Водна-балотны юбілей
Фота: www.promwadtour.com
У рэспубліканскім заказніку “Спораўскі” адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды 40-годдзя Рамсарскай канвенцыі
Па іроніі лёсу Дзень водна-балотных угоддзяў сусветная грамадскасць адзначае на пачатку апошняга зімовага месяца – у перыяд, калі аб’екты-юбіляры спакойна дрэмлюць пад бялюткім снежным покрывам. Менавіта 2 лютага 40 гадоў таму ў іранскім мястэчку Рамсар была прынята канвенцыя – яна асноўнай мэтай паставіла захаванне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных балот, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражывання вадаплаўных птушак. Перш чым увайсці ў новае тысячагоддзе, Беларусь паспела далучыцца да Рамсарскай канвенцыі – адбылося гэта ў верасні 1999-га. А двума месяцамі пазней рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі”, што знаходзіцца на тэрыторыі Брэстчыны, дэбютаваў у Рамсарскім спісе. З нагоды святкавання 40-годдзя канвенцыі менавіта тут адбылася прэс-канферэнцыя для журналістаў нацыянальных СМІ.
З прывітальнага слова Анатоля Ліса, намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, стала вядома, што Рамсарскую канвенцыю падтрымалі 160 дзяржаў, на тэрыторыі якіх знаходзіцца больш за 1900 водна-балотных угоддзяў свету. У Беларусі, акрамя заказніка “Спораўскі”, у міжнародным спісе фігуруюць такія тэрыторыі, як “Сярэдняя Прыпяць”, “Прастыр”, “Званец”, “Альманскія балоты”, “Ельня”, “Асвейскі”, “Котра” і Бярэзінскі біясферны запаведнік.
У галіне аховы водна-балотных угоддзяў распрацаваны і зацверджаны Нацыянальная стратэгія і план дзеянняў па рэалізацыі Рамсарскай канвенцыі да 2014 года. Паводле гэтых дакументаў у Беларусі ўдалося ажыццявіць шэраг цікавых і важных праектаў, накіраваных на захаванне біяразнастайнасці і ўнікальных поймавых сенажацей, папярэджанне тарфяных пажараў і забалочвання месцараджэнняў торфу. Як паведаміў Аляксандр Леўчанка, нацыянальны каардынатар Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ) у Рэспубліцы Беларусь, за мінулы год было прафінансавана каля 70 такіх праектаў.
Пра адну з рэалізаваных задум ахвотна расказаў вядучы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Казулін. Ён пазнаёміў з даволі перспектыўным праектам па аднаўленні парушаных балот метадам абваднення. Гэта, лічыць Аляксандр Васільевіч, не толькі эфектыўны спосаб барацьбы з пажарамі, але і небезвыніковая спроба вярнуць балоты да жыцця.
Шмат сродкаў ды цярпення было ўкладзена і ў праект ПРААН/ГЭФ “Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы водна-балотных угоддзяў на Беларускім Палессі”, які стартаваў у 2006 годзе і ахапіў чатыры рамсарскія тэрыторыі – “Сярэдняя Прыпяць”, “Спораўскі”, “Званец” і “Прастыр”. Летась праект завяршыўся, можна падводзіць вынікі.
Пры садзейнічанні буйнога праекта дзяржаўны ландшафтны заказнік “Прастыр” стаў часткай першага на постсавецкай прасторы трансгранічнага рамсарскага ўгоддзя “Стаход – Прыпяць – Прастыр” (Украіна – Беларусь). Другая трансгранічная тэрыторыя – “Котра – Чапкеляй” – створана летась і ўключыла ў сябе частку тэрыторыі Літвы. У выніку цеснага міжнароднага супрацоўніцтва плануецца далучыць да існуючых угоддзяў яшчэ два падобныя.
Што да гасцінных гаспадароў, яны на чале з кіраўніком заказніка “Спораўскі” Вадзімам Пратасевічам падрыхтавалі для прысутных кароткі экскурс у гісторыю аб’екта і, наколькі гэта дазвалялі ўмовы надвор’я, наладзілі экскурсію па тэрыторыі, на якой знаходзіцца адно з найменш трансфармаваных поймавых нізінных балот у Еўропе. Эксклюзіўнасці заказніку дадае яшчэ і той факт, што тут самая высокая ў свеце шчыльнасць гняздоўяў вяртлявай чарацянкі – адной з прадстаўніц віду птушак, якому пагражае знікненне. Ды й знікаючы від раслін з прыгожай назвай венерын чаравічак, занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу, таксама можна сустрэць на тэрыторыі заказніка.
На недахоп наведвальнікаў супрацоўнікі біялагічнага заказніка “Спораўскі” пакуль не скардзяцца: летась тут пабывала звыш тысячы гасцей. І хоць магчымасці для экатурызму выдатныя (наладжаны пракат палатак, лодак, веласіпедаў і іншага інвентару), сярод пераваг мясцовасці па-ранейшаму лідзіруе непаўторнае хараство прыроды. Шматлікіх замежных турыстаў вабіць натуральная прыгажосць палескага куточка. Яны з заміраннем сэрца любуюцца бяскрайняй багнай, захапляюцца птушынымі спевамі, ловяць вухам ледзь чутны шолах раслін.
– У гэтай натуральнай прыроднай пышнасці кожны знаходзіць нешта блізкае толькі яму аднаму, – дзеліцца ўражаннямі Вадзім Пратасевіч. – Галандцы прыязджалі паглядзець менавіта на венерын чаравічак. Французам экскурсавод неяк даў праслухаць запіс спеваў вяртлявай чарацянкі, ды па заканчэнні плёнкі спевы не абарваліся: гэта рэальная птушка падхапіла мелодыю. Турысты доўга прыходзілі ў сябе пасля такога эмацыянальнага ўзрушэння. Яшчэ замежныя госці вельмі любяць гутарыць з мясцовымі жыхарамі. Літаральна ўсё выклікае цікавасць: і ўклад жыцця, і гісторыя, і норавы. Аднойчы экскурсія амаль на 3 гадзіны была выбіта з рытму, бо вяскоўцы гналі на пашу кароў – гэтае відовішча моцна зацікавіла экскурсантаў-замежнікаў.
Праблемы не абмінаюць і гэты райскі куточак, але тут даўно знайшлі канструктыўныя спосабы іх вырашэння. Каб не прыходзілася выпальваць сухую расліннасць вясной, у заказніку арганізоўваюць чэмпіянаты па ручным сенакашэнні. Пераможцы спаборніцтваў змаглі паспрабаваць свае сілы і на традыцыйным міжнародным турніры Ў Польшчы: у 2008-м спораўскія касцы прывезлі адтуль дыпломы І ступені.
Ніна Леанавец, “НТ”,
Бярозаўскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.