пачутага.
Мама сустрэла мяне ласкавым, любячым поглядам. Чакала, вельмі чакала! Пяшчотна абняў яе худзенькія плечы, расчуліўся да слёз. А мама гладзіла мяне па галаве, як малога.
Па вяртанні з бальніцы не раз лавіў сябе на думцы аб маме. Куды ні іду – перад вачыма матулька…
Яе дзяцінства прайшло ў звычайнай вясковай сям’і, у раёне беларуска-ўкраінскай мяжы. Замуж выдалі за простага хлопца са шматдзетнай сям’і, згоды не пыталі. Вясельную сукенку пашылі са звычайнай мешкавіны, крыху адбеленай. Маладыя вырашылі будаваць свой дом. У пасляваенныя гады з грашыма было туга. Я быў другім сынам у бацькоў, затым нарадзілася сястра. У бацькі рукі да гаспадаркі не ляжалі, усе клопаты аб доме ляглі на плечы мамы. А пазней – і на нашы дзіцячыя: сціртавалі салому, клалі ў стагі сена, нарыхтоўвалі дровы на зіму, збіралі ягады і грыбы. А бацька замест работы заглядаў часцяком у бутэльку.
Мы раслі беражлівымі, ведалі цану грашам. Памятаю, хлебам тады ніхто не раскідваўся. Застаўся ў памяці наіўны і кранальны выпадак. Перад маім адыходам у армію ажаніўся старшы брат. Грошы на вяселле пазычылі. Гэты доўг не даваў мне спакою і ў арміі. І тады я прапанаваў маці сваю салдацкую грашовую дапамогу. Яна падзякавала мне за гэтае імкненне, але загадала: ніякіх грошай!
Матулька была незвычайна мудрай, яе навука надта прыдалася мне ў жыцці, сярод чужых людзей. Яна зрабіла ўсё, каб мы атрымалі належную адукацыю. Я закончыў ваеннае вучылішча і дарос па службе да палкоўніка, брат стаў машыністам электрацягніка, сястра – эканамістам. Нашы дзеці засвоілі бабуліну “школу” – маюць вышэйшую адукацыю.
…Каля мамы ў бальніцы я быў па два разы на дзень. Чуў, як радасна яна казала суседкам па палаце: “То мой сынок Пеця вярнуўся дамоў, у Беларусь”.
Роўна праз месяц мамы не стала. Я ў апошні раз цалаваў дарагія маміны рукі. Плакаў і дзякаваў лёсу, што менавіта яна была маёй маці.
Аляксандра ЛЯТЫЦКАЯ,
г. Брэст.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Выпрабаванне для суседзяў

Следующая запись

Чорна-белыя вандроўкі