Выпрабаванне для суседзяў
Фота: dixi.kz
Каму горш – злосным неплацельшчыкам за камунальныя паслугі, у якіх адключаюць ваду, ці астатнім жыхарам пад’езда?
На мінулым тыдні прайшла калегія абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пра што мы даведаліся з тэленавін аднаго з брэсцкіх каналаў. На ёй з паказам адпаведнага сюжэта ўзнімалася вельмі надзённая тэма: калі кватэранаймальнік не плаціць за камунальныя паслугі – у яго кватэры адключаюць газ, ваду, святло. Правільна? На першы погляд, так. А калі паглядзець на зваротны бок гэтага “медаля”, дык што атрымліваецца?
Знаёмцы жывуць у брэсцкай дзевяціпавярхоўцы. Тут на самых верхніх паверхах ад даброт цывілізацыі пазбаўлена некалькі злосных неплацельшчыкаў. Што гэта за сем’і – няцяжка здагадацца: аматары заглянуць у бутэльку ці псіхічна хворыя. І што ж, думаеце, яны тут жа пабеглі разлічвацца з даўгамі? Куды там! Працягваюць існаваць далей, як існавалі дагэтуль. Жывуць у антысанітарыі, якая з кожным днём становіцца ўсё больш невыноснай і ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне для суседзяў – ні ў чым невінаватых перад ЖКГ. Але яны чамусьці павінны глядзець на бруд і дыхаць не проста паветрам, а задыхацца спецыфічным смуродам! Бо туалетам становяцца лесвічныя пляцоўкі, смеццеправоды, ліфты, падваротні…
Вось і міжволі задумаешся: каму горш ад такога пакарання як адключэнне вады – неплацельшчыкам ці астатнім жыхарам, якія акуратна плацяць за камунальныя паслугі, хочуць мець прыстойныя ўмовы пражывання і не чырванець ад сораму перад сваімі гасцямі за нязручнасці ў выглядзе непрыемных, мякка кажучы, водараў. Магчыма, не варта гадамі цацкацца з даўжнікамі, а высяляць іх туды, дзе яны нікому не будуць перашкаджаць альбо да падобных сабе. Упэўнена: іншага не дадзена, калі не хочам патураць неплацельшчыкам. Таму, думаецца, нашай жыллёва-камунальнай гаспадарцы трэба ініцыяваць адпаведныя змяненні ці дапаўненні да дзеючага заканадаўства, каб у рэшце рэшт навесці парадак з платай за камунальныя паслугі і скончыць з антысанітарыяй.
Таццяна ШУЛЬГА,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.